Каму i чаму варта звярнуць увагу на такi вiд спорту, як веславанне, пагутарылi з дырэктарам СДЮШАР Вiталём Скрыганавым

199

Яшчэ ў 1970-х намаганнямі Уладзіміра Шантаровіча і Віталя Скрыганава ва ўстанове «Мазырскай СДЮШАР прафсаюзаў па веславанні на байдарках і каноэ» была створана моцная школа веславання.


З той пары яе выхаванцы неаднойчы заваёўвалі высокія ўзнагароды на прэстыжных міжнародных спаборніцтвах. Раман Петрушэнка, Вольга Худэнка, Артур Літвінчук, Надзея Папок, Маргарыта Махнёва, Станіслаў Дайнэка, Ілля Федарэнка. Па сённяшні час мазырская вясляры – сінонім перамогі на алімпіядах і чэмпіянатах Еўропы і свету.

– Віталь Уладзіміравіч, па якім напрамкам сёння ажыццяўляеце навучанне?

– На сённяшні момант – два напрамкі: веславанне на байдарках і акадэмічнае веславанне. Секцыя паўэрліфтынгу цяпер зачынена.

– Якім дзецям вы параілі бы гэты від спорту?

– Усім здаровым дзецям, безумоўна, параіў бы займацца ў нашай школе. Ёсць адмысловы спіс захворванняў, які адмаўляе ў занятках такім відам спорту, а калі ўсё добра, то чаму б не паспрабаваць? Спорт – гэта добрая магчымасць умацаваць здароўе і мышцы, і гэта стане добрым набыткам у дарослым жыцці, нават калі чалавек не звяжа свой лёс са спартыўнай кар’ерай.

– З якога ўзросту можна прыводзіць дзяцей на заняткі?

– Мы прымаем на навучанне з дзевяцігадовага ўзросту, але я параіў бы ўсё ж прыводзіць дзяцей з гадоў дзесяці. Гэты від спорту ад самага пачатку патрабуе пэўных фізічных высілкаў. Калі разглядаць, напрыклад, акадэмічнае веславанне, то там толькі лодка важыць каля 30 кілаграмаў, а яе патрэбна падымаць, насіць, і гэта цяжка. Як паказвае практыка, у дзевяцігадовым узросце дзеці проста яшчэ не гатовы да такіх нагрузак.

– Колькі цягнецца ўвесь тэрмін навучання?

– Калі арыентавацца на ўзрост, то навучанне цягнецца ад 9–10 гадоў да 22–23. Спачатку дзеці навучаюцца паралельна з агульнай адукацыяй. Пазней хтосьці ідзе вучыцца ва ўніверсітэт і працягвае ў нас заняткі. Можна працягваць навучанне і ў вышэйстаячых арганізацыях, напрыклад, у Гомельскім АЦАР ці Мінскім РЦАП, ці ў іншых структурных падраздзяленнях алімпійскага рэзерву па рэспубліцы.

– Колькі заняткаў на тыдзень праводзіцца?

– Мы арыентуемся на колькасць гадзін. Для пачатковага звяна гэта 6 гадзін на тыдзень. Першыя тры–чатыры гады працуем менавіта ў такім рэжыме. Зручней падзяліць колькасць гадзін на тры заняткі, але можна і на два. Абставіны і магчымасці ў людзей розныя. Мы стараемся ісці насустрач у гэтых пытаннях, таму графік можа быць гнуткім.

– Пачаткоўцы прымаюць удзел у нейкіх спаборніцтвах?

– Канешне. Летам кожны месяц – першынства школы сярод пачаткоўцаў. Два спаборніцтвы прыходзіцца на восень, некалькі – на зіму, некалькі па агульнай фізічнай падрыхтоўцы – на вясну. Гэта ўсё ў межах школы. Хто добра выяўляе сябе на гэтых спаборніцтвах, той ідзе далей. Чым лепш вынікі, тым вышэй узровень спаборніцтва: горад–вобласць–рэспубліка і гэтак далей.

– Якія дакументы патрэбны?

– Патрэбны медыцынская даведка і дазвол бацькоў.

– Цi трэба набываць інвентар, форму? Якая плата за навучанне?

– Ад бацькоў у гэтых пытаннях нічога асаблівага не патрабуецца. Школа цалкам забяспечана неабходным інвентаром, а навучанне ў нас бясплатнае. Адмысловая форма прадугледжана толькі для навучэнцаў, якія трапляюць у зборную каманды школы.

– Калі стартуе набор у группы для заняткаў?

– Звычайна ў верасні, з пачаткам навучальнага году ў школах, фарміруюцца групы дзяцей па 10–12 чалавек, але напрацягу году ідзе адбор: хтосьці сыходзіць, хтосьці прыходзіць. Грэбля патрабуе волі і высілкаў, а на гэта здатныя не ўсе.

Тэлефон для даведак: 21-26-98.

Алена ТУРАВЕЦ,
пазаштатны аўтар.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: