Сіла і моц чалавека – ад каранёў яго. Менавіта ў гэтым упэўнена наша суразмоўніца Таццяна Аляксееўна Чубчык

202

Найдарожшы скарб для жанчыны – гэта сям’я: добрыя сыны, паважлівыя нявесткі, любячыя ўнукі, пяшчотныя праўнукі і муж, з якім яны ідуць поруч ужо больш за паўстагоддзя.

Па жыцці з песняй

«Здаецца, што спяваць я навучылася раней, чым размаўляць, – з лагоднай усмешкаю гаворыць Таццяна Аляксееўна. – Спачатку мне спявала маці над калыскаю, а потым мы спявалі ўжо разам».

Калі ж прыслухацца да слоў, то ў кожнай народнай песні закладзены глыбокі сэнс. Песня суправаджала дзяўчыну па жыцці, дзе было месца каханню, а потым і жанчыну з яе нялёгкай долей, перажываннямі.

«Мне пашчасціла з’явіцца на свет у простай сям’і на пачатку 50-х на слыннай і багатай нацыянальным каларытам Лельчыцкай зямлі. Якраз мая родная вёска Глушкавічы паціху пачала аднаўляцца і адбудоўвацца пасля ваеннага ліхалецця. Гісторыя памятае, што пасля карнікаў з 7314 двароў у Лельчыцкім раёне было знішчана 7305 дамоў разам з надворнымі пабудовамі. А больш за 40 брацкіх магіл і зараз напамінаюць нам аб загінулых сынах і дочках з ліку розных народаў і нацыянальнасцей, якія змагаліся з ворагам.

Для маіх бацькоў, якія падчас вайны страцілі свае сем’і, я была адзінай дачкой, – расказвае Таццяна Аляксееўна. – Бацька-франтавік і маці, перажыўшая цяжкія выпрабаванні, дзякавалі Бога за новае жыццё і стараліся мяне выхоўваць ў любові да працы, прывівалі павагу да старэйшых, вучылі шанаваць гісторыю, бо без мінулага не магло быць і будучыні. Маці перадала мне ўсе свае навыкі і ўменні: навучыла шыць і вышываць, весці гаспадарку і гатаваць, што можа спатрэбіцца для любой дзяўчыны ў будучым».

Не толькі тое сонца, што ў ваконцы

Паспяхова скончыўшы Глушкавіцкую школу, Таццяна Аляксееўна марыла пра прафесію агранома. Але ж відавочна, гэта быў не яе шлях, бо яна не дабрала ўсяго аднаго бала пры паступленні ў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію.

Каб не траціць час марна, падала дакументы ў Магілёўскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча бытавога абслугоўвання № 44. З цікавасцю і задавальненнем асвойвала прафесію швачкі верхняга адзення. Перад самай абаронай дыплома выйшла замуж. Міхаіл (аднавясковец), адслужыўшы ў арміі, ужо працаваў столярам-плотнікам на будоўлі нафтаперапрацоўчага завода. Па размеркаванні Таццяне Аляксееўне ехаць не прыйшлося. Маладая сям’я на пачатку свайго сумеснага жыццця зняла кватэру ў Мазыры.

«Нам пашчасціла сустрэць добрых людзей, – расказвае суразмоўніца. – Павел Арсенцевіч (на жаль яго ўжо няма сярод нас) і Антаніна Іванаўна Пермяковы для нас, маладых, сталі амаль роднымі людзьмі, ад якіх мы зараджаліся добрай энергетыкай, якія сталі прыкладам ва ўсім. Побач з імі ніколі не было месца суму… Вось гэтае ўзятае ўсё лепшае ад іх лягло ў аснову і нашай сям’і: адносіны паміж роднымі, блізкімі і сябрамі, павага, святкаванне знакавых дат, узаемаразуменне і падтрымка».

Калі побач добрыя людзі…

«Да чаго ж справядлівая гэтая народная прымаўка «Не шукай бяды, яна сама знойдзе», – расказвае суразмоўніца. – Відавочна, што для кожнага пакалення Гасподзь пасылаў свае выпрабаванні. Для нас гэта стаў распад вялікай дзяржавы – СССР. Разам з гэтым шматлікія прадпрыемствы разам з калектывамі насцігла доля рэарганізацыі альбо закрыцця. Мы з мужам аказаліся ў такім няпростым становішчы. У мяне за плячыма ўжо было больш за 20 гадоў стажу ў сферы бытавога абслугоўвання. Маючы 5-ты прафесійны разрад, я засталася без работы. Такі ж лёс напаткаў і трыкатажную фабрыку «Славянка», дзе працаваў на той час мой муж Міхаіл Іванавіч. Вось так заўчасна шмат людзей засталося без сродкаў да існавання.

Патрэбна было неяк жыць, вучыць дзяцей. Востра стаяла пытанне: як і дзе знайсці магчымасць і сродкі для працягвання навучання сынам Сяргею і Андрэю? Мусіць, гэтаму дапамагла закалка характару, уменне пераадольваць няўзгоды, цярпенне і моцнае жаданне працаваць, нават і не па спецыяльнасці. Праз некаторы час няпростыя шляхі і намаганні прывялі мяне на солевыварачны камбінат. Спачатку шыла спецадзенне для салевікоў, а потым, калі вакансію скарацілі, пайшла ў цэх па фасоўцы солі. Гэта быў адзін з самых цяжкіх участкаў вытворчасці. Вялікую ролю ў маім лёсе адыгралі на той час дырэктар камбіната Нікадзім Варановіч і начальнік цэха Мікалай Горб, якія па-чалавечы разумелі праблемы падначаленых і стараліся дапамагчы. Улічваючы, што не было вакантных месцаў, то дзякуючы ім я працавала падменнай рабочай на розных участках: то запраўшчыцай, то гардэробшчыцай, то прыбіральшчыцай. Але ж усюды, дзе давялося працаваць, старалася выконваць сваю справу добрасумленна і якасна. Заўсёды была вельмі ўдзячна кіраўніцтву завода за тое, што не толькі падтрымала сям’ю ў цяжкі час, а яшчэ і за тое, што нашы дзеці змаглі атрымаць вышэйшую адукацыю. Гэты час стаў для мяне цяжкім, але ж сапраўдным выпрабаваннем. Разам з тым не азлобіў, а навучыў глядзець на мір іншым позіркам, разумець па-іншаму тых, хто аказаўся ў цяжкім становішчы».

Пенсійны ўзрост – новая старонка

«Адны баяцца пенсійнага перыяду, нават упадаюць у глыбокую дэпрэсію, а я лічу гэты перыяд як падарунак, як данасць, якую патрэбна прымаць душой і сэрцам, – разважае Таццяна Аляксееўна. – Гэта той час, калі можна адкрыць у сабе нейкія творчыя магчымасці, развіць задаткі, што жылі недзе ў сэрцы і заставаліся толькі ў марах. Наогул, я з песняю ніколі не развітвалася, нават тады, калі балела і плакала душа. Наадварот, яна была нейкай светлай аддушынай.

Спявала ў хоры «Паляшучка» пры Палацы культуры «Будаўнік». Перапынак зрабіла толькі тады, калі з’явіліся ўнукі, бо дзецям спатрэбілася мая дапамога, а малым – бабуліны казкі і пірагі. Унукі хутка растуць, і каб потым яны не скардзіліся, што мы ім не надавалі ўвагі, гэты час трэба старацца не прапусціць. Статус бабулі трэба насіць нібы карону, каб дзеці і ўнукі імкнуліся потым працягваць сямейныя і культурныя традыцыі, разумелі, што сямейныя адносіны – гэта наймацнейшы падмурак для чалавечага роду. Нічога не з’яўляецца на пустым месцы. Заўсёды патрэбен добры прыклад у любой справе. І калі ты хочаш потым ганарыцца поспехамі дзяцей і ўнукаў, то спачатку іх трэба навучыць і штосьці даць. У нашым з мужам актыве за 51 год сумеснага жыцця – два сыны, тры ўнучкі, унук, двое праўнукаў. Упэўнена, што гэта яшчэ не мяжа!».

«Чым больш аддаеш, тым больш атрымліваеш»

На пенсіі жыццё толькі пачынаецца – гэтыя словы для многіх сталі дэвізам. Асабліва для тых, хто не хоча сядзець на месцы, а адчувае патрэбу да развіцця, да новых адкрыццяў. Для Таццяны Чубчык гэта стала знаёмствам з аддзяленнем дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Мазырскага раёна (далей – ТЦСАН).

«Сустрэла аднойчы сваю добрую знаёмую і не стрымалася, каб не заглянуць у славутае аддзяленне, дзе людзі пенсійнага ўзросту цікава бавяць час. Пабывала там раз і прыкіпела душой, – прызнаецца Таццяна Аляксееўна. – Вельмі цікава, што ў аддзяленні праходзяць сустрэчы і рэпетыцыі калектыву «Вяртушачка» пад кіраўніцтвам Наталлі Прус. Выступаем з дабрачыннымі канцэртамі перад людзьмі пажылага ўзросту, перад хворымі ў бальніцы і розных аддзяленнях, каб падбадзёрыць, падтрымаць дух і настроіць іх на добры лад жыцця. Падчас такіх выступленняў адчуваецца сувязь: чым больш аддаеш, тым больш атрымліваеш. Калі ты шчаслівы сам, то шчасце падзялі з іншым. Перажыўшы за жыццё шмат няўзгод, я яшчэ больш навучылася быць удзячнай людзям і шчыра дзяліцца дабрынёй. Вялікае ўражанне атрымала ад нядаўняй сустрэчы цяперашняга кіраўніцтва ААТ «Мазырсоль» з ветэранамі завода. Генеральны дырэктар Уладзімір Дворнік удзяліў гэтай сустрэчы асаблівую ўвагу, выразіў удзячнасць ветэранам за асабісты працоўны ўклад у станаўленне і развіццё прадпрыемства, азнаёміў з мадэрнізацыяй вытворчасці, дасягненнямі калектыву на сучасным этапе. Вельмі радуе, што новае пакаленне салевікоў пад кіраўніцтвам Уладзіміра Андрэевіча рухаецца ўперад сямімільнымі крокамі. Падчас сустрэчы кожны з ветэранаў адчуў гонар за прадпрыемства і за яго будучыню. Трэба адзначыць і ролю старшыні ветэранскай арганізацыі сользавода Яўгеніі Падлужнай, якая з’яўляецца надзейным звяном паміж ветэранамі, кіраўніцтвам і прафкамам, а таксама ініцыіруе дабрачынныя праекты, накіраваныя на падтрымку грамадзян сталага ўзросту ў Мялешкавіцкім аддзяленні і Слабадской бальніцы Мазырскага раёна. Безумоўна, такім сувязям садзейнічае і кіраўніцва ТЦСАН (дырэктар – Андрэй Ткач), што ідзе на карысць людзям», – падкрэслівае Таццяна Чубчык.

А падвесці вынік размовы з нашай сённяшняй суразмоўніцай можна такімі словамі: «Няма справы больш высакароднай, чым несці дабро людзям».

Наталля КАНОПЛІЧ.
Фота аўтара.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: