Да 105-годдзя народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа ў мазырскім тэатры адкрыта выстава

223

У гэтыя дні мы адзначаем юбілей двух выдатных творцаў, таленавітых сыноў нашай Радзімы, народных пісьменнікаў – Івана Шамякіна і Івана Мележа.

Больш за трыццаць гадоў наш тэатр з гонарам носіць імя Івана Паўлавіча Мележа, самага вядомага палешука, пісьменніка, драматурга, публіцыста, аўтара трылогіі «Палеская хроніка», якую склалі раманы «Людзі на балоце», «Подых навальніцы» і «Завеі, снежань». «Палеская хроніка» – наша нацыянальная скарбніца і эпапея народнага жыцця пераломных 20-30-х гадоў мінулага стагоддзя.

8 лютага Івану Паўлавічу Мележу споўнілася б 105 гадоў з дня нараджэння. Ушаноўваючы гэтую дату, у тэатры адкрыта выстава. Яна складаецца з фотаздымкаў 60-70-х гадоў з архіва тэатра, якія зафіксавалі творчае супрацоўніцтва рэжысера Мазырскага народнага тэатра, заслужанага работніка культуры БССР, тройчы лаўрэата Усесаюзных і рэспубліканскіх конкурсаў Міхаіла Коласа і Івана Мележа. Таксама адзначаецца той факт, што на прэм’еру спектакля «Людзі на балоце» ў 1970 годзе ў Мазыр прыязджаў сам пісьменнік. У гонар гэтай знакавай падзеі тэатру ў 1994 годзе па прапанове мастацкага кіраўніка Валерыя Ласоўскага было прынята рашэнне прысвоіць яму імя беларускага класіка.

Калектыў тэатра асцярожна захоўвае артэфакты, звязаныя з супрацоўніцтвам Міхаіла Коласа і Івана Мележа. Аб гэтым сведчаць не толькі фотаздымкі. Напрыклад, захавалася тэлеграма, якую адправіў Іван Паўлавіч Міхаілу Коласу напярэдадні свайго прыезда ў Мазыр.

Творы Мележа застаўляюць думаць, параўноўваць і застаюцца актуальнымі ва ўсе часы. Спектакль «Людзі на балоце» па раману Івана Мележа двойчы ставіўся ў нашым тэатры: у 1970 і ў 2021 годзе. За спектакль, пастаўлены ў 2021 годзе рэжысерам Раманам Цыркіным, тэатр атрымаў аж чатыры ўзнагароды. Мы верым, што Мележ – анёл-ахоўнік нашага тэатра. Спадзяёмся, што спектакль «Людзі на балоце» скора будзе адноўлены і парадуе прыхільнікаў тэатральнага мастацтва.

Запрашаем на выставу, каб дакрануцца сэрцам да творчасці самага славутага палешука, да гісторыі нашага тэатра і ўспомніць каханне вядомых мележаўскіх герояў – Васіля і Ганны.

Таццяна АНДРЫЕЎСКАЯ,
кіраўнік літаратурна-драматургічнай часткі
Мазырскага драматычнага тэатра імя Івана Мележа


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: