Дзве мовы ў мяне – жыцця майго асновы

10 верасня ў абласным цэнтры адбылося адкрыццё Міжнароднага фестывалю-свята «Славянскія літаратурныя дажынкі-2020».

Штогод Гомельская вобласць сустракае ўдзельнікаў фестывалю «Славянскія літаратурныя дажынкі», якому ў 2020-м споўнілася 15 гадоў. Фестываль аб’ядноўвае пісьменнікаў і майстроў мастацтваў Беларусі, Расіі і Украіны з мэтай папулярызацыі традыцый нацыянальнай культуры і друкаванага слова, прыцягнення ўвагі да беларускай літаратуры і абмену вопытам з замежнымі калегамі і сябрамі. На гэты раз у Гомель прыехала больш 200 прафесійных літаратараў, маладых творцаў і аматараў мастацтва і слова, каб акунуцца ў насычанае фестывальнае жыццё.

Па словах старшыні аддзялення Уладзіміра Гаўрыловіча за 15 гадоў адбылося станаўленне арганізацыі. Шматгранная дзейнасць амаль сямі дзясяткаў літаратараў ярка адлюстроўваецца не толькі ў культурным жыцці па месцы жыхарства пісьменнікаў, але стала прыкметнай і запатрабаванай у рэгіёне і за межамі краіны. За гэты час заснавана і праведзена 95 літаратурных конкурсаў, працягваецца работа па ўвекавечанні як класікаў беларускай літаратуры – ураджэнцаў Гомельскай вобласці, так і таленавітых творцаў рэгіёна. Да прыкладу, дзякуючы ініцыятыве пісьменнікаў за сабраныя спонсарскія сродкі ўвекавечана памяць Івана Сяркова (адкрыта мемарыяльная дошка ў аграгарадку Пакалюбічы Гомельскага раёна, яго імем названа адна з вуліц гэтага населенага пункта). Мемарыяльная дошка адкрыта ў Гомелі ў памяць Анатоля Грачанікава. З лёгкай рукі абласнога аддзялення СПБ і пры непасрэдным удзеле пісьменніцкай грамадскасці створаны музей Мікалая Гамолкі ў Жыткавічах. Канцэптуальна абнавіўся і Музей літаратуры Гомельшчыны ў абласным цэнтры, арганізаваны па ініцыятыве актыву аддзялення і падтрымцы аблвыканкама. І, безумоўна, абласная арганізацыя заснавала і застаецца нязменным ініцыятарам Міжнароднага фестывалю-свята «Славянскія літаратурныя дажынкі». Фестываль за гэтыя гады стаў адным з сапраўдных брэндаў рэгіёну. Ён накіраваны на падтрымку пісьменнікаў і іх працы, папулярызацыю творчых людзей вобласці і славянскіх краін. Немалаважна таксама выяўленне і падтрымка таленавітых аўтараў, у тым ліку сярод моладзі. Менавіта са «Славянскіх літаратурных дажынак» вырас новы фестываль у Няклінаўскім раёне Растоўскай вобласці (Міжнародны фестываль моладзевай паэзіі і перакладаў «Берагі дружбы»). З 2020 года Гомельскае абласное аддзяленне СПБ сумесна з калегамі з Украіны і Балгарыі рэалізуе яшчэ адзін міжнародны праект па перакладзе твораў на славянскія мовы.

На ўрачыстым сходзе, прысвечаным 15-годдзю Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі», 15-годдзю фестывальнага літаратурнага руху на Гомельшчыне прысутнічалі кіраўнікі вобласці і горада Гомеля, прадстаўнікі Гомельскай епархіі, дэлегацыі Саюза пісьменнікаў Беларусі, Расіі, Украіны, а таксама госці фестывалю.

Дз. Ул. Язерскi, А. I. Алексiна, протаіерэй Арцемій Крывіцкі, Ул. А. Прывалаў.

Словамі прывітання адкрыў фестываль намеснік старшыні абласнога выканаўчага камітэта Ул. А. Прывалаў.

Уладзімір Аляксандравіч уручыў дыпломы пераможцаў Літаратурнай прэміі Кірылы Тураўскага-2020.

Узнагароды пераможцам конкурсу ўручыў Ул. А. Прывалаў.

Безумоўна, у адрас удзельнікаў фестывалю была яшчэ незлічоная колькасць прывітанняў ад пачэсных асоб і замежных гасцей.

Так, со словамі віншавання па даручэнні Прэзідыума Саюза пісьменнікаў Беларусі выступіў старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення Аляксандр Казека; сакратар Саюза пісьменнікаў Расіі Васіль Дварцоў, кіраўнік аўтаноміі «Беларусы Няклінаўскага раёна Растоўскай вобласці» Леанід Север, старшыня Калужскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Вадзім Цярохін, старшыня Саюза пісьменнікаў Украіны Анатоль Міроненка, намеснік старшыні Бранскай пісьменніцкай абласной арганізацыі Людміла Ашэка і іншыя.

У рамках фестывалю па благаславенні Высокапраасвяшчэннейшага Стэфана, арцыбіскупа Гомельскага і Жлобінскага прайшла прэзентацыя «Летапісу Гомельскай епархіі», прысвечанай 95-годдзю стварэння і 30-годдзю з дня адраджэння Гомельскай епархіі. Старшыня аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі протаіерэй Арцемій Крывіцкі азнаёміў усіх прысутных з унікальным выданнем, падаўшы магчымасць бліжэй азнаёміцца як з мінулым, так і з сучаснасцю. У ўдзельнікаў прэзентацыі была магчымасць аднымі з першых набыць унікальнае выданне. Падчас мерапрыемства протаіерэй Арцемій Крывіцкі ўручыў дыпломы і памятныя падарункі пераможцам конкурсу «Праваслаўе — мая надзея!», арганізаванага Гомельскай епархіяй сумесна з Гомельскім абласным аддзяленнем ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі».

Удзел у XV Міжнародным фестывалі-свяце «Славянскія літаратурныя дажынкі-2020» прынялi не толькі абласная бібліятэка, але і бібліятэкі Гомельскай вобласці. Для гасцей свята – літаратараў Беларусі, Расіі і Украіны – былі прадстаўлены выставачныя праекты абласной бібліятэкі «З любоўю да Гомельшчыны» і «Літаратурны музей народных пісьменнікаў Беларусі, ураджэнцаў Гомельшчыны», выставы «Гомельшчына літаратурная», «Лаўрэаты прэміі імя Кірылы Тураўскага», «Берагі дружбы». Бібліятэкі Гомельскага, Мазырскага, Добрушскага, Рагачоўскага, Лоеўскага, Чачэрскага, Калінкавіцкага, Хойніцкага раёнаў і горада Гомеля падрыхтавалі інтэрактыўныя выставачныя пляцоўкі, прысвечаныя жыццю і творчасці пісьменнікаў-землякоў.

Прыемнымі падарункамі ўдзельнікам фестывалю сталі музычныя нумары ад народнай артысткі Беларусі Ганны Паўленок, інструментальнага трыо «Лірыца», ансамбля славянскай песні «Збіцень», камернага хору абласной філармоніі пад кіраўніцтвам галоўнага дырыжора, заслужанага дзеяча мастацтва Беларусі Алены Сакаловай і іншых.

Прывiтанне ўдзельнiкам фестывалю ад моладзi Гомельшчыны.

Пад час мерапрыемства былі ўручаны шматлікія ўзнагароды тым, хто стаў намінантам, а таксама прадстаўнікам дэлегацый за супрацоўніцтва і як падзяку за падтрымку творчай дзейнасці прадстаўнікам улады.

Ул. М. Гаўрыловiч уручыў дыплом А. I. Алексiнай.

У рамках плана фестывалю 11 верасня мерапрыемствы пройдуць на Тураўшчыне, а вынікі падвядуць ў Гомелі, дзе будуць прызначаны новыя накірункі дзейнасці і супрацоўніцтва.

Паэты Гомельшчыны А. Р. Каляда i Р. Ул. Бабчанок.

Наталля КАНОПЛІЧ,
фотаздымкі аўтара.