Канстанцін Карнялюк: «Смачная тэма»

101

Мы нярэдка абмяркоўваем нашы шматлікія праблемы на кухнях, але чамусьці рэдка задумваемся, што і ад гастранамічнай культуры залежыць вельмі многае ў нашым жыцці: і сямейны лад, і сам этыкет, і мараль, і паводзіны дарослых і дзетак, таксама павага да Бацькаўшчыны.

Многія чамусьці забываюць, што мы родам з краіны з багатым гістарычным і духоўным мінулым, развітай навукай і культурай, у тым ліку культурай харчавання. Чаму ж мы прывыклі не заўважаць нашы годнасці, прыбядняцца, нават грэбаваць? Чаму не ўмеем ганарыцца гастранамічнымі дасягненнямі нашых продкаў, сучаснымі дасягненнямі ў галіне харчавання?

У апошні час мы нярэдка чуем, што нацыянальная ежа – гэта гонар і адметнасць, што ў нашых продкаў было надзвычай багата смачных і ўнікальных страў. Сёння выдаецца шмат старадаўніх рэцэптаў айчыннай кухні, выходзяць у свет цэлыя альбомы, кнігі, манаграфіі, энцыклапедыі па харчаванні і даведнікі па здаровай ежы. Не сакрэт, што ежа вызначае нават характар народа, яго менталітэт, яго духоўнасць. Скажу больш, тыя ж нашы дранікі – ежа працалюбівых, тых, для каго сям’я, яе мікраклімат не пусты гук.

Ніколі мне не забыць, як у нас з маленства выхоўвалі павагу і беражлівасць да хлеба, з якім ішлі на радзіны, у сваты, на вяселле. Хлебам-соллю мы заўсёды сустракаем і сёння самых шаноўных гасцей. Старажытным вырабам з’яўляецца і каравай, які пачаў іграць істотную ролю ў абрадах яшчэ з язычніцкіх часоў. І сёння ён абавязковы на вясельнай цырымоніі. Беларускі каравай мае круглую форму, зверху ўпрыгожаны фігуркамі, якія ўвасабляюць родную прыроду, птушак, жывёл, нават чалавечкаў.

А з бульбай – другім нашым хлебам – беларусы ўпершыню пазнаёміліся ў XVIII стагоддзі. І да канца ХІХ стагоддзя менавіта бульба – аснова рацыёну. Бульбу беларусы выдатна навучыліся варыць, тушыць, смажыць, запякаць і фаршыраваць. Сярод соцень бульбяных рэцэптаў нельга не адзначыць дранікі, запяканкі, бабку, смажаную і тушаную бульбу.

На шчасце, і ў ХХІ стагоддзі многае захавалася з традыцыйнага: бліны, клёцкі, саленні, каўбаскі, сала, мясныя стравы. І, канешне ж, тая драбнюсенькая і крывенькая смажанка, нярэдка прыгарэлая, якую сёння прапануе гандаль, – гэта глупства несусветнае. Ні карысці, ні смаку! Вучыцеся гатаваць самастойна, дома, усёй сям’ёй!

Канешне ж, добра, што старадаўнія айчынныя рэцэпты можна і ў ХХІ стагоддзі пакаштаваць у некаторых рэстаранах і кавярнях беларускай кухні, аграсядзібах і этнаграфічных комплексах. Пякуць тут смачны хлеб, робяць унікальныя сыры па старадаўніх рэцэптах. На жаль, многія ўстановы харчавання толькі тэарэтычна называюць сябе нацыянальнай кухняй, аднак падаюць там шаблонныя, казённыя стравы: кашу ці макароны з мясам, катлетамі ці гуляшом…

Само абагульненне вопыту народнай кухні дазваляе нам і ў XXI стагоддзі захоўваць і развіваць лепшыя традыцыі падрыхтоўкі нацыянальных страў, кулінарных вырабаў і напояў. І задача стварэння сапраўднай нацыянальнай гастранамічнай культуры, якая б абапіралася на неабсяжныя народныя традыцыі, а не на заморскі перакус, і сёння застаецца запатрабаванай. Давайце ж не толькі купляць айчыннае, аддаваць яму перавагу, але і гатаваць па-беларуску. Давайце будзем патрыётамі, называць айчынныя кавярні таксама будзем па-беларуску, а не нейкай халоднай, неапетытнай лацініцай, словамі невядомага сэнсу, якія, на жаль, зусім не заклікаюць смачна пад’есці.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: