Канстанцін Карнялюк: «Хто шукае мір, той яго і знойдзе»

79

Мяне, як грамадзяніна самай міралюбівай краіны ў свеце Рэспублікі Беларусь, вельмі ўзрадавала навіна, што 2023 год кіраўніком нашай дзяржавы аб’яўлены Годам міру і стварэння. І сапраўды, як не стамляліся ніколі паўтараць нашы суайчыннікі: «Толькі б не было вайны. Усё астатняе будзе!»

Беларускі народ сваёй натхнёнай працай штодзённа пацвярджае мiралюбiвую палiтыку нашай Айчыны – адсутнасць варожасцi да iншых дзяржаў. Аднак мы выразна бачым і ўсведамляем, што ў свеце надзвычай абвастрылiся супярэчнасцi і канфлікты ў барацьбе за перадзел сфер уплыву. Пры гэтым актыўнае выкарыстанне механiзмаў «каляровых рэвалюцый» для звяржэння законных уладаў прывяло і будзе прыводзіць у далейшым да павелiчэння колькасцi ўзброеных канфлiктаў. Нельга не адзначыць, што сёння дасягненне палiтычных мэт адбываецца і шляхам падрыву дзяржаў знутры.

Цэлы шэраг новых гарачых кропак можа ўспыхнуць у любы момант. На жаль, вар’яцкі і жудасны тэрарызм бязлітасна захлыснуў свет, ад еўрапейскага кантынента да Злучаных Штатаў, а паток уцекачоў запаланіў літаральна ўсе краіны.

Сёння захоўваецца пагроза глабальнай i рэгiянальнай бяспекі, пры гэтым далейшая эскалацыя абстаноўкi, бясспрэчна, мае непапраўныя наступствы як для Еўропы, так i для ўсяго чалавецтва. На змену традыцыйным формам вайны прыйшлi іншыя, у тым лiку гiбрыдныя. У ХХІ стагоддзі значна павысiлася роля iнфармацыйных рычагоў уплыву на фармiраванне грамадскай думкi ў той або iншай дзяржаве. І таму сёння забеспячэнне стабiльнасцi і бяспекi – цэнтральная ўмова ўстойлiвага развiцця дзяржавы. Для нас вельмі важна актыўна развіваць міжнародныя стасункі, каб паказаць, што Беларусь –
міралюбівая краіна, што нашы культурныя і духоўныя каштоўнасці вельмі глыбокія і нам ёсць чым ганарыцца. Мы збіраемся прадставіць гэта ў розных краінах. Больш за тое, імкнемся да таго, каб і ў Беларусі пастаянна рэалізоўваліся цікавыя міжнародныя праекты – творчых супрацоўніцтваў у розных галінах.

Сінявокая Беларусь – міралюбівая, стабільная дзяржава. Адсутнасць міжканфесійных і міжэтнічных канфліктаў – канкурэнтная перавага нашай краіны на сусветнай эканамічнай і палітычнай арэне. У дыялогу са сваімі партнёрамі Беларусь заўсёды прытрымліваецца прынцыпаў адкрытасці, сумленнасці, раўнапраўя і справядлівасці. І сёння, калі сітуацыя ў свеце далёкая ад спакойнай, гэтыя падыходы асабліва каштоўныя. Аляксандр Лукашэнка не аднойчы заяўляў, што Беларусь гатова развіваць супрацоўніцтва з дзяржавамі на ўсіх кантынентах.

Сёння неабходна будаваць і ўмацоўваць масты – палітычныя, эканамічныя, гуманітарныя – паміж краінамі і рознымі інтэграцыйнымі аб’яднаннямі як на Захадзе, так і на Усходзе. Мы павінны будаваць не сцены ды загароджы, а масты добрасуседства і дружбы. Давайце разам марыць пра свет любові і міру – і мы здзейснім яго.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: