Мазыршчына ў чарговы раз сёння прымала ўдзельнікаў Купалаўскіх чытанняў

46

17 лютага 2024 года, напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы, установа адукацыі «Гімназія імя Я. Купалы» ў трынаццаты раз гасцінна адчыніла дзверы перад удзельнікамі традыцыйнага мерапрыемства «Купалаўскія чытанні».

Як адзначаюць арганізатары, сярод якіх галоўная роля належыць кіраўніцву гімназіі, конкурс накіраваны на выхаванне ў маладога пакалення нацыянальнай свядомасці, патрыятызму, далучэнне навучэнцаў да даследчай дзейнасці, павышэнне іх цікавасці да беларускай мовы, культурнай спадчыны свайго народа, гісторыі культуры роднай краіны, развіццё інтэлектуальнай і мастацкай творчасці.

У гэтым годзе традыцыйнай засталася секцыя «Духоўная спадчына», дзе свае здольнасці паказалі навучэнцы з вучэбна-даследчымі працамі па беларускай літаратуры, краязнаўстве і этнаграфіі. Вялікай папулярнасцю ў навучэнцаў і настаўнікаў карыстаюцца секцыі «Святыня народа» (конкурс чытальнікаў вершаў ці празаічных урыўкаў з твораў беларускіх пісьменнікаў-юбіляраў), «Мой творчы радок» (конкурс вучнёўскіх твораў, апавяданняў, эсэ, вершаў) на тэмы «Якасна працуем – мірна і шчасліва жывём», «Буктрэйлеры». Да секцыі «Творчая майстэрня», нягледзячы на тое, што яна праводзіцца толькі другі раз, таксама была праяўлена вялікая цікавасць: удзельнікі стварылі настольныя гульні па біяграфіі і творчасці Янкі Купалы. На гэты раз было даслана каля 350 малюнкаў на тэму «Праўда вайны і пасляваеннага жыцця ў творчасці Аркадзя Куляшова, Алеся Савіцкага і Васіля Быкава». Тэматыка творчых работ кожны год мяняецца. Дарэчы, сёлета ўпершыню працавала новая секцыя «Песенная спадчына», удзельнікі якой выконвалі песні на словы беларускіх класікаў.

Відавочна, што колькасць удзельнікаў чытанняў расце, як і пашыраецца іх геаграфія. Так, у мерапрыемстве на розных этапах, згодна абраных секцый, прынялі ўдзел 792 удзельніка з 19 раёнаў Гомельскай вобласці.

У цырымоніі адкрыцця Купалаўскіх чытанняў прынялі ўдзел дырэктар Мазырскага раённага вучэбна-метадычнага цэнтра Марына Старыкава, член Саюза пісьменнікаў, журналіст газеты «Жыццё Палесся» Наталля Канопліч. Удзельнікам конкурсу былі прадстаўлены таксама пачэсныя госці, якім адводзілася роля кампетэнтнага журы. У гэтым ліку – дырэктар Мазырскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя А. С. Пушкіна Наталля Будкоўская, метадыст Мазырскага раённага вучэбна-метадычнага цэнтра Алеся Юдзіна, выкладчык, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта Міхаіл Шаўчэнка, кіраўнік узорнай студыі эстрадных спеваў мазырскага Гарадскога палаца культуры Святлана Чумакова, а таксама ветэраны педагагічнай працы.

Кожны з пачэсных гасцей пажадаў удзельнікам Купалаўскіх чытанняў, а таксама іх кіраўнікам і бацькам добрага настрою і перамог.

Перад пачаткам творчых і інтэлектуальных спаборніцтваў у розных секцыях дырэктар гімназіі імя Я. Купалы Міхаіл Ранчынскі разам са сваім намеснікам па вучэбна-метадычнай рабоце Таццянай Барысевіч уручылі пераможцам альбо іх прадстаўнікам дыпломы за завочны ўдзел у секцыях малюнкаў «Мой творчы радок», «Творчая майстэрня». Іх атрымалі 235 навучэнцаў.

Пасля напружанай барацьбы ў кожнай з секцый, якая доўжылася на працягу некалькіх гадзін, былі вызначаны пераможцы першай, другой і трэцяй ступеняў у девяці намінацыях.

Так, дыпламантамі Купалаўскіх чытанняў стала 329 чалавек, у тым ліку 56 –першай ступені, 101– другой і 172 – трэцяй ступені. Яшчэ каля 50 чалавек атрымалі падзякі.
Акрамя таго, як было зазначана многімі ўдзельнікамі, кожны з прысутных атрымаў вялікую асалоду ад зносін з аднагодкамі, а таксама ад таго, што сёння амаль усе прысутныя ў гімназіі размаўлялі толькі на роднай мове.

Менавіта таму шмат слоў падзякі было адрасавана кіраўніцтву ўстановы, а таксама педагагічнаму калектыву, які штогод утрымлівае ў сваіх руках пальму першынства, за камфортныя ўмовы і добра падрыхтаваныя пляцоўкі для правядзення мерапрыемства ў розных секцыях. Здаецца, што ў Мазыры жыве душа паэта, як і яго творчасць, якую захоўваюць нашчадкі ў вершах, песнях, малюнках, творах, навуковай дзейнасці. Шануйце ж мову сваю, беларусы! Мову Купалы, Коласа, Багдановіча, Быкава, Куляшова, Савіцкага…

Больше фото в альбомах МОЗЫРЬ NEWS Вконтакте и Одноклассниках.

Наталля КАНОПЛІЧ. Фотаздымкі аўтара.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: