Мiхаiл Уладзiмiравiч Барысаў нарадзіўся ў в. Нараўчызна ў 1923 годзе ў сям’і сельскага фельчара. У хуткім часе бацькі разышліся, і маці разам з трыма дзецьмі перабралася ў Мазыр.
Матэрыяльнае становішча сям’і было цяжкім, і таму Міхаіл, калі вучыўся ў 9 класе, прыйшоў у гаркам камсамола і стаў прасіць, каб яго накіравалі вучнем на завод. Вайсковец, які быў у гаркаме, спытаў у юнака, ці жадае ён быць лётчыкам. Міхаіл па ўсіх параметрах: і па ўзроўні адукацыі, і па стане здароўя адпавядаў гэтай прафесіі. Аднак была адна неадпаведнасць, звязаная з узростам. І таму, каб стаць старэйшым на некалькі месяцаў, ён усю ноч правіў метрыку, выпраўляў месяц нараджэння са жніўня на красавік. І з таго часу ва ўсіх афіцыйных дакументах дата нараджэння М. У. Барысава пазначана як 16 красавіка 1923 года.
У сакавіку 1941 года ён скончыў вучобу ў аэраклубе, а праз 2 месяцы – у маі 1941 года – быў прызваны Мазырскім ГВК у Чырвоную армію.
М. У. Барысаў у 1943 годзе скончыў Ваенна-марское авіяцыйнае вучылішча імя С. А. Леванеўскага. Са жніўня 1943 года малодшы лейтэнант Барысаў служыў лётчыкам у 1-й Авіяэскадрыллі 2-га Авіяцыйнага палка перагонкі самалётаў ВПС ВМФ. З верасня 1943 года да лета 1944-га ўдзельнічаў у перагонцы амерыканскіх самалётаў «Бостан», якія атрымаў СССР па лэнд-лізе, у дзеючыя часці. За ўзорнае выкананне заданняў па перагонцы самалётаў М. Барысаў атрымаў сваю першую ўзнагароду – медаль «За баявыя заслугі».
28 ліпеня 1944 года Міхаіл Уладзіміравіч быў накіраваны на фронт, на Балтыку, у 51-ы мінна-тарпедны авіяцыйны полк.
Ва ўзнагародным лісце на атрыманне звання Героя Савецкага Саюза лейтэнанта Міхаіла Уладзіміравіча Барысава адзначалася, што з 28 ліпеня 1944 года ён правёў 21 баявы вылет па знішчэнні караблёў і транспарту праціўніка ў Балтыйскім моры, Рыжскім заліве і на ваенна-марской базе «Лібава». Падкрэслівалася, што лейтэнат Барысаў, як намеснік камандзіра авіяэскадрыллі, шмат увагі надаваў выхаванню асабовага саставу, перадаваў свой вопыт маладому лётнаму саставу (а самому Барысаву ў той час быў 21 год! – заўвага аўт.). За выдатнае выкананне заданняў камандавання, патапленне 5 транспартаў праціўніка агульным водазмяшчэннем 44000 тон і праяўленыя пры гэтым гераізм і мужнасць Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 6 сакавіка 1945 года Міхаілу Уладзіміравічу Барысаву было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
За дзевяць месяцаў экіпаж М. Барысава здзейсніў 47 баявых вылетаў, патапіў 9 і пашкодзіў 2 транспарты праціўніка агульным водазмяшчэннем 80000 тон. У сваіх успамінах Міхаіл Уладзіміравіч адзначаў, што паспяховаму выкананню пастаўленых баявых заданняў спрыяла сяброўства інтэрнацыянальнага экіпажа: «Я беларус, штурман – украінец, стралок-радыст Саша Дзёмін – рускі».
Пасля выхаду ў адстаўку Міхаіл Уладзіміравіч жыў у горадзе Ялта, быў Ганаровым грамадзянінам гэтага горада. Памёр 16 красавіка 2012 года, у 68-ю гадавіну вызвалення Ялты ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
У Мазыры шануюць памяць свайго земляка. Пастановай Мазырскага гарадскога Савета народных дэпутатаў ад 15 красавіка 1982 года М. Барысаву было прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін горада Мазыра», а ў 2007 годзе яго імем была названа вуліца ў мікрараёне № 40.
Артылерыя – бог вайны
Міхаіл Васільевіч Мураўёў таксама нарадзіўся ў в. Нараўчызна 15 мая 1919 года. Тут у 1927 годзе пайшоў у пачатковую школу, а ў 1929 годзе сям’я пераехала ў Мазыр. У 1933 годзе скончыў няпоўную сярэднюю школу № 3 і паступіў на вучобу ў Гомельскі энергетычны тэхнікум. Малады спецыяліст у 1937 годзе быў накіраваны на работу электратэхнікам на Мазырскую ГРЭС.
У 1939 годзе М. Мураўёў быў прызваны ў Чырвоную армію Мазырскім РВК Палескай вобласці. Пачатак Вялікай Айчыннай вайны ён сустрэў у Мурманскай вобласці. Сяржант Мураўёў удзельнічаў у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі са жніўня 1941 года. Ваяваў на Паўночна-Заходнім, Паўночным, Варонежскім, 1-м Украінскім, Беларускім, 1-м Беларускім франтах.
У сакавіку 1942 года быў паранены, эвакуіраваны ў шпіталь. Пасля лячэння ў званні старшага сяржанта быў прызначаны камандзірам гарматы 327-га асобнага знішчальнага супрацьтанкавага дывізіёна 253-й стралковай дывізіі.
У 1943 годзе разлік Мураўёва пашкодзіў варожае ўмацаванне, аднак магутнасці 45-міліметровай гарматы не хапіла, каб ліквідаваць яго поўнасцю. І тады Міхаіл Васільевіч падпоўз да дзота і супрацьтанкавай гранатай знішчыў яго. За мужнасць у баях старшы сяржант Мураўёў быў узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны 2-й ступені і Чырвонай Зоркі.
Напрыканцы жніўня 1943 года малодшы лейтэнант М. Мураўёў быў прызначаны камандзірам батарэі 45-міліметровых гармат. За ўзорнае выкананне загадаў камандавання, за мужнасць і гераізм, праяўленыя ў баях, малодшы лейтэнант быў узнагароджаны ордэнамi Чырвонай Зоркі i Аляксандра Неўскага.
М. В. Мураўёў, камандзір батарэі асобнага знішчальна-супрацьтанкавага дывізіёна 253-й стралковай дывізіі, за ўдзел у Букрынскай наступальнай аперацыі, якая з’яўлялася часткай бітвы за Днепр, быў прадстаўлены да звання Героя Савецкага Саюза.
Ва ўзнагародным лісце на атрыманне гэтай узнагароды М. Мураўёвым адзначалася: «У наступальных баях 253-й стралковай дывізіі ў раёне в. Вепрык, г. Пераяслаў-Хмяльніцкага, в. Ходараў, і за пашырэнне плацдарма на правым беразе ракі Днепр камандзір батарэі малодшы лейтэнант Мураўёў праявіў гераізм. У выніку граматнага аператыўнага і тактычнага кіраўніцтва батарэяй тав. Мураўёў умела і без страт пад моцным агнём праціўніка фарсіраваў раку Днепр».
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 29 сакавіка 1944 года малодшаму лейтэнанту Міхаілу Васільевічу Мураўёву было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Мураўёў удзельнічаў у вызваленні Беларусі, вызначыўся ў ходзе Калінкавіцка-Мазырскай аперацыі. За гады вайны М. Мураўёў быў тройчы паранены, апошняе раненне было цяжкім, доўга лячыўся ў шпіталі і на фронт ужо не вярнуўся. У 1945 годзе быў дэмабілізаваны з Чырвонай арміі.
У пасляваенны час працаваў інжэнерам на электрастанцыі ў Куйбышаве. У Акцюбінску (Казахстан) спачатку працаваў начальнікам энергацэха на заводзе ферасплаваў, а потым прарабам на прадпрыемстве «Казводаканалбуд». Быў майстрам на заводзе ферасплаваў у г. Сярове Свярдлоўскай вобласці (Расія). У 1966 годзе пераехаў на Украіну. Памёр 19 мая 1981 года. У Мазырскім раёне, у Козенках, у гонар знакамітага земляка Міхаіла Васільевіча Мураўёва названа вуліца.
У баі адзін дэвіз – наперад!
Мiхаiл Паўлавiч Катлавец нарадзiўся ў в. Лешня 25 кастрычніка 1914 года ў сям’і Паўла Трафімавіча і Наталлі Канстанцінаўны. У iх было сямёра дзяцей: чатыры дачкі і тры сыны. Бацькі займаліся сельскай гаспадаркай.
У Лешні Міхаіл скончыў пачатковую школу, а потым у м. Скрыгалаў – сярэднюю. У 1934 годзе паступіў на геаграфічны факультэт Мінскага педінстытута. Вучыўся на добра і выдатна. Ён вымушаны быў падзарабляць. На першым і другім курсах разгружаў вагоны, на трэцім і чацвёртым – выкладаў геаграфію ў вячэрняй школе. У інстытуце Міхаіл пазнаёміўся з Глафірай Шыдлоўскай, сяброўства перарасло ў каханне і напярэдадні размеркавання, на 4 курсе, яны ажаніліся. Пасля заканчэння інстытута іх накіравалі на работу ў Веляціцкую школу Барысаўскага раёна, дзе Міхаіла Паўлавіча прызначылі завучам, а Глафіра Аляксандраўна выкладала геаграфію. Мiхаіл Катлавец у лістападзе 1938 года Барысаўскім РВК быў прызваны на службу ў Рабоча-Сялянскую Чырвоную армію. У 1941 годзе ён скончыў курсы малодшых лейтэнантаў пры Харкаўскім танкавым вучылішчы. Служыў у горадзе Стрый, на поўдзень ад Львова, дзе напярэдадні вайны знаходзілася ўпраўленне 12-й танкавай дывізіі 8-га механізаванага корпуса Кіеўскай асобнай ваеннай акругі. У гэтым горадзе Катлавец і сустрэў пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Міхаіл Паўлавіч ваяваў на Заходнім, Бранскім, Сталінградскім, 2-м і 3-м Украінскіх франтах. Двойчы быў паранены, адзін раз цяжка.
Да першай узнагароды ордэна Чырвонай Зоркі М. Катлавец, лейтэнант, камандзір роты сярэдніх танкаў, быў прадстаўлены за ўдзел у Сталінградскай бітве. Ва ўзнагародным лісце адзначалася: «М. Катлавец смелы, энергічны і ініцыятыўны ў баі. У дасканаласці валодае танкавай зброяй… На працягу 3 дзён баёў у Сталінградзе ў складзе экіпажа знішчыў 4 гарматы, 6 аўтамашын, 12 бліндажоў і да 180 салдат і афіцэраў праціўніка. Больш за 200 салдат і афіцэраў праціўніка ўзяў у палон і перадаў іх пяхоце». Таксама М. Катлавец быў узнагароджаны медалём «За абарону Сталінграда».
Міхаіл Паўлавіч прымаў удзел у вызваленні Украіны, за што быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга і ордэнам Айчыннай вайны I ступені. 1-ы танкавы батальён 41-й танкавай брыгады 7-га механізаванага корпуса пад кіраўніцтвам М. Катлаўца вызначыўся і пры вызваленні Малдовы. За ўдзел у гэтых баях Міхаіл Паўлавіч быў узнагароджаны ордэнам Аляксандра Неўскага.
41-я танкавая брыгада прымала ўдзел у Дэбрэцэнскай наступальнай аперацыі на румына-венгерскай мяжы. Пры наступленні на горад Кандарош, у раёне сяла Герэндаш, праціўнік адкрыў агонь па галаўным танку, на брані якога знаходзіўся камандзір батальёна, гвардыі капітан М. П. Катлавец. Ад прамога пападання асколачным снарадам ён быў забіты. Гэта адбылося 6 кастрычніка 1944 года.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 24 сакавіка 1945 года «За ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце барацьбы з нямецкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм прысвоіць званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка» гвардыі капітану Міхаілу Паўлавічу Катлаўцу пасмяротна».
М. Катлавец разам з іншымі афіцэрамі 7-га механізаванага танкавага корпуса быў пахаваны на малдаўскай зямлі ў Ціраспалі.
У гонар Міхаіла Паўлавіча Катлаўца ў 1971 годзе ў Мазыры з’явілася вуліца, якая носіць яго імя. Ёсць вуліца М. Катлаўца і ў горадзе Ціраспалі.
Таццяна НІКІЦІНА.