Эксперт Мікалай Сухоцкі: Моладзь проста імкнецца зрабіць прыгожую аватарку

У сёлетніх палітычных працэсах досыць актыўную ролю выконвае пакаленне беларусаў, якое Прэзідэнт у сваім Пасланні народу і парламенту назваў цікавым і вельмі разнастайным, свабодалюбівым і неабыякавым. «Звязда» распытала пра гэтую з’яву аналітыка Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў, галоўнага саветніка аддзела сацыялагічных даследаванняў БІСД Мікалая СУХОЦКАГА.

— Мікалай Мікалаевіч, што азначае вывешванне медалёў і грамат на школьныя агароджы, фатаграфіі якіх можна было ўбачыць у Інтэрнэце нядаўна?

— Што датычыцца вывешвання медалёў і грамат у асобных школах, магу адназначна сказаць, што гэта не стыхійная ідэнтыфікаваная моладзевая форма пратэсту, а спланаваная арганізаваная акцыя, «творча прапрацаваная» і палітычна ангажаваная. Яна відавочна паказвае на выкарыстанне ідэолагамі падобных «перформансаў» псіхалагічных асаблівасцяў моладзі: юнацкага максімалізму, адсутнасці крытычнага мыслення, схільнасці да хайпу і неадназначнага крэатыву. На жаль, негатыўным момантам з’яўляецца тое, што праз маніпулятыўныя палітычныя нагоды абясцэньваюцца рэальныя дасягненні вучняў і настаўнікаў, наносіцца шкода адукацыйнаму працэсу.

Сацыёлагі адзначаюць, што ў грамадскай думцы школа традыцыйна ацэньвалася пазітыўна, але пры гэтым самі настаўнікі заўсёды былі «на перадавой» у сферы работы з моладдзю. У выніку педагагічныя работнікі нярэдка станавіліся ўразлівай катэгорыяй для кпінаў і стыгматызацыі — і сёння ў іх бок незаслужана пасыпаліся абвінавачванні ў нейкіх «падвойных стандартах».

Сведчаннямі наяўнасці негатыўных тэндэнцый у станаўленні маладога пакалення сталі канфліктная сітуацыя з гомельскай настаўніцай, у якую ўмяшаўся асабіста кіраўнік дзяржавы, і забойствы настаўнікаў у Стоўбцах і Чэрыкаве. Гэтыя інцыдэнты кажуць, што адносіны ў сістэме «настаўнік — вучань» цяпер перажываюць пэўны крызіс, які неабходна пераадолець сумеснымі намаганнямі педагогаў, бацькоў і навучэнцаў.

— Чаму школьнікі сёння рэзка аказаліся настолькі палітызаванымі, што ўдзельнічаюць у мітынгах і дэманстрацыях?

— Моладзь як сацыяльна-дэмаграфічная група з’яўляецца больш схільнай да змены настрою, радыкальных паводзінскіх установак, адкрытага выказвання эмоцый, чым прадстаўнікі старэйшых узроставых груп.

У дадзеным выпадку немалаважную ролю адыгрывае фактар «флэшмобнасці» пратэстных акцый, а для моладзі флэшмоб — гэта яшчэ і форма міжасобаснай камунікацыі, дачынення да таго, што адбываецца. Немалаважнае значэнне мае фактар лічбавізацыі грамадства: магчымасці сацыяльных медыя дазваляюць сфарміраваць каналы асабістай рэпрэзентацыі. Адпаведна, моладзь хоча зафіксаваць свой удзел і дачыненне да пратэстнага руху, імкнецца зрабіць прыгожую аватарку ў профілі сацыяльных сетак.

Пры гэтым вынікі апытання, праведзенага ў 2020 годзе Акадэміяй кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, красамоўна кажуць пра апалітычнасць беларускай моладзі. Так, у рабоце партый і іншых палітычных арганізацый у нашай краіне ўдзельнічала менш за адзін працэнт маладых людзей ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў, а большасць юнакоў і дзяўчат (каля 60 працэнтаў) наогул не цікавіцца палітыкай. Асноўнымі формамі ўдзелу моладзі ў палітычным жыцці краіны з’яўляюцца неактыўныя: галасаванне на выбарах, а таксама абмеркаванне палітыкі з сябрамі і знаёмымі. Такім чынам, нельга казаць пра масавую палітызацыю навучэнцаў школ і студэнтаў, хутчэй гэта падлеткі і маладыя людзі, якіх так ці інакш уцягнулі ў гэтыя пратэсты палітызаваныя дарослыя. Самі па сабе падлеткі гэтым займацца не будуць, ім заўсёды патрэбны прыклад старэйшых — бацькоў або аўтарытэтных асоб. Акрамя таго, маніпулятары выкарыстоўваюць пачуццё патрыятызму і справядлівасці, якія разумеюцца моладдзю ілжыва.

— Ці можна моладзь купіць — ці гатовая яна за грошы хадзіць на шэсці з плакатамі, ілжэсведчыць супраць праваахоўнікаў?

— Купіць або адпаведным чынам матэрыяльна прастымуляваць можна абсалютна любога чалавека незалежна ад узросту і сацыяльнага становішча. У прадстаўнікоў дарослых узроставых груп хутчэй будзе прысутнічаць ярка выражаны фактар матэрыяльнага ўзбагачэння. Моладзь жа дастаткова прыцягнуць не грашыма, а заклікам далучыцца да таго, што адбываецца. Пры сваім імкненні да «дзвіжухі» моладзь можа актыўна пратэставаць зыходзячы са свайго псіхаэмацыянальнага стану, схільнасці да рэзкіх крокаў, радыкальных паводзінаў. Матэрыяльны фактар, вядома, тут можа прысутнічаць, але галоўным чынам задзейнічаны не грошы, а юнацкая максімалісцкая свядомасць.

Таму я б не гаварыў пра ўсю моладзь у цэлым. Хутчэй за ўсё, асобныя прадстаўнікі маладога пакалення могуць пайсці на падобнае, аднак глыбока перакананы, што гэта меншасць. Думаю, што ў нашай краіне вялікая частка маладога пакалення — выдатныя, мэтанакіраваныя, таленавітыя юнакі і дзяўчаты, якія ведаюць сабе цану і шануюць стабільнасць і дасягненні краіны. Пры гэтым безумоўна, што нейкую частку моладзі можна лёгка захапіць прыгожымі лозунгамі, кажучы пра іх унікальнасць, неверагоднасць, гуляючы на эмоцыях, без якіх маладое пакаленне проста не можа існаваць у прынцыпе.

Маладыя людзі па сваёй сутнасці ідэалісты, і ім досыць блізкая тая позва, якую прапаноўваюць хэдлайнеры пратэстаў. Для часткі юнакоў і дзяўчат сёння галоўнае — пабузіць, хайпануть, падамінаваць над дарослымі і зліць усё гэта ў сетку, не задумваючыся аб наступствах.

— Ці адрозніваецца сучасная беларуская моладзь ад аднагодкаў у іншых краінах, напрыклад, заходнееўрапейскіх?

— Мне здаецца, што ў савецкі перыяд адрозненні моладзі СССР і Захаду былі больш значныя. Сёння, на мой погляд, паводзінскія і асобасныя характарыстыкі беларускай і заходнееўрапейскай моладзі збольшага падобныя, а наяўныя адрозненні больш звязаныя з сацыякультурным аспектам. Так, не выключаныя праекцыі этнастэрэатыпаў і рэлігійных установак. Напрыклад, у маладых каталікоў з Беларусі і Польшчы адрозненняў будзе менш, чым у каталікоў і праваслаўных.

Таксама можна ўпэўнена казаць, што заходнееўрапейская моладзь больш індывідуалістычная, чым беларуская, і менш арыентавана на сям’ю і дзяцей. Так, па дадзеных параўнальнага сацыялагічнага даследавання, праведзенага Інстытутам сацыялогіі НАН Беларусі і Літоўскім адукацыйным універсітэтам (г. Вільнюс) у 2016 годзе сярод беларускай і літоўскай моладзі, высветлілася, што для прыбалтыйскіх юнакоў і дзяўчат больш значнымі аказаліся такія каштоўнасці, як улада, магчымасць уплываць на іншых людзей; вольны час і хобі; цікавая праца, кар’ера, прафесіяналізм у сваёй справе. Для беларускіх маладых людзей больш важнымі аказаліся высокае становішча ў грамадстве; дзеці; матэрыяльна забяспечанае жыццё, фізічная прыгажосць, прывабнасць.

Супастаўленне базавых каштоўнасцяў дазволіла зрабіць выснову — у літоўскай моладзі ў большай ступені выказана група сэнсажыццёвых каштоўнасцяў «дзеля сваёй справы» — у адрозненне ад беларускай, дзе вышэй значнасць групы «дзеля блізкіх».

Зразумела, без вялікага і свежага параўнальнага даследавання цяжка рабіць узважаную выснову пра тое, у чым яшчэ сёння заключаюцца адрозненні беларускай і заходнееўрапейскай моладзі. Асобная праблема ў кантэксце дадзенага пытання — Беларусь рэдка ўключаецца ў агульнаеўрапейскія даследаванні, што не дазваляе рабіць падобныя параўнанні.

— Што трэба зрабіць, каб не было нагоды казаць: моладзь страчана?

— Адказ на пытанне на першы погляд просты — трэба правільна выхоўваць моладзь. Аднак тут ёсць шэраг праблем, якія трэба ўлічыць у сучасным адукацыйна-выхаваўчым працэсе. Для пачатку — прызнаць, што свет змяніўся, і немагчыма выкарыстоўваць у рабоце з моладдзю метады і інструменты, якія сваімі каранямі сыходзяць да 60-х гадоў мінулага стагоддзя.

Так, жыццёвыя прынцыпы маладых беларусаў усё больш адрозніваюцца ад ідэалаў савецкага перыяду і ўсё больш уключаюць у сябе каштоўнасці індывідуалізму і прыватнасці, уласцівыя рынкавай сацыяльна-эканамічнай сістэме і заходняму ладу жыцця. «Меркай» жыццёвага поспеху ў сучаснай моладзі, у першую чаргу, з’яўляецца матэрыяльны дабрабыт: магчымасць купляць тое, што хочацца і падабаецца, распараджацца ўласнай маёмасцю, свабодна выбіраць род заняткаў, месца жыхарства і перамяшчэння. Да прыкладу, у якасці галоўнай умовы, якая вызначае выбар работы, маладыя людзі вылучаюць велічыню заработнай платы і значна менш увагі звяртаюць на іншыя бакі — добрыя ўмовы і рэжым працы. Гэта азначае, што ў дадзеным пакаленні моладзі склалася ўспрыманне рэчаіснасці, якое культывуе стаўку на паспяховасць, матэрыяльны дастатак, дасягненне высокага прафесійнага і сацыяльнага статусаў. Сёння ў шматлікіх маладых людзей зашкальваюць асяродкавыя ўплывы, асабліва адчувальнае для іх сацыяльнае расслаенне. Так, некаторыя дзеці ўжо камплексуюць па прычыне наяўнасці або адсутнасці ў іх айфона альбо андроіда пэўнай маркі, недастаткова высокага, на іх думку, статусу бацькоў.

Трэба памятаць, што цяпер на свядомасць моладзі прыкметна ўплываюць сацыяльныя сеткі і Tеlеgrаm-каналы. Сацыёлагі фіксуюць: інтэрнэтам карыстаюцца практычна ўсе юнакі і дзяўчаты штодня. Пры гэтым маладыя людзі самі знаходзяць адказы на пытанні, якія іх цікавяць, у віртуальнай прасторы — праз прагляд ролікаў папулярных блогераў на YоuTubе і іншых пляцоўках. Як вынік, у юнакоў і дзяўчат узнікаюць свае аўтарытэты і ролевыя мадэлі, якія часта фарміруюць скажоныя каштоўнасці і арыенціры. Гэта, безумоўна, патрабуе ўвядзення ў інтэрнэт-прастору пазітыўных узораў паводзінаў пры дапамозе лідараў меркаванняў.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА