Абрадавы каляндар беларусаў складаецца са мноства земляробчых, магічных і сямейных абрадаў, непарыўна звязаных з сезоннымі зменамі прыроды.
Аснову складаюць цыклы «Каляд» (зіма), «Масленіцы» і «Гукання вясны» (вясна), «Купаля» (лета) і «Дажынак» (восень), якія накіраваны на забеспячэнне ўрадлівасці і абарону гаспадаркі.
Больше фото в альбомах групп МОЗЫРЬ NEWS Вконтакте, Одноклассниках и Facebook.
Сёння мазыране, і вялікія, і маленькія, сабраліся разам у аграгарадку Прудок, каб гучна і весела паклікаць доўгачаканую вясну. Абрадавыя песні, танцы, заклічкі і птушкі з цеста – усё гэта элементы сімвалічнага дзеяння для таго, каб наблізіць вясну, зрабіць сонца ярчэй і цяплей.
Удзел у абрадавым свяце прынялі дарослыя – жыхары Прудка і бліжэйшых вёсак, артысты філіялаў Мазырскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці і, вядома ж, дзеці. Менавіта маладое пакаленне павінна мець магчымасць далучацца да культурных традыцый і каштоўнасцяў сваёй малой радзімы, захоўваць іх і берагчы.
Як адзначыла дырэктар цэнтра Галіна Астапенка, такія святы адлюстроўваюць традыцыі продкаў, якія важна захоўваць і паважаць. «Хай і ў вузкім фармаце, але гэтае свята мы вырашылі правесці, каб людзям падняць настрой. Усе стаміліся ад зімы, а вясна ўсё не спяшаецца прыходзіць. Таму мы яе пагукалі весела і яскрава», – сказала Галіна Іванаўна.
Спачатку ўдзельнікі сімвалічна «частавалі» зямлю, просячы ў яе добрага ўраджаю і спакойнага лета. Затым усе разам звалі жаўрукоў – веснікаў вясны. Адным з ключавых момантаў стала шумнае «абуджэнне мядзведзя» – знакавы элемент абраду, закліканы паскорыць прыход цяпла.
«Жавароначкі, прыляціце! Вясну прынясіце!» – гучалі словы адной з абрадавых песень. А удзельнікі свята вадзілі карагод. Кожны куплет усіх песень-вяснянак заканчваўся дружным «Гу-ууу». Менавіта таму абрад і называецца «гуканнем».
Не абышлося і без пачастункаў. Гасцей абрадавага свята частавалі стравамі беларускай кухні: блінамі ў асартыменце, дамашняй выпечкай, дранікамі на калодзе, дамашнім салам і абавязкова юшкай. Гэтае вясёлае свята прынесла масу пазітыву, сагрэла агеньчыкам усмешак і гарачым духмяным чаем усіх, хто спяваў, танчыў і праганяў прэч халодную зіму.

Гуканне вясны – вясновае свята, старажытны абрад, звязаны з абуджэннем прыроды, надзей чалавека. Ад вясны ў значнай ступені залежаў дабрабыт селяніна. Яму своечасовае пацяпленне было жыццёва неабходным, каб вясна прыходзіла паступова, зладжана, каб не было вялікіх разбуральных паводак, каб зямля спаталялася ўдосталь вільгаццю, рыхтавалася да сяўбы. Таму з зазываннем вясны звязана мноства магічных рытуальных дзеянняў, якія суправаджаліся адпаведнымі заклікамі, загаворамі, песнямі, гульнявымі момантамі. Сам абрад набываў утылітарную ролю, станавіўся часткай складанага комплексу падрыхтоўкі будучага ўраджаю.


Вольга ЛАСУТА
Фото Сяргея ШАПАВАЛАВА




