Выстава Станіслава Малашчука «Прырода Беларусі: ад зубра да бусла» ў Мазырскай цэнтральнай бібліятэцы імя А. С. Пушкіна

260

Станіслаў Ніканоравіч Малашчук нарадзіўся 24 лістапада 1958 года ў горадзе Мазыры. У 1976 годзе паступіў у Рыжскае вышэйшае ваеннае вучылішча, пасля заканчэння якога служыў у вайсковай частцы г. Мазыра. Звольнены ў запас у 1992 годзе ў званні маёра.
У 1982 годзе наведваў мастацкую студыю М. К. Дубровы, дзе асвоіў розныя віды графікі – афорт, гравюру.

З 1990 года займаецца іканапісам. Першая ікона – «Георгій Пераможца» – была напісана алеем у 1991 годзе. Паступова перайшоў да традыцыйнай формы іканапісу тэмперай на дошцы.Станіслаў Ніканоравіч – адзіны ў Мазыры рэстаўратар абразоў і іншых прадметаў даўніны, гравюр. Ён даўно і заслужана набыў павагу ў асяроддзі калекцыянераў і знаўцаў мастацтва. Удзельнік мастацкіх выстаў з 1992 года. Працуе ў розных тэхніках: афорт, пастэль, акварэль, алей, тэмпера.

Старажытная храмавая архітэктура – яго «слабасць». Узіраючыся ў кожны з помнікаў старажытнасцi, ён старанна ўзнаўляе цэласны вобраз мінулага.

Мастак шмат падарожнічаў: пабываў у Архангельску, Волагдзе, Уладзівастоку, на Камчатцы і Каўказе. Аб’ездзіў і родную Беларусь. З падарожжаў прывозіў новыя ўражанні, частка якіх была прадстаўлена на выставе «Вандроўкі» ў 2023 годзе.Асаблівая любоў Станіслава Ніканоравіча – жывёлы. На выставе прадстаўлена 26 палотнаў, на якіх можна ўбачыць усю разнастайнасць жывёльнага свету нашай краіны. Шмат фактаў пра жыццё і паводзіны жывёл мастак агучыў, адказваючы на пытанні наведвальнікаў – калег і проста тых, хто цiкавiцца мастацтвам. На яго працах жывёлы выглядаюць як жывыя, і, як заўважыла адна з наведвальніц, нават драпежнікі ў яго з добрым позіркам.

Адлюстраваныя з любоўю куткі прыроды на палотнах мазырскага мастака яшчэ раз нагадваюць нам, што Беларусь – дзіўная па сваёй прыроднай прыгажосці краіна.

Марта МАРОЗ
Фота аўтара


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: