Аб’явіце моду на мову!

299

«Беларуская мова не існуе сёння, не ўжываецца ў гаворках», «Беларуская мова аджывае свой век», «Беларуская мова – гэта дыялект
ад рускай»… Ад такіх слоў, якія гаворыць сённяшняе пакаленне падлеткаў, хочацца крычаць!

Чаму ў нас, беларусаў, такая абыякавасць да роднай мовы?! Да культуры, да краіны ўвогуле? Дзе ён, той патрыятызм, які прысутнічаў у сэрцах людзей савецкага часу?!

Я не магу зразумець, чаму зараз усе кінуліся з галавой у англійскую, нямецкую, нават кітайскую мовы. Але пра тое, што родная мова зыходзіць у гісторыю гавораць раўнадушна, без цені горычы, быццам гэта так і павінна быць. Дайшло ўжо да таго, што гаварыць па-беларуску стала нечым саромным сярод большасці моладзі!

Не здзіўлюся, калі ў мяне запытаюцца: а ці размаўляю сама на роднай мове?
Шкада, не. Здаецца, на гэта паўплывала асяроддзе, у якім знаходзілася з маленства. Па-руску размаўляюць мае бацькі, сябры і знаёмыя. Але я шаную беларускую мову, паважаю, чытаю нашых класікаў і ўвогуле творы на гэтай мове, пішу сама. І дакладна ведаю, што калі прыеду ў іншую краіну і мяне папросяць пагутарыць па-беларуску, з лёгкасцю гэта зраблю! А ўсё дзякуючы маёй бабулі, Кацярыне Дзянісаўне Шкробат, якая працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры больш за 30 гадоў і прывіла мне гэтую любоў. Памятаю, што яна заўсёды спявала мне песню “Касіў Ясь канюшыну”. І што цікава, стваральнік ансамбля “Песняры” У. Г. Мулявін не быў беларусам па нацыянальнасці. Ён нарадзіўся ў Свярдлоўску, але ж пахаваны ў Мiнску. Вось вам яркі прыклад чалавека, які захапіўся чужой для яго мовай настолькі, што стварыў неўміручыя шлягеры, якія ведаем і спяваем па сённяшні дзень.

Мы бачым і чуем, што руская мова, якая таксама з’яўляецца дзяржаўнай, патроху выціскае з нас сутнасць беларусаў.
Але далёка не кожны адрокся ад «самацветаў яскравай нізкі» (верш «Родная мова», У. Дубоўка). На шчасце, не. Я, хоць і не размаўляю ў штодзённым жыцці, усё ж такі ведаю сваю мову. Быў выпадак, што вырашыла гаварыць толькі на роднай мове, пакуль рыхтавалася да алімпіяды. І, ведаеце, большасць выказала мне, каб заканчвала “выпендрывацца, і размаўляла па-нармальнаму”. Плач, беларус, тваю мову называюць ненармальнай, яе не разумеюць і не хочуць разумець! Але мова жыве.
Прывяду прыклад чалавека, з якім давялося пазнаёміцца і які з’яўляецца для мяне своеасаблівым кумірам. Гэта дзяўчына 15 гадоў, Марта Ракчэева (шкада, не памятаю, адкуль гэты “цуд”). Нягледзячы на тое, што бацькі, сябры і знаёмыя яе размаўляюць па-руску, дзяўчына – сапраўдная беларуска: блакітныя вочы, светлыя валасы, ды і говар наш, тутэйшы. Марта не патрабавала ад усіх, з кім гаварыла, таксама адказваць ёй па-беларуску. Але ты нявольна рабіў гэта сам, не заўважаючы. І так было не са мной адной. Растлумачыць гэтую цудоўную з’яву можна толькі тым, што на самой справе ў кожным з нас жыве сапраўдная душа беларуса-патрыёта, які шануе родную мову і краіну.

Гэты артыкул увогуле – мой крык душы за родную мову. Яна не знікае! Яе шырока выкарыстоўваюць ва ўніверсітэтах, наколькі мне вядома, на беларускім тэлебачанні і радыё, на старонках газет. Але не часта ў говары сярод падлеткаў… Мы, моладзь, ідзем за модай. Спадзяюся, што ў хуткім часе з’явяцца звесткі аб новай модзе. Модзе на беларускую мову!

Кацярына МЕДВІДЗЬ.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: