Перамога будзе за намі! Партызанскі рух у Мазыры

162

Працяг. Пачатак → Перамога будзе за намі! Да 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны

Рабіліся пэўныя захады па арганізацыі партызанскага руху і падполля. 23 ліпеня на пасяджэнні бюро Палескага абкома КП(б)Б, на якім прысутнічалі сакратары ЦК КП(б)Б В. Ванееў і В. Уласаў, кіруючыя работнікі вобласці, былі зацверджаны саставы абласной (Ф. Языковіч, Т. Зайцаў, І. Івашчанка) і раённых падпольных партыйных органаў (троек), а таксама камандна-палітычны састаў партызанскіх атрадаў, створанных у раёнах вобласці.

У Мазыры быў адкрыты філіял партызанскай школы з колькасцю навучэнцаў 200 чалавек, дзе за кароткі тэрмін людзей навучылі валодаць агнястрэльнай зброяй, выбуховымі рэчывамі, яны атрымалі матэрыяльнае забеспячэнне і праваднікоў. На працягу двух летніх месяцаў 1941 г. у мазырскім філіяле школы ЦК КП(б)Б і аператыўна-навучальным цэнтры па падрыхтоўцы партызанскіх кадраў былі сфарміраваны 34 невялікія ініцыятыўныя фарміраванні народных мсціўцаў – усяго каля 440 чалавек.

Важная роля ў арганізацыі і разгортванні партызанскай вайны належала органам НКУС–НКБД. На тэрыторыі Беларусі з ліку цэнтральнага апарата гэтых органаў і курсантаў школ фарміраваліся партызанскія групы і атрады ў раёнах, часткова занятых ворагам, і прылягаючых да франтавой паласы. У ліпені 1941 г. з супрацоўнікаў міліцыі і дзяржбяспекі былі арганізаваны мабільныя групы, якія накіроўваліся на акупіраваную тэрыторыю для стварэння партызанскіх атрадаў.

Больш за 500 аператыўных супрацоўнікаў накіраваў летам 1941 г. НКУС БССР у прыфрантавыя раёны Палескай, Мінскай, Віцебскай і Гомельскай абласцей. Такая дыверсійная група была накіравана і ў Мазырскі раён.

Здача нарматываў на атрыманне значка «Готов к труду и обороне» мазыранамі. 1935 г.

З першых дзён вайны ў Савецкай краіне прымаліся захады па пераводу эканомікі на ваенныя рэйкі. Адбывалася перабудова прадпрыемстваў на выпуск ваеннай прадукцыі, эвакуацыя матэрыяльных і культурных каштоўнасцей, насельніцтва на ўсход. 25 чэрвеня 1941 г. была арганізавана Цэнтральная эвакуацыйная камісія пры СНК БССР, якую ўзначаліў старшыня СНК І. Былінскі. Усяго было эвакуіравана каля 1,5 млн грамадзян Беларусі, вывезена 124 буйных прамысловых і 14 прамысловых арцеляў.

Была пераведзена на ваенны лад і работа мазырскіх прадпрыемстваў: арцель «Молат» пачала выпускаць карпусы гранат, аўтамайстэрні прыступілі да рамонту франтавых машын, усе швейныя прадпрыемствы перайшлі на пашыў ваеннага абмундзіравання і амуніцыі і г. д.

Па прапанове аднаго з супрацоўнікаў арцелі «Праца» была павялічана працягласць рабочага дня на дзве гадзіны, што зрабіла большай прадукцыйнасць працы на 10 %. Рабочыя арцелі «Молат» адмовіліся ад выхадных дзён, колькасць стаханаўцаў у ёй павялічылася з 72 да 176 чалавек.

Для арганізацыі эвакуацыйнымі работамі ў Палескую вобласць 29 чэрвеня была накіравана група наркомаў на чале з сакратаром ЦК КП(б)Б В. Уласавым і намеснікам старшыні СНК БССР І. Крупеней. Мазырскія фанерныя фабрыкі «Чырвоны кастрычнік» і «Звязда», мэблевая фабрыка «Профінтэрн», лесазавод «Пралетарый» былі вывезены ў Архангельскую, Пензенскую, Арлоўскую і іншыя вобласці СССР. Усяго з Мазыра і іншых раёнаў Палескай вобласці было эвакуіравана 14 буйных прадпрыемстваў.

Праводзілася эвакуацыя тэхнікі і рэсурсаў сельскай гаспадаркі. З Палескай вобласці былі эвакуіраваны на ўсход Савецкай краіны 861 трактар (з 1028), 89 камбайнаў (з 132), 115 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы, 42,6 тыс. авечак.

У эвакуацыю накіравалі 8355 т збожжа і яшчэ 350 т былі перададзены вайскоўцам Чырвонай Арміі. Як адзначае гісторык Леанід Сугака, Палеская вобласць была адзінай у БССР, дзе не прыйшлося знішчаць запасы збожжа, каб яны не дасталіся ворагу.

З пачаткам вайны змянілася штодзённае жыццё мазыран. 25 чэрвеня 1941 г. загадам па Мазырскаму гарнізону і г. Мазыру быў уведзены каменданцкі час. З 23.00 да 5.00 па гораду спыняўся рух, акрамя аўтамашын і асоб, якія мелі асобныя прапуска. Больш жорсткім стаў пашпартны рэжым. Уладары дамоў, жэкты і ўпраўдомы адказвалі за прыпіску сваіх жыхароў, непрыпісаных прадугледжвалася прыпісаць на працягу 24 гадзін, аб усялякіх змяненнях у складзе жыхароў патрэбна было ставіць у вядомасць міліцыю. Часова быў забаронены выезд з Мазыра і яго ваколіц.

Гарадскі сквер на пл. Леніна. 1936 г.

Мазырская падпольшчыца Н. Замыка распавядала пра жыццё мазыран летам 1941 г. наступнае: «Войну я встретила, как и все советские люди, с тревогой и волнением. Город как бы преобразился, посуровел. Шла кропотливая работа на предприятиях. Люди уходили на фронт защищать свою Родину от ненавистного врага… Радио все больше и больше приносило сообщений о захвате фашистами наших городов… Тревога с каждым днем нарастала.

В городе уже велись работы по эвакуации предприятий, по всему чувствовалось приближение фронта. В центре города упала бомба, но, к счастью, не взорвалась. Прибывали сотни беженцев с западных областей. Они плелись усталые с красными от бессонницы глазами».

Мазыр быў апошнім з дзесяці абласных цэнтраў БССР, які 22 жніўня 1941 г. была вымушана пакінуць Чырвоная Армія. Паводле дырэктыў партыйных і савецкіх органаў прадугледжвалася знішчэнне прамысловых прадпрыемстваў, каштоўнага абсталявання, якія вывезці на ўсход краіны не было магчымасці. Таму пры адступленні атрадамі народнага апалчэння ў горадзе былі знішчаны вадаправод, электрастанцыя, тэлеграф, масты цераз р. Прыпяць (чыгуначны і два драўляных), хлебзавод і іншыя прадпрыемствы.

У жыцці горада пачаўся новы перыяд – акупацыйны.

* * *

У сувязі з 80-годдзем пачатку Вялікай Айчыннай вайны, шануючы памяць аб усіх героях, якія перамаглі фашызм, мы павінны памятаць, што кожная вайна, перш за ўсё, трагедыя для народа, яна, «як правіла, вядзе да буйных чалавечых ахвяр, страты матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, разбуральна ўздзейнічае на грамадства…». Неабходна, каб у грамадстве ХХI ст. пашыралася і паступова пануючай стала думка аб тым, што нельга эканамічныя, нацыянальныя, грамадска-палітычныя, рэлігійныя, тэрытарыяльныя і іншыя праблемы даводзіць да супярэчнасцей, якія патрэбна будзе вырашаць «сродкамі ўзброенага насілля».

Таццяна Нікіціна, гісторык.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: