Добрая памяць беларускага класіка. Мемарыяльны літаратурны пакой Івана Мележа ствараецца на растоўскай зямлі

На растоўскай зямлі ствараецца мемарыяльны літаратурны пакой народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа. Гэта запланавана якраз на 100-годдзе народнага пісьменніка Беларусі. Удзельнікамі гэтай важнай падзеі адначасова стануць няклінаўцы і гамяльчане: пісьменнікі, бібліятэчныя работнікі і краязнаўцы (жыхары Няклiнаўскага раёна Растоўскай вобласцi), прадстаўнікі органаў мясцовай улады дзвюх краін.

У анлайн-фармаце пройдзе міжнародны тэлемост, пад час якога ўрачыста беларусы і расіяне адкрыюць новую музейную экспазіцыю, а таксама абмяркуюць далейшае супрацоўніц-
тва на ніве культуры і літаратуры. Пра гэта паведаміў старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Уладзімір Гаўрыловіч.


У 2017 годзе Пятрушынскай сельскай бібліятэцы, што ў Растоўскай вобласці, прысвоена імя класіка беларускай літаратуры Івана Мележа. Такое рашэнне прынята на заканадаўчым узроўні расійскага рэгіёну як вынік плённага творчага супрацоўніцтва пісьменнікаў Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» і іх расійскіх калег.

Як удакладніў Уладзімір Гаўрыловіч, беларускія і расійскія літаратары з Растоўскай вобласці пасябравалі даўно, актыўна працуючы разам у межах двух творчых праектаў – міжнароднага фестывалю-свята «Славянскія літаратурныя дажынкі» і ўзнікшага пазней міжнароднага фэсту-конкурсу паэзіі і паэтычных перакладаў «Берагі дружбы».

Час паказаў: да творчасці класіка беларускай літаратуры ў расійскай глубінцы цікавасць з году ў год толькі павялічвалася. На базе бібліятэкі, якая носіць яго імя, штогод ладзяцца канферэнцыі, творчыя сустрэчы, у тым ліку з гомельскімі творцамі, якія ўдзельнічаюць у працы фестывалю «Берагі дружбы».

А праз нейкі час па ініцыятыве супрацоўнікаў бібліятэчнай установы і пры падтрымцы мясцовых уладаў, нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Растоўскай вобласці» і нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Кубані» было прынята рашэнне аб далейшай папулярызацыі творчасці беларускага пісьменніка. Годная ініцыятыва зноў аб’яднала творцаў і работнікаў культуры дзвюх краін. Так, па просьбе Савета аддзялення СПБ работнікі Хойніцкага краязнаўчага музея і мемарыяльнага літаратурнага музея Івана Мележа ў г. Хойнікі зрабілі нямала электронных копій фотадакументаў, звязаных з жыццём і творчасцю пісьменніка-земляка, копій арыгіналаў дакументаў, накіравалі іх у Растоўскую вобласць. Усе яны былі скарыстаны пры падрыхтоўцы экспазіцыі.

Мікалай ІГНАТОВІЧ.