Акалiчнасцi залiчэння i навучання у школе мастацтвау № 1 абмеркавалi з яе дырэктарам Святланай Цыуля.
У горадзе дзейнічаюць тры шматпрофільныя школы мастацтваў. У межах горада знаходзіцца таксама і школа мастацтваў Мазырскага раёна ў аграгарадку Козенкі.
– Школа мастацтваў № 1 існуе з 1935 года. Яшчэ ў даваенныя часы тут ужо выкладалі музыку. Сёння мы працягваем ажыццяўляць навучанне па гэтым напрамку дзейнасці, а таксама навучаем дзяцей жывапісу і харэаграфіі, – расказвае дырэктар установы.
– Святлана Міхайлаўна, якія музычныя інструменты сёння даступны для асваення вашым выхаванцам?
– Спіс даволі абшырны, і музычныя інструменты ў нас маюцца на розны густ – гэта фартэпіяна, скрыпка, віяланчэль, труба, флейта, кларнет, саксафон, домра, цымбалы, гітара, балалайка, акардэон, баян, а таксама ўдарныя музычныя інструменты. Яшчэ ў нас маецца і харавое аддзяленне, дзе дзеці развіваюць свае вакальныя здольнасці. Настаўнікі не толькі навучаюць дзяцей гульне на музычных інструментах, але і рыхтуюць іх да ўдзелу ў фестывалях і музычных конкурсах на рэспубліканскім і міжнародным узроўнях.
– З якога ўзросту можна прыводзіць дзяцей на заняткі, і колькі цягнецца ўвесь тэрмін навучання?
– У першы клас залічваем з узросту 6–11 гадоў. У нас ёсць падрыхтоўчая група, якая дапамагае лепш раскрыць здольнасці навучэнцаў і вызначыцца з накірункам. Навучаем па тыповым праграмам, разлічаным на 5-гадовы і 7-гадовы тэрміны навучання. Па сканчэнні выпускнікі атрымліваюць пасведчанне аб дадатковай адукацыі, якое дае магчымасць працягваць навучанне ў вышэйстаячых мастацкіх установах Беларусі.
– Навучанне ў межах нашай школы ажыццяўляецца па двум адрасам: на плошчы Леніна, 12 праходзяць толькі заняткі па музыцы, а харэаграфія і выяўленчае мастацтва выкладаюцца на вул. Нялідава, 19.
– Колькі заняткаў на тыдзень?
– Усё індывідуальна, залежыць ад класа і напрамку навучання. У сярэднім на тыдзень прыходзіцца дзесьці 4–6 гадзін заняткаў.
– Якія дакументы і музычныя інструменты патрэбны навучэнцу, каб прыступіць да заняткаў?
– З дакументаў патрэбны пасведчанне аб нараджэнні і заява бацькоў. У пытаннях інвентару для кожнага напрамку навучання свае акалічнасці. Калі браць музыку, то нічога асаблівага не патрабуецца – неабходнае музычнае абсталяванне прадастаўляе школа. Наяўнасць свайго асабістага інструмента не абавязкова. Для заняткаў харэаграфіяй патрэбна форма: гімнастычны купальнік і чэшкі. Для выяўленчага мастацтва – мастацкія прыналежнасці.
– Колькі каштуе месяц заняткаў на сённяшні момант?
– Кошт заняткаў у нас прывязаны да базавай велічыні. На заняткі па класу гітары і фартэпіяна прыходзіцца 60 адсоткаў ад базавай велічыні. Сёння гэта 22 рублі 20 капеек. Усе астатнія музычныя інструменты – 50 адсоткаў ад базавай, то бок сёння гэта 18,5 рубля ў месяц.
– Ці ёсць сярод вашых выхаванцаў і выпускнікоў нейкія гучныя імёны?
– Сярод нашых рабят нямала яскравых і таленавітых навучэнцаў, якія станавіліся лаўрэатамі конкурсаў рознага ўзроўню і былі адзначаны прэміямі спецыяльнага прэзідэнцкага фонду. Сярод іх – Ганна Сіўчанка, Крысціна Міхалка, Юрый Літошык, Яраслаў Кабылінскі.
– Калі звяртацца, каб запісацца на заняткі?
– Прыём навучэнцаў вядзём на працягу года, пачынаючы з верасня.
Алена ТУРАВЕЦ,
пазаштатны аўтар.