«Жыццё падобна на крыжаванку» Так лiчыць наш субяседнiк Лявонцiй Целеш

29

На працягу некалькiх гадоў Лявонцій Сцяпанавіч шукае цiкавыя тэмы, пытаннi i адказы на iх, каб стварыць новую адмысловую крыжаванку, прычым на роднай, сакавiтай беларускай мове.

Каранёў вытокі

– Лявонцій Сцяпанавіч, улічваючы, што свае крыжаванкі ў «раёнку» вы дасылаеце з Дзяржынска, то, безумоўна, чытачам хочацца пазнаёміцца з вамі бліжэй…

– Тут, як кажуць, мяне прыцягваюць карані. Мудрая народная прыказка «Жыццё пражыць – не поле перайсці» мае адносіны амаль да кожнага чалавека. І тое, што кожнаму з нас прыхо­дзіцца стаптаць не адну пару башмакоў, не пусты гук. Вось так атрымалася і ў мяне. Я нарадзіўся ў г. Мазыры ў грозным 1941-м годзе. Мой бацька, Сцяпан Антонавіч, перад самай вайной у Мазырскім райваенкамаце навучаў маладых прызыўнікоў ваеннай справе, потым у пачатку ліпеня быў мабілізаваны. Па словах маці, перад адпраўкай на фронт ён доўга трымаў мяне, чатырохмесячнага хлопчыка, на руках і горка плакаў, быццам адчуваў, што больш ніколі мяне не ўбачыць. Так яно і атрымалася: у 1945-м маці, Надзея Іванаўна, атрымала «пахаванку». Афіцыйны дакумент, які быў дасланы з вайсковай часткі, паведамляў аб тым, што яе муж Сцяпан Целеш прапаў без вестак.

– Як жа складвалася жыццё без бацькі?

– Сказаць, што цяжка, значыць нічога не сказаць. Але ж тады, як расказвала матуля, наша сям’я была не адзінай, якая страціла сваіх кармільцаў. У маёй маці на руках засталося трое непаўналетніх дзяцей – я і дзве мае старэйшыя сястрычкі Саша і Ганна. Жылі, як усе, абы выжыць. Матуля не раз прыгадвала выпадак, які літаральна быў выратавальным. Падчас вайны немцы забіралі маладых жанчын у Германію. Яна таксама аказалася сярод iх. Чакаючы цягніка, жанчыны стаялі на станцыі ў Мазыры. Паліцай-надзірацель ведаў, што яна пакінула дома траіх малых дзяцей, якіх чакала галодная смерць. Штосьці чалавечае калыхнулася ў яго душы і ён сказаў маці: «Надзя, я зраблю выгляд, што не бачу, а ты ўцякай вунь у тыя кусты». Пазней ёй давялося даведацца, што гэты паліцай быў звязаны з партызанамі, таму і выратаваў права жанчыны на будучыню і жыццё яе малых дзяцей.

Яму цiкава ўсё

– Пра што марылі дзеці вайны, Лявонцій Сцяпанавіч?

– Мы марылі пра магчымасць радавацца жыццю, вучыцца, сцвярджаць свае мары.

У 1948 годзе я пайшоў у першы клас мазырскай базавай школы № 8, якая размяшчалася непадалёку ад піўзавода. Кожны дзень быў падобны на свята: дзіцячыя забавы, сябры, знаёмства з падручнікамі, імкненне навучыцца чытаць, пісаць. Не ведаю чаму, але ўжо тады, на самым старце маёй адукацыі, мне вельмі падабалася маляваць геаметрычныя фігуры, асабліва квадраты, і заганяць туды, нібы ў хатку, нейкую літару. Відаць, гэта былі першыя намаганні да таго, што ў будучым стала сур’ёзным захап­леннем, што паспрыяла развіццю ўменняў па складаннi крыжаванак, якія я стаў ства­раць паўсюдна.

– Відавочна, што Мазыршчына ў вашым жыцці займае значнае месца…

– Так. Гэты цудоўны горад над Прыпяццю з яго цудоўнымі жыхарамі стаў для мяне моцным падмуркам для будучага жыцця.

І як ні кідаў мяне лёс па розных пуцявінах, Мазыр жыве ў маім сэрцы і зараз. Калі атакуюць успаміны, то збіраю невялічкі багаж і еду, каб насыціць душу сустрэчамі, размовамі з сябрамі…

Прайшло амаль ужо 80 год, а я і сёння памятаю сваю першую настаўніцу Лідзію Філіпаўну Варапаеву. Падчас вучобы ў школе больш цікавілі геаграфія і родная літаратура. Увосень любіў збіраць арэхі з ляшчэўніку, якога шмат расло ў глыбокіх ярах. Арэхі з хлопцамі прадавалі каля ўвахода ў парк «Перамога», які знаходзіўся на месцы цяперашняга ўнівермага. За выручаныя грошы купляў невялічкія кніжачкі з бібліятэкі «Огонёк». Кнігі для мяне былі акном у вялікі мір. Чытаў са школьнага ўзросту. Пасля заканчэння сярэдняй школы № 9 мяне пацягнула на рамантыку: па камсамольскай пуцёўцы паехаў у Заходнюю Сібір. Некаторы час працаваў на будаўніцтве чыгункі. Калі ўволю наглытаўся рамантыкі (заробак быў прыкладна такі, як зарабляў бы, працуючы вартаўніком на Мазырскім дрэваапрацоўчым камбінаце), то вярнуўся ў Мазыр.

– Адчуваецца, што вы не толькі рамантык, але і творчы чалавек…

– Безумоўна. Любоў да літаратуры прывяла мяне да адкрыцця новай старонкі ў біяграфіі: ахвотна ўліўся ў калектыў гарадскога драмтэатра. У спектаклі па п’песе А. Арбузава «Дальняя дарога» сыграў ролю Максіма Сама­дзельнага. Менавіта тады ў 1960 го­дзе калектыву было прысвоена ганаровае званне «Народны». Артыстычную кар’еру перарвала тэрміновая служба ў радах Савецкай арміі. Але ж і там я не сумаваў: у мясцовым Доме афіцэраў актыўна працягваў артыстычную дзейнасць – іграў ў спектаклях, выступаў з сольнымі песеннымі нумарамі. Пасля дэмабілізацыі паступіў на геаграфічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Падчас вучобы зноў з задавальненнем удзельнічаў у спектаклях. На гэтым адукацыя не скончылася: паступіў у аспірантуру, удзельнічаў у навуковых канферэнцыях Маскоўскага і Львоўскага ўніверсітэтаў. Давялося працаваць у Навукова-даследчым інстытуце глебазнаўства, затым у праектным інстытуце землеўпарадкавання. Гэта дало магчымасць працаваць навукоўцам у шматлікіх калгасах і саўгасах Беларусі, у тым ліку і на Мазыр­шчыне, што прывяло да ўзбагачэння творчага багажу. Да выхаду на заслужаны адпачынак працаваў у праектым інстытуце па даследванню будаўніцтва і рамонту аўтамабільных дарог Беларусі. Даследваў і геалогію пад’ездаў да другога аўтамабільнага маста праз раку Прыпяць. У часы вучобы і працы часта наведваў у Мазыры сваіх родных – матулю і старэйшую сястру Аляксандру, якая скончыла Мазырскі педагагічны інстытут і ў адной з мазырскіх школ выкладала фізіку. Настаўніцай працавала і яе дачка Таццяна. На жаль сястры не стала некалькі год таму. А вось сёння настаўніцай у горадзе майго дзяцінства працуе ўнучка Аляксандры – Алеся.

Шукайце і знаходзьце

– А калі больш цесна вы сталі захапляцца крыжаванкамі?

– Недарэмна кажуць, што ўсяму свой час. Так выйшла і ў мяне. Яшчэ калі працаваў геолагам, а затым і ў першыя гады адпачынку я зацікавіўся журналістыкай. Пачаў даваць артыкулы ў раённую газету горада Дзяржынска, дзе жыву з 1992 года. Часта мае артыкулы і крыжаванкі, складаннем якіх я захапіўся з 2000 года, друкавалі газеты «Голас Радзімы», «Звязда», часопісы «Роднае слова», «Родная прырода», «Вожык». Аднойчы падумаў і вырашыў, што не даравальна будзе, калі я не буду дзяліцца сваімі крыжаванкамі з мазырскай раённай газетай «Жыццё Палесся». Нягле­дзячы на тое, што ўжо размяняў дзевяты дзясятак, я і сёння ўдзельнічаю ў грамадскім жыцці Дзяржынска. Мяне і маю жонку Людмілу Анатольеўну запрашаюць на літаратурныя мерапрыемствы, якія праводзіць пасольства Малдовы ў Беларусі. Неаднаразова прыйшлося ўдзельнічаць ва ўскладанні вянкоў на магілы, дзе пахаваныя малдаване, удзельнікі вайны за вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Старасць для мяне – залатая восень. І пакуль я жыву на гэтым свеце, то, шаноўныя мае землякі-мазыранне, на старонках вашай цікавай раённай газеты будуць друкавацца мае лепшыя крыжаванкі. Ведайце, што праз іх я заўсёды з вамі. Жадаю ўсім моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту.

Дарэчы, крыжаванка – гэта гульня са словамі, распаўсюджаная і інтэлектуальная. Калі даслоўна перавесці слова «крыжаванка» з англійскай мовы, то атрымаецца два самастойныя словы: «крыж» і «словы». Такім чынам, атрымліваем крыж слоў ці крыжасловіцу. Адсюль можна зрабіць выснову, што ў крыжаванкі ёсць свая адметная ўласці­васць – яна складаецца з перасячэння слоў. А галоўнае яе правіла – кожная літарка павінна запісвацца асобна ад астатніх, у сваёй клетцы. Памятаеце, так рабіў яшчэ ў раннім дзяцінстве Лявон Целеш, яшчэ не задумваючыся, што гэты занятак стане часткай яго жыцця?

Рашэнне крыжаванак нясе пазітыўныя эмоцыі, грэе душу і прыцягвае. Для многіх людзей гэтае хобі асацыюецца з адпачынкам і рэлаксацыяй. Для кагосьцi гэта любімая справа, якая захапляе і дастаўляе задавальненне.

Рашайце крыжаванкі ад Лявонція Целеша і атрымлівайце асалоду!

Наталля КАНОПЛІЧ.
Фотаздымак з архіва.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: