Працэс станаўлення савецкай улады ў Мазыры прарабiў цярнiсты драматычны шлях

117

Дастаткова сказаць, што ў правінцыяльным Мазыры ўлада на працягу 1917–1920 гадоў змянялася дзесяць разоў. Але пачаліся перамены ў 1917 годзе, якія ў выніку сталі неабходнымі.

Пра падзеі гэтага часу на старонках мазырскай раённай газеты «Камуніст Палесся» ў 1977 годзе расказалі тагачасныя дырэктар Мазырскага краязнаўчага музея Аляксандр Бобр і старшы навуковы супрацоўнік музея Марыя Васілюк.

Віхуры пераменаў

Вестка аб лютаўскіх падзеях 1917 года ў Петраградзе дайшла да Мазыра праз некалькі дзён. Стала вядома аб стварэнні Часовага ўрада. У горадзе пачало ажыўляцца палітычнае жыццё. У пачатку сакавіка ў Мазыры былі праведзены выбары ў Саветы. У красавіку быў створаны Савет сялянскіх дэпутатаў.

Барацьба за Савецкую ўладу ў Мазыры і ў павеце пасля Лютаўскай рэвалюцыі ўскладнялася малалікасцю прамысловага пралетарыяту, наяўнасцю мноства партый, якія выступалі з рознымі праграмамі, а таксама буржуазных груп і арганізацый, пярэстым нацыянальным саставам насельніцтва і іншымі прычынамі. У горадзе было звыш 10 партый: аб’яднаная яўрэйская Сацыялістычная Рабочая партыя, яўрэйскі Нацыянальны выбарчы Камітэт, Саюз Земляробаў Мінскай губерніі, Партыя Народнай Свабоды, Польскі Выбарчы Камітэт, Расійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (бальшавікі), Беларуская Сацыяльная Грамада. У красавiку 1917 года была створана аб’яднаная арганізацыя РСДРП. У гэтай арганізацыі колькасна пераважалі меншавікі і бундаўцы, але ўсё-такі вядучую ролю ў ажыццяўленні ўсіх сапраўды рэвалюцыйных мерапрыемстваў ігралі бальшавікі, паколькі менавiта іх пазіцыя поўнасцю адпавядала інтарэсам рэвалюцыі і знаходзіла ўсё большую падтрымку рабочага класа і ўсіх працоўных. У горадзе пачалі арганізоўвацца прафсаюзы, быў створаны агульнагарадскі прафесіянальны саюз, выбіраліся фабрычныя камітэты. 25 красавіка такі камітэт стварылі на фабрыцы «Маланка», а 27 красавіка на фабрыцы быў устаноўлены васьмігадзінны рабочы дзень.

Рашэнне аб увядзенні на мазырскіх прадпрыемствах васьмігадзіннага рабочага дня было прынята гарадскім Саветам рабочых дэпутатаў 8 красавіка. Выкарыстанне жаночай і дзіцячай працы ў цэхах са шкоднымі для здароўя ўмовамі забаранялася.

Духам адужаем у барацьбе

Аднак Часовы буржуазны ўрад працягваў вайну. Па прычыне сваёй класавай абмежаванасці ён не мог даць народу чакаемых свабод і палепшыць яго становішча.

Таму працоўныя самі вялі актыўную барацьбу супраць прадпрымальнікаў, адстайвалі свае правы і не спадзяваліся на дапамогу ўрада. У маі–чэрвені 1917 года адбылася забастоўка рабочых лесапільна-фанернага завода на станцыі Пціч Мазырскага павета, які выконваў ваенныя заказы. Узначаліў забастоўку завадскі камітэт. Ад імя ўсіх рабочых ён прад’явіў уладальніку завода Берману патрабаванні павысіць заработную плату ў сярэднім на 40 працэнтаў, убраць з завода няўгодных рабочым пасадавых асоб, стварыць бальнічную касу і гэтак далей. Уладальнік адмовіўся задаволіць патрабаванні і стаў пагражаць закрыццём завода. 3 чэрвеня на станцыю Пціч выехалі прадстаўнікі Мазырскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, якія па патрабаванні бальшавікоў выступілі за абарону рабочых. Забастоўка працягвалася 26 дзён і закончылася перамогай рабочых. У той жа час праходзіла забастоўка шаўцоў г. Мазыра.

У канцы красавіка 1917 года адбыўся першы з’езд сялян Мазырскага павету. З’езд выступіў за працяг вайны і выказаў давер Часоваму ўраду. У той жа час ён патрабаваў пераходу ўсіх зямель у «агульнанародную ўласнасць». У многіх вёсках Мазырскага павету пачалася рэалізацыя рашэнняў сялянскага з’езда. У маі–чэрвені сяляне вёскі Рудня прынялі рашэнне аб канфіскацыі панскіх, манастырскіх, царкоўных і іншых зямель. Такія рашэнні былі прыняты сялянамі некалькiх вёсак. Пасля ліпеньскіх падзей у Петраградзе рэакцыя перайшла ў адкрытае наступленне, палітычная барацьба ў краіне абвастрылася. Надзея на мірнае развіццё рэвалюцыі рухнула…

У жніўні 1917 года бальшавікі Мазыра канчаткова парвалі з забаронцамі і згоднікамі і ўтварылі сваю самастойную арганізацыю.

Наша сіла, наша ўлада

У дні Карнілаўшчыны Мазырскі Савет, абапіраючыся на баявыя рабочыя дружыны і салдат гарнізона, узяў пад свой кантроль чыгуначныя станцыі Калінкавічы і Мазыр, прыстань на рацэ Прыпяць, пошту і тэлеграф.

На станцыі Калінкавічы было затрымана некалькі эшалонаў пяхоты і артылерыі, якія былі зняты Карнілавым з Паўднёва-Заходняга фронту. Пасля мітынгу, праведзенага бальшавікамі 31 жніўня, салдаты затрыманых эшалонаў адмовіліся следаваць у Петраград, арыштавалі афіцэраў-мяцежнікаў і заявілі аб сваёй гатоўнасці весці барацьбу супраць Карнілаўшчыны. 4 верасня Мазырскі Савет пад уплывам бальшавікоў прыняў рашэнне, у якім асудзіў контррэвалюцыйны мяцеж Карнілава, патрабаваў неадкладнага ўвядзення рабочага кантролю над вытворчасцю і размеркаваннем, нацыяналізацыі банкаў і буйных прадпрыемстваў, спынення грабежніцкай вайны, узмацнення барацьбы з разрухай і ўстанаўлення налогу на буржуазію.

5 верасня ў Мазыры адкрыўся IV павятовы сялянскі з’езд, на якім адчуваўся рост уплыву бальшавікоў. З’езд абмеркаваў палітычнае становішча ў краіне, якое склалася пасля падаўлення Карнілаўскага мецяжу. У рашэннях з’езда было указана на неабходнасць пераходу ўлады ў рукі прадстаўнікоў рабочага класа і сялянства і перадачы сялянам панскай зямлі. Прыхільнікаў бальшавікоў станавілася з кожным днём усё больш і больш. Яскравым паказчыкам нарастаючай рэвалюцыйнай хвалі з’явіўся V сялянскі з’езд Мазырскага павету, які адбыўся 5–6 кастрычніка 1917 года. Прысутныя прынялі па дакладу бальшавіцкую рэзалюцыю, у якой гаварылася: «Часовы ўрад нічога не зрабіў для змучанай, спустошанай і абяздоленай краіны. Зямля да гэтага часу не перададзена народу. Грабежніцкая вайна працягваецца, і нічога не робіцца для яе заканчэння. Таму неабходна перадаць усю ўладу ў краіне Саветам рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў, прапанаваць усім ваюючым народам заключыць справядлівы мір, перадаць сялянам зямлю, устанавіць кантроль працоўных над банкамі, вытворчасцю і размеркаваннем, склікаць у бліжэйшы час Усерасійскі з’езд Саветаў, паколькі толькі ён зможа выразіць «палітычную волю рэвалюцыйных мас».

«Мы наш, мы новы…»

10 кастрычніка Мазырскі павятовы камісар Фалевіч тэлеграфаваў Галоўнаму ўпраўленню міліцыі: «У Мазырскім павеце аграрныя непарадкі разрастаюцца. Прыватнаўладальніцкія землі сяляне захопліваюць, раздзяляючы іх паміж сабой… Становішча з кожным днём пагаршаецца. Далей, несумненна, стане пагражальным дзякуючы бальшавіцкім рэзалюцыям закрыўшагася 7 кастрычніка сялянскага з’езда…».

17 кастрычніка Міністр унутраных спраў паслаў мінскаму губернскаму камісару тэлеграму, у якой патрабаваў прыняцця самых рашучых мер да прымянення ваеннай сілы для падаўлення аграрнага руху ў Мазырскім павеце. Але ўжо ніякія меры, якія прымаў Часовы ўрад, не маглі адтэрмінаваць час яго падзення. У ноч на 26 кастрычніка 1917 года ў Петраградзе атрады Чырвонай гвардыі, рэвалюцыйныя матросы і салдаты штурмам узялі Зімні палац і арыштавалі Часовы ўрад. Уся ўлада перайшла ў рукі рабочых і сялян. Для арганізацыі мерапрыемстваў па ўстанаўленню Савецкай улады ў Мазыры і павеце 26 кастрычніка 1917 года з Мінска прыбыў бальшавік чырвонагвардзеец С. В. Федаровіч, а некалькімі днямi пазней з інструкцыямі ад М. В. Фрунзе прыбыў В. Азараў. 11 лістапада (24 па новаму стылю) 1917 года ў Мазыры быў утвораны Ваенна-рэвалюцыйны камітэт, на чале якога стаў бальшавік Паўлаў – салдат 530-га Васільсурскага палка. Начальнікам Мазырскай павятовай міліцыі стаў А. М. Кухнавец. Паколькі ў Мазырскім Савеце рабочых і салдацкіх дэпутатаў працягвалі заставацца ў колькаснай большасці прадстаўнікі згодніцкіх партый, Ваенна-рэвалюцыйны камітэт, узяўшы ўладу ў свае рукі, разгарнуў вялікую агітацыйную і арганізацыйную работу па перавыбарах Савета і стварэнню новага бальшавіцкага Савета.

Такім чынам, улада Саветаў у Мазыры і павеце ўстанаўлівалася ў складанай палітычнай абстаноўцы. Перавыбары ў Саветы, якія былі праведзены ў лістападзе 1917 года, не прынеслі бальшавікам поўнай перамогі. 22–23 снежня адбыўся VI сялянскі з’езд Мазырскага павета. Хаця старшынёй на гэтым з’ездзе быў выбраны бальшавік Азараў, эсэрам удалося працягнуць згодніцкую рэзалюцыю аб уладзе. У ёй гаварылася аб неабходнасці стварэння федэратыўнай рэспублікі. Важнай перамогай бальшавікоў на з’ездзе было прызнанне Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта адзінай уладай у павеце, які стаў сапраўдным органам барацьбы за бальшавіцкую Савецкую ўладу і дабіўся яе ўстанаўлення ў Мазыры і Мазырскім павеце ў студзені 1918 года.

Падрыхтаваў
Дзмiтрый КУЛIК.

 

 


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: