Мазыр – наш! Што пiсала газета «Советская Белоруссия» у нумарах 5-15 за студзень-люты 1944 года аб вызваленнi Мазыршчыны

310

Ад Савецкага iнфармбюро. З аператыўнай зводкі за 12 i 13 студзеня

На Мазырскім напрамку нашыя войскі 11 студзеня перайшлі ў наступленне і за два дні ўпартых баёў прарвалі вельмі ўмацаваную абарончую паласу праціўніка працягам па фронту звыш 30 кіламетраў і ў глыбіню да 15 кіламетраў. Нашымі войскамі вызвалена больш за 30 населеных пунктаў.

На працягу 13 студзеня па Мазырскім напрамку войскі Беларускага фронту пад камандаваннем генерала арміі Ракасоўскага працягвалі развіваць наступленне і з баямі занялі больш 40 населеных пунктаў, у тым ліку Шыічы, Туравічы, Сухавічы, Дудзічы, Буду, Гулевічы, Пенніцу, Міхалкі, Бібікі, Тварычаўку, Каменку, Зімовішчы, Маісееўку, Прудок, Нагорнае і чыгуначныя станцыі Юшкі, Галевіцы, Мытва, Міхалкі. Нашыя войскі шчыльна падыйшлі да абласнога цэнтра Беларускай ССР горада Мазыра, горада і вялікага чыгуначнага вузла Калінкавічы.

Загад Вярхоўнага Галоўнакамандуючага Генералу арміі Ракасоўскаму

Войскі Беларускага фронту ў выніку ўмелага абыходнага манеўра сёння, 14 студзеня, штурмам авалодалі абласным цэнтрам Беларусі горадам Мазыром і вялікім чыгуначным вузлом і горадам Калінкавічы – важнымі апорнымі пунктамі абароны немцаў на Палескім напрамку.

У баях за авалоданне гарадамі Мазыр і Калінкавічы вызначыліся войскі генерал-лейтэнанта Батава, генерал-лейтэнанта Бялова, генерал-лейтэнанта Крукава, генерал-маёра Канстанцінава, генерал-маёра Іванова І. І., генерал-маёра Аляксеева, артылерысты генерал-палкоўніка артылерыі Казакова, генерал-маёра артылерыі Бескіна, генерал-маёра артылерыі Ігнатава, генерал-маёра артылерыі Ягорава, танкісты генерал-маёра танкавых войск Панава і лётчыкі генерал-лейтэнанта авіяцыі Рудзенка.

У азнаменаванне атрыманай перамогі злучэнні і часці, якія найбольш вызначыліся ў баях за вызваленне гарадоў Мазыр і Калінкавічы, прадставіць да прысваення назваў «Мазырскіх» і «Калінкавіцкіх» і да ўзнагароджання ардэнамі.

Сёння, 14 студзеня, у 21 гадзіну сталіца нашай Радзімы Масква ад імя Радзімы салютуе нашым доблесным войскам, якія вызвалілі гарады Мазыр і Калінкавічы, дваццаццю артылерыйскімі залпамі з двухсот дваццаці чатырох гармат. За выдатныя баявыя дзеянні абвяшчаю падзяку ўсім кіруемым вамі войскам, якія ўдзельнічалі ў баях за вызваленне гарадоў Мазыр і Калінкавічы.

Вечная слава героям, якія загінулі ў барацьбе за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы! Смерць нямецкім захопнікам!

Вярхоўны Галоўнакамандуючы Маршал Савецкага Саюза I. СТАЛІН.
14 студзеня 1944 г.

Мазыр – савецкі!

Калі фашысцкія людаеды па загаду бандыта Гітлера занявольвалі народы Заходняй Еўропы, працоўныя Палескай вобласці выконвалі сталінскае заданне па асушцы балот. Толькі за вясну 1941 года па вобласці было асушана 25 тысяч гектараў. Сталінскі план асушкі балот быў перавыкананы.  Воляй партыі і народа Палессе ператварылася ў квітнеючы край. Дзе раней была непраходная дрыгва, закаласавалі шумлівыя нівы.

Каб ператварыць палескія балоты ва ўраджайныя палі і сенажаці, патрабавалася цэлая сістэма меліярацыйных пабудоў, шырокая сетка канаў. Гэта стала пад сілу толькі калгаснаму сялянству, кіруемаму партыяй бальшавікоў. За гады савецкай улады і асабліва за гады сталінскіх пяцігодак Палессе карэнным чынам змяніла свой твар. Толькі за 1940 год і пяць месяцаў 1941 года было асушана болыш 57000 гектараў балот. Палессе ператваралася ў адну з багацейшых па сельскагаспадарчай прадукцыі абласцей Савецкай Беларусі.

У вобласці паспяхова развівалася і прамысловасць, асабліва лясная. Раслі дабрабыт і культура народа. Паляшук стаў звацца чалавекам. Гітлераўскія банды парушылі мірную працу жыхароў савецкага Палесся. Верныя сыны свайго народа – рабочыя, сяляне, савецкая інтэлігенцыя – пайшлі ў рады Чырвонай Арміі, каб грудзьмі адстойваць гонар і незалежнасць сваёй Радзімы. Другая частка верных сыноў зямлі беларускай пайшла ў лясы і балоты – у партызанскія атрады. Hi днём, ні ноччу народныя мсціўцы не давалі спакою нямецкім акупантам. Зямля Палесся гарэла пад нагамі чужаземных захопнікаў. Першыя героі-партызаны – Героі Савецкага Саюза Ціхан Бумажкоў і Фёдар Паўлоўскі – сыны Палесся. Гэта яны першымі запалілі полымя партызанскай вайны ў тыле ворага.

Восенню 1943 года на Палессе прышла Чырвоная Армія. Раён за раёнам вызваляецца ад нямецкіх акупантаў. А 14 студзеня 1944 года на ўвесь свет радыё апавясціла аб тым, што горад Мазыр – абласны цэнтр Палескай вобласці – і буйнейшы чыгуначны вузел горад Калінкавічы вызвалены ад нямецкіх захопнікаў. Мазыр зноў стаў савецкім!

Салюты Масквы адгукнуліся радасным рэхам у сэрцах працоўных савецкага Палесся. Горад Мазыр не толькі самы вялікі ў вобласці. За гады Савецкай улады ён ператварыўся ў адміністратыўны, грамадскі і культурны цэнтр Палесся. Тут былі пабудаваны новыя жыллёвыя дамы, Дом Саветаў, тэатр, 2 сярэднія сталінскія школы, абласная паліклініка, магутная электрастанцыя, Дом Абароны і іншыя будынкі.

Фашысцкія мярзотнікі ўзарвалі электрастанцыю, разбурылі жыллёвыя дамы і грамадскія памяшканні. Крывавы след пакідаюць яны пасля сябе на Палессі. Спалены многія гарады і вёскі, вялікія палескія лясы і каштоўнейшыя заказнікі, разбураны навучальныя ўстановы, знішчаны тэатры, апаганены дамы соцкультуры, узарваны бальніцы і прамысловыя прадпрыемствы, масты і чыгункі, абрабавана мірнае насельніцтва.

Гэтае варварства савецкі народ ніколі не даруе нямецкім акупантам, за ўсе іх крывавыя справы адплоціць ім спаўна. Працоўныя Палесся за кароткі тэрмін адновяць разбураныя гарады і вёскі, адновяць свой абласны цэнтр – горад Мазыр.

Пройдуць гады, будуць адноўлены прамысловасць і сельская гаспадарка, зноў зашуміць багатым ураджаем Палессе. Народ складзе песні, паданні, быліны. I ў гэтых песнях першыя словы любві і падзякі будуць прысвечаны воінам Чырвонай Арміі, бясстрашным партызанам, вялікаму і мудраму правадыру і настаўніку нашаму Сталіну.

Мітынг у Мазыры

Гэтымі днямі ў Мазыры адбыўся мітынг працоўных разам з прадстаўнікамі воінскіх часцей, слаўнымі партызанамі і партызанкамі. Прысвечаны ён вызваленню цэнтра Палескай вобласці з-пад гнёту нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Мітынг адкрыў сакратар Мазырскага абкама КП(б)Б тав. Кавалёў. Першае слова ён прадаставіў генерал-лейтэнанту тав. Бялову, які горача віншаваў працоўных Мазыра з іх вызваленнем і заклікаў прыкласці ўсе свае сілы, усю энергію, каб хутчэй аднавіць разбураную гаспадарку.

Цікавым было выступленне камандзіра Н-скай партызанскай брыгады таварыша Ж. Ён падрабязна расказаў аб дзейнасці партызан Палесся, аб тым, якую дапамогу яны аказвалі наступаючым часцям Чырвонай Арміі. 3 вялікай увагай было праслухана выступленне ўдзельніка баёў за Мазыр, тройчы ардэнаносца сяржанта тав. Косціна.

Працоўныя Мазыра паслалі прывітальнае пісьмо таварышу Сталіну, у якім гавораць: «3ноў узышло сонца над нашым шматпакутным горадам, зноў вяртаецца да жыцця наш родны савецкі Мазыр. Ніхто з нас ніколі не забудзе таго гістарычнага дня, калі на вуліцы нашага горада ўступілі доблесныя воіны Мазырскіх дывізій. Гэта была самая радасная, самая ўрачыстая хвіліна ў жыцці кожнага грамадзяніна горада».
Працоўныя пакляліся свайму правадыру таварышу Сталіну ў тым, што прыкладуць усе свае сілы і энергію на аднаўленне роднага горада.

Удзельнікі мітынгу таксама паслалі прывітальныя пісьмы ЦК КП(б)Б і СНК БССР і генералу арміі таварышу Ракасоўскаму, пад кіраўніцтвам якога доблесныя войскі Беларускага фронту вызвалілі Мазыр.

У вызваленым Мазыры

Прымаюцца захады па аднаўленню гандлёвай сеткі ў вызваленых раёнах Палескай вобласці, па наладжванню работы сталовых, магазінаў, пякарняў. У Мазыры працуюць тры сталовыя, тры крамы, млын і хлебапякарня, якія забяспечваюць насельніцтва хлебам.

Уцякаючы пад націскам Чырвонай Арміі, нямецка-фашысцкія акупанты не паспелі здзейсніць свае намеры – цалкам разбурыць город. Сярод уцалелых будынкаў захаваліся памяшканні крам, сталовых, складоў, баз. Гэта дае магчымасць у бліжэйшы час адкрыць тут не менш 19 крам, у тым ліку хлебныя, харчовыя, прамтаварныя, кніжную, крамы гародніны і па продажу газы.

У Мазыр і Калінкавічы пачынаюць паступаць тавары. Прыбыла дзевяць вагонаў солі, прыбывае мануфактура. Хутка будуць завезены 230 тон газы, запалкі. Для аказання дапамогі насельніцтву нядаўна вызваленага Лельчыцкага раёна, згодна рашэння СНК БССР, адгружаны абутак і мануфактура.

На працу вяртаюцца былыя гандлёвыя працаўнікі. Сярод прызначаных на пасады дырэктараў гандлёвых устаноў шмат партызан. Усе яны з энтузіязмам бяруцца за працу, за аднаўленне і прывядзенне ў парадак крам, складоў, баз, за арганізацыю бесперабойнага гандлю.

Падрыхтаваў Дзмiтрый КУЛIК, фота Сяргея БАРАВIКА.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: