Думкi ў Вялікдзень. Журналіст МАЗЫР NEWS пра традыцыі свята

162

Праваслаўныя адзначаюць свята Уваскрэсення Хрыстова. Сапраўдныя вернікі сустракаюць яго з вялікай радасцю. Гэтае пачуццё перадаецца і ўсім астатнім, асабліва дзецям. У кожнага ў душы сваё свята. Маё пачынаецца з дзіцячых успамінаў.Памяць захавала такія малюнкі. Яшчэ з чацвярга бабуля пачынала ўчыняць і вымешваць у вялізнай місцы цеста, якое было шчодра насычана разынкамі. Смачных булак-пасак яна гатавала шмат – на цэлы тыдзень хапала. Зверху булкі ўпрыгожваліся крыжыкам з таго ж цеста і змазваліся ўзбітым яйкам. У суботу бабуля фарбавала яйкі-пісанні, а адвячоркам ішла ў царкву на ўсяночную службу.

Раніца нядзелі пачыналася з таго, што мы яшчэ спалі, калі бабуля вярталася з царквы. Яна будзіла нас, каб як мага раней сесці за стол. Крыху стомленая, але радасная, яна казала кожнаму па чарзе: «Хрыстос уваскрос!» А мы адказвалі: «Сапраўды ўваскрос!»

Бабуля пачынала шпарка ўвіхацца, накрываючы на стол. Раз за разам бразгала клямка: за некаторымі стравамі яна хадзіла ў сенцы, вярталася ў хату і даставала астатняе з печы. Кожны, перш чым сесці за стол, павінен быў пацерці твар асвечаным яйкам, пафарбаваным у цыбульніку, каб быць здаровым і моцным. Усе сядалі за святочны стол і перш-наперш елі асвечаныя стравы, якія дзялілі на ўсіх членаў сям’і. Уся асвечаная ў царкве ежа надзялялася незвычайнымі, нават магічнымі, ўласцівасцямі. Пасля ўжо можна было ласавацца астатнімі стравамі.

Асаблівай радасцю было гуляць у «мацака» або «біткі». «Мацаком» лічылася яйка, якое не разбівалася пры ўдары. У каго быў мацак, той забіраў сабе бітае яйка і мог працягваць гульню. Бітыя яйкі трэба было з’есці, але я часцей аддавала іх дарослым. Так і з паскамі: усё самае смачнае, на наш дзіцячы погляд, з’ядалася адразу – верхавінка і разынкі, якія выкалупвалі пальчыкам. Зараз так робяць і мае дзеці. У такія моманты ўспамінаю бабулю: яна не сварылася на нас за гэта. І я не буду.

Сёння булкі-паскі можна лёгка купіць у краме, але мне ўсё роўна хочацца адчуць у кватэры той самы пах дзяцінства.

Марта МАРОЗ
Фота аўтара


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: