80 гадоу таму нямецка-фашысцкiя акупанты знiшчылi Мазырскае гета

305
Пачуйце крыкi цiшынi

Не схіліўшы галавы

У 1939 г. у Мазыры жыло 17,5 тыс. чалавек, 39 % з іх складалі яўрэі.

У даваенны час мазыране, прадстаўнікі розных нацыянальнасцей жылі ў згодзе, не выключэннем былі і змешаныя шлюбы. Калі пачалася вайна, многія яўрэі не паспелі эвакуіравацца з Мазыра. У асноўным гэта былі мнагадзетныя сем’і, жанчыны, людзі сталага ўзросту і хворыя.

Сам факт прыналежнасці да яўрэйскага народа прадвызначаў лёс чалавека. Яўрэі ведалі, што іх чакае, таму некаторыя канчалі жыццё самагубствам. Так, у кнізе «Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Мазыра і Мазырскага раёна» прыводзяцца звесткі пра тое, што, калі стала вядома пра масавыя расстрэлы яўрэяў у 1941 г., жыхарка ст. Мазыр Роза Шнітман з бацькам і дочкамі трох і пяці гадоў, узяўшыся за рукі, пайшлі ў Прыпяць і ўтапіліся.

У Мазыры адбыўся акт самаспальвання прадстаўнікоў яўрэйскага насельніцтва. Пра гэта паведамлялася ў дакладной запісцы малодшага лейтэнанта дзяржбяспекі Хмялеўцава, які быў пакінуты для работы ў падполлі: «Примерно 31 августа с. г. (1941 г. – заўвага аўтара) несколько еврейских семей собрались в один дом, облили его керосином, внутри дома зажгли себя сами и все погорели». Гэта быў дом цесляра Элі Гафштэйна, падпаліць які па жэрабі давялося Соне Гафштэйн, якая згарэла разам з ўсімі. Там загінуў 21 чалавек, самаму малодшаму было 6 гадоў, старэйшаму – 81 год. Ва ўшанаванне гэтай падзеі ў г. Ашдод (Ізраіль) аднаму з паркаў нададзена найменне «Герояў Мазыра», а ў Мазыры на месцы, дзе адбылася гэта падзея, устаноўлены памятны знак.

Апошні прытулак

На акупаванай нацыстамі тэрыторыі ствараліся гета – раёны гвалтоўнай ізаляцыі яўрэяў. Адно з іх знаходзілася ў Мазыры ва ўрочышчы Рамашоў Роў, аб лёсе яго жыхароў і пойдзе размова далей. Акрамя таго, у рапарце сяржанта дзяржбяспекі Мурзінава адзначалася, што ў Мазыры «яўрэйскае насельніцтва з горада выселена на акраіну – Кімбараўскую вуліцу – і ў кожнага з яўрэяў на левай руцэ і спіне жоўтай фарбай зроблена паласа». Можна мерка-
ваць, што ў гэтым раёне горада яўрэі ўтрымліваліся нядоўгі час, пасля чаго яны былі знішчаны або пераселены ў гета па вул. Рамашоў Роў.

Мазырскае гета было створана восенню 1941 г. Праводзілі ў жыццё гэты загад гарадская паліцыя і акупацыйныя войскі, у тым ліку і чэхаславацкія злучэнні. У раён Рамашова Рова былі звезены яўрэйскія і цыганскія сем’і, якія жылі ў розных вёсках Мазырскага, Ельскага, Нараўлянскага, Юравіцкага раёнаў. Яўрэяў і цыган з вёсак у горад звозілі мясцовыя старасты разам з вясковымі паліцэйскімі. Да канца снежня 1941 г. у гета было сабрана ўсё яўрэйскае насельніцтва з Мазыра і яго наваколля, а таксама так званыя «мешанцы», у якіх адзін з бацькоў быў яўрэем.

Забараняліся ўсе адносіны паміж яўрэямі і неяўрэямі. У дакументах, выдадзеных акупацыйнымі ўладамі, падкрэслівалася, што ў раёне гета «неевреи жить не должны». Кожны жыхар гета павінен быў насіць «знаки отличия на поверхности одежды – желтый кусок материи величиной с ладонь, пришитый крепко. Он должен быть прикреплен так, чтобы его было отчетливо видно спереди и сзади даже тогда, когда верхняя одежда снимается».

У створаным гета былі цяжкія ўмовы для жыцця. У адной хаце жыло па 10–15 чалавек. Лагер быў абнесены дротам, па начах яго ахоўвалі немцы. Жыхары гета паступова знішчалiся. У рапарце сяржанта дзяржбяспекі Коркава паведамлялася пра тое, што ў Мазыры «немцы собрали 230 человек евреев, в том числе и женщин с грудными детьми, завели их по пояс в реку Припять и из пулемета расстреляли». Другі раз нацысты прымусілі старых яўрэяў насіць ваду на гару, а калі ў тых сілы скончыліся, іх расстралялі і не дазвалялі прыбіраць трупы на працягу некалькіх дзён.

Звычайны фашызм

Лічыцца, што мазырскае гета перастала існаваць у студзені 1942 г. Вечарам 6 студзеня 1942 г. уся тэрыторыя гета была ачэплена войскамі СД і СС, якія разам з паліцэйскімі выгналі з дамоў 306 жыхароў, у тым ліку 120 дзяцей і падлеткаў, 107 мужчын і жанчын ва ўзросце ад 18 да 60 гадоў, 79 старых.

Вязням не дазвалялася браць з сабой ніякіх рэчаў. Арыштаваныя былі накіраваны ў турму, дзе з іх знялі добрае аддзенне і абутак. Пасля рэгістрацыі частка людзей была змешчана ў камеры, а большасць – жанчыны з дзецьмі – пакінуты пад адкрытым небам на марозе. На наступны дзень, 7 студзеня, гэтых людзей, частка з якіх была толькі ў нацельнай бялізне, пагналі босых па снезе пад узмоцненым канвоем у раён в. Бабры.

Вось як распавядала пра гэта сведка тых падзей Н. Г. Міцкевіч: «7 января 1942 г., это было на первый день Рождества, я с группой женщин-односельчанок из д. Козенки шла в г. Мозырь. При входе в г. Мозырь, в конце ул. Чкалова, около 11 часов утра мы встретили большую группу, примерно человек 100–150 молодежи, стариков и детей еврейской национальности, которые строем шли под конвоем вооруженных автоматами немецких солдат, офицеров и полицейских. Вслед за этой группой жителей г. Мозыря шло около шести подвод, на которых сидели женщины с грудными детьми и несколько слабых здоровьем стариков, все они шли по дороге в сторону д. Бобры». Па дарозе да месца расстрэлу аднаму з вязняў паліцэйскі перабіў руку, а спрабаваўшага зрабіць уцёк, былога рэдактара мазырскай раённай газеты Яфіма Рубінштэйна расстралялі з ручнога кулямёта.

Ва Ўпраўленні КДБ па Гомельскай вобласці захоўваюцца дакументы, якія сведчаць пра тое, з якой жорсткасцю праводзілася аперацыя 6–7 студзеня 1942 г.:

«…Жандармы совместно с полицейскими стали толкать к склону оврага мелкими группами по три–четыре человека… Открывали по ним ружейный огонь, и убитые люди скатывались вниз, в овраг. Таким образом были расстреляны женщины с грудными детьми, которых они прижимали к себе. Над всем этим стоял неимоверный крик и плач людей, подвергавшихся расстрелу… Процесс расстрела продолжался не более двух часов, после этого полиция и жандармерия спустились в овраг и из винтовок расстреляли некоторых оставшихся в живых людей».

Расстрэлы працягваліся некалькі дзён, а пасля гэтага пэўны час у Мазыры праводзіліся аблавы. Шукалі тых, хто здолеў збегчы з гета. Калі знаходзілі – расстрэльвалі на месцы або накіроўвалі спачатку ў турму, а потым вялі ў роў каля в. Бабры, дзе іх расстрэльвалі.

Надзвычайная камісія па расследаванні і ўстанаўленні злачынстваў, здзейсненых нямецка-фашысцкімі захопнікамі на тэрыторыі Палескай вобласці, якая працавала ў Мазыры ў 1944–1945 гг., на падставе экзгумацыі, паказанняў сведак і іншых матэрыялаў устанавіла, што частка людзей была закопана ў зямлю яшчэ жывымі. У некаторых людзей рукі былі закладзены назад і звязаны дротам. Частка ахвяр, у тым ліку жанчыны і дзеці, была моцна знявечана.

Застацца чалавекам

У гады Другой сусветнай вайны жыхары акупаваных краін дапамагалі яўрэйскаму насельніцтву. У іх гонар ў 1963 г., калі ў Ізраіле быў створаны Нацыянальны мемарыял Катастрофы і Гераізму «Яд ва-Шем» (у перакладзе з іўрыту – «памяць і імя»), было ўстаноўлена званне – Праведнік народаў міра. Яго атрымліваюць людзі неяўрэйскага паходжання, што ратавалі яўрэяў у часы Халакосту, рызыкуючы пры гэтым уласным жыццём і жыццём сваіх родных. Праведнікі міра ўзнагароджваюцца Ганаровай граматай і медалём, на якім выгравіраваны словы «Человек, спасший одну жизнь, спас все человечество», а імёны праведнікаў увекавечваюць на Гары Памяці ў Іерусаліме.

Праведнікі народаў міра – гэта прадстаўнікі 44 краін, сярод якіх хрысціяне ўсіх канфесій і мусульмане, мужчыны і жанчыны, людзі ўсіх узрос-
таў і прафесій. На 1 студзеня 2021 г. Праведнікаў народаў міра налічвалася 27921 чалавек, у тым ліку з Беларусі – 676. Сярод іх ёсць і прадстаўнікі Мазыршчыны: Марыя Кірылава (в. Рэдзька), Рыгор і Анастасія Мазуркевіч (в. Загорыны), Ларыса, Рыгор, Алена Пашкоўскія (в. Загорыны).

Вядома, што тых, хто дапамагаў прадстаўнікам яўрэйскага народу на Беларусі, у тым ліку і на Мазыршчыне, было значна больш. Так, архіўныя дакументы распавядаюць, што мазырскімі падпольшчыкамі рабіліся пэўныя захады па выратаванні савецкіх людзей яўрэйскай нацыянальнасці.

Падпольшчыкі

В. Крыцкі, А. Мураўёў, Н. Замыка вясной 1942 г. з пагрозай для ўласнага жыцця прынялі ўдзел у лёсе настаўніцы Ніны Сімановіч. «Еще до войны Нина Симанович окончила Мозырское педучилище и работала в д. Слобода. Но там ее стали подозревать, что она еврейка… Школьный отдел (якім кіраваў адзін з падпольшчыкаў А. Мураўёў – заўвага аўтара) выдал Н. Симанович документ на фамилию Гнедько Нины и направил работать в Свириновскую школу». Такім чынам удалося выратаваць жанчыну і яе дваіх дзяцей, а на пачатку 1943 г. Ніна Сімановіч сышла ў партызанскі атрад.

Успомніць усіх пайменна

У прынятым 14 снежня 2021 г. Палатай прадстаўнікоў законапраекце «Аб генацыдзе беларускага народа» звяртаецца ўвага на шанаванне памяці ахвяр генацыду. Пра ахвяр вайны памятаюць ў Беларусі, у тым ліку і на Мазыршчыне. На месцы спаленых вёсак раёна, на месцах масавага знішчэння савецкіх грамадзян (на тэрыторыі былога гета, на беразе р. Прыпяць, у рове каля в. Бабры) устаноўлены памятныя знакі як напамін пра тое, што нельга забываць пра тыя злачынствы, якія былі зроблены нацыстамі.

Аднак у гэтым напрамку чакае яшчэ вялікая праца. Як адзначаў гісторык Кузьма Козак, у Беларусі, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны загінула трэць насельніцтва, да цяперашняга часу складальныя страты не персаніфікаваны. З больш 800 тыс. ваеннапалонных, якія загінулі на тэрыторыі Беларусі, вядома толькі трэць. З больш чым 70 тыс. яўрэяў Мінскага гета – толькі дзясятая частка. Мы не маем магчымасці назваць усіх спаленых грамадзян з больш чым 600 населеных пунктаў Беларусі. На вялікі жаль, на сёння мы не можам назваць па імёнам і ўсіх ахвяр генацыду на Мазыршчыне.

Сучаснае грамадства паступова пачынае разумець, што найвялікшай каштоўнасцю з’яўляецца сам чалавек, яго жыццё. Шануючы і паважаючы памяць пра ўсіх герояў, якія перамаглі фашызм, больш увагі трэба звяртаць на трагічны бок вайны.

На першы план павінна выходзіць думка пра тое, што кожная вайна, перш за ўсё, трагедыя для народа, яна, «як правіла, вядзе да буйных чалавечых ахвяр, страты матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, разбуральна ўздзейнічае на грамадства…».

Таццяна Нікіціна.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: