Памiж Замкавай гарой i Прыпяццю

803

У горадзе сёння тры плошчы: імя Леніна, імя Горкага і Прымаставая. Яны розныя па велічыні і канфігурацыі. Дзве з іх – Леніна і Горкага – знаходзяцца на тэрыторыі гістарычнага цэнтра Мазыра, пл. Прымаставая – некалькі ў баку. Плошчы аб’ядноўвае вуліца Савецкая, на якую яны нібыта нанізаны прыкладна на аднолькавай адлегласці (каля 700 м) адна ад адной. Усе яны знаходзяцца недалёка ад берага прыгажуні-Прыпяці. Расказ пра іх гісторыю мы пачынаем з цэнтральнай плошчы, якая ў розныя часы мела назву Базарная, Свабоды, Леніна.

З ГЛЫБІНІ СТАГОДДЗЯЎ

Мазыр упершыню ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах 1155 года. На пачатку сваёй гісторыі Мазырскі дзяцінец – умацаваная частка горада і месца гандлю – знаходзіўся на ўзгорку, у раёне сучасных вуліц Камсамольскай, Дзяржынскага і Гары Камунараў. Дзяцінец месціўся на Замкавай гары, і з трох бакоў яго абкружала вада.

На месцы будучай цэнтральнай плошчы горада быў заліў Прыпяці, якая з’яўляецца найбуйнейшым прытокам Дняпра. Водныя шляхі зносін былі галоўнымі ў ХІ-ХІІ ст.ст. Праз Прыпяць як адзiн з іх праходіў шлях «з варагаў у грэкі». Каля падножжа Мазырскага гарадзішча швартаваліся гандлёвыя караблі з скандынаўскіх і ўсходніх краін, Кіева, Турава і іншых гарадоў. Па беразе заліва мясціўся пасад, дзе былі рамесніцкія майстэрні, таварныя склады, жылыя дамы, гаспадарчыя пабудовы.

З сярэдзіны ХІІІ ст., пасля нападу на ўсходнеславянскія землі мангола-татараў (яны ў тым ліку неаднаразова спальвалі і Мазыр), гандаль, рамяство на некалькі дзесяцігоддзяў прыйшлі ў заняпад. Аднаўленне Мазыршчыны пачынаецца толькі ў другой палове ХІV ст., калі яна ўвайшла ў склад Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага.

1 ліпеня 1569 г. была падпісана Люблінская унія і ўтворана Рэч Паспалітая, у яе аб’ядналіся Польшча і ВКЛ. Мазырскi павет увайшоў у склад гэтай дзяржавы. Сярод тых, хто падпісаў Акт Люблінскай уніі, былі і два прадстаўнікі Мазырскага павета: «Ленкович Федор (подсудок Мозырский) и Копоть Ян». Пасля даравання ў 1577 г. Мазыру Магдэбургскага права каролём польскім, вялікім князем літоўскім, рускім і жамойцкім Стэфанам Баторыям цэнтр горада перамясціўся з Замкавай гары ўніз, дзе размясцілася гандлёвая плошча. У яе паў-днёва-заходняй частцы знахо-дзілася ратуша, дзе засядаў магістрат – орган гарадского самакіравання.

Прыпяць паступова адступала, балацянкі, што былі на месцы былога заліва, засыпаліся, і ў раёне плошчы з’явіліся новыя пабудовы. Гэтая тэрыторыя на пачатку ХІХ ст. набыла амаль сучасны выгляд. У гэты час Мазыршчына была ўжо ў складзе Расійскай імперыі, куды была ўключана пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г.

У першай палове ХІХ ст. было распрацавана некалькі праектаў рэканструкцыі Мазыра, гэта планы горада 1825 г., 1839 г., 1856 г. Аднак у сувязі са складаным рэльефам мясцовасці агульная вулічная структура змянілася нязначна: асобныя магістралі былі пашыраны, гандлёвая плошча набыла выцягнутую прамавугольную форму (ужо ў ХХ ст. яна стала ўзгадываць літару «Г»).

У комплекс рынкавай плошчы пачатку ХІХ ст. уваходзілі «лавки городские», дзеючыя і недабудаваныя, саборная драўляная царква св. Міхаіла Арханёла, два будынкі яўрэйскіх школак і драўляны будынак гараднічага.

У перыяд вайны 1812 г. паміж Францыяй і Расіяй на тэрыторыі плошчы быў створаны «магазейн»– ваенны склад, рэшткі якога былі знойдзены падчас правядзення земляных работ напрыканцы 1960-х гг.

Амаль усе пабудовы ў гора-дзе былі драўлянымі. У 1825 г. на 2900 жыхароў прыходзілася толькі тры мураваных пабудовы і 530 драўляных.

Цікавыя звесткі аб Мазыры аставіў Павел Шпілеўскі – этнограф, фалькларыст, пісьменнік, які наведаў Мазыршчыну ў 1850-я гг. Ён пісаў: «Мозырь принадлежит к числу самых красивых и опрятных городков западно-русского края. Постояных жителей в нем … 4700 душ; но как портовый город он имеет много временных поселенцев, особенно летом, когда пристань его, на протяжении полуверсты, бывает уставлена разного рода большими и малыми суднами, по преимуществу прусскими и познанскими берлинками. В это время Мозырь оживляется и представляет из себя смесь племен и наречий: к тому же летом бывает две ярмарки, из которых одна, так называемая спасская, начинающаяся с 6 августа и продолжающаяся около трех недель, интересна своей разнообразною торговлею. На спасскую ярмарку съезжается дворянство и купечество не только из соседних уездов, но даже из других губерний. Прусские и познанские купцы скупают лен, пеньку, сало, овечью и свиную шерсть, копченую рыбу, рыбий жир и кожи… Мозырские кожи отличаются прочною выделкою, секрет которой местные промышленники скрывают от всех: говорят, они употребляют какой-то особенный сок, добываемый из питательных лесных растений.

Между привозными товарами встретите золотые и серебряные изделия, сукна, шелковые материи, книги…

В Мозыре можно насчитать более сотни всяких лавок, особенно железных, в которых немало изделий из мозырской же железной руды.

Памятником литовской старины могут служить общественные городские весы… на рыночной площади… Они наглухо вколочены в землю; вся основа их из массивного железа, весом в несколько пудов… О них говорится еще в 1572 г. в грамоте Августа ІІ, которая до сих пор уцелела в архиве городского магистрата…»

На пачатаку ХХ ст. у Мазыры налічвалася 1210 жылых пабудоў, у тым ліку каменных – 102, драўляных – 1065, іншых – 43. У горадзе працаваў вадаправод, меўся тэлефон агульнай працягласцю 4,5 вярсты.

СВЕДКА ПАДЗЕЙ ЭПОХІ

На мяжы ХІХ-ХХ ст.ст. змяніў-ся і выгляд галоўнай плошчы Мазыра, дзе з’явіліся каменныя пабудовы. Сярод іх вылучаўся будынак жаночай гімназіі. Ён быў адной з буйнейшых пабудоў у горадзе, у ім спалучаліся рысы неакласіцызму, неабарока, а таксама шматлікія элементы мясцовага мадэрну. На гэтым доме ў 1953 г. з’явілася мемарыяльная шыльда, якая паведамляла: «Тут вучылася з 1911 па 1919 год верная дачка беларускага народа Вера Харужая». У гэтым будынку пасля Вялікай Айчыннай вайны мясці-ліся па чарзе сярэдняя школа №9, курсы бухгалтэраў, палітэхнічны тэхнікум.

На мяжы ХІХ-ХХ ст.ст. на плошчы з’явіўся двухпавярховы будынак (сёння пл.Леніна, 9), які ў 1919 г. прыняў першых мазырскіх камсамольцаў, што зрабілі тут свой клуб. У пасляваенны час тут знаходзіліся шматлікія канторы і ўстановы, у тым ліку цэнтральная аптэка і цырульня.

У 20-я гг. ХХ ст. рынак быў перанесены з цэнтральнай плошчы на вул. Жытомірскую. А цэнтральная плошча Мазыра стала месцам правядзення дэманстрацый, парадаў і іншых урачыстасцей, што былі пры-свечаны значным падзеям у жыцці краіны.

Цэнтральная плошча была сведкай не толькі святочных, але і трагічных падзей, што адбываліся ў жыцці горада. Мазыр быў апошнім з дзесяці абласных цэнтраў БССР, які 22 жніўня 1941 г. была вымушана пакінуць Чырвоная Армія. З першых дзён акупацыі нацысты імкнуліся запалохаць мясцовых жыхароў. Аб гэтым сведчыў змест аб’яў і загадаў акупацыйных улад, якія прадугледжвалі: «За несдачу оружия – расстрел, за укрывательство воинов Красной Армии – расстрел, за неявку на работу – расстрел, за неподчинение немецким властям – расстрел». І гэта былі не проста пагрозы. У Мазыры на цэнтральнай пло-шчы смяротнае пакаранне ў адносінах да сям’і Лутцаў, што падтрымлівала сувязь з партызанамі, было праведзена ўжо ў верасні 1941 г.

14 студзеня 1944 г. прыйшоў дзень вызвалення Мазыра. І 18 студзеня 1944 г. на плошчы адбыўся мітынг, у якiм удзельнiчалi жыхары горада, воіны-вызвалiцелi, партызаны. Горача вiталi яны выступленнi камандуючага 61-й армii генерала П.А.Бялова, першага сакратара Палескага абкама КП(б)Б П.А.Лявiцкага. На мітынгу выступалi ўдзельнiкi баёў за горад – воіны Чырвонай Арміі, партызаны, жыхары горада.

Напрыканцы ХХ ст. пл. Леніна стала цэнтрам урачыстасцей падчас правядзення Міжнароднага фестывалю юных талентаў «Зямля пад белымі крыламі», які праводзіўся ў горадзе па ініцыятыве Мазырскага райвыканкама, раённага Савета дэпутатаў і дзіцячага цэнтра «Палеская зарачка» пры падтрымцы Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь пачынаючы з 1998 г.

Галоўныя падзеі рэспубліканскага фестываля-кірмаша працаўнікоў вёскі, што быў праве-дзены ў Мазыры у 2001 г., таксама адбываліся на пл. Леніна.

Са старых пабудоў, што захаваліся на цэнтральнай пло-      шчы, можна вызначыць жылы дом, дзе на першым паверсе сёння працуе салон «Ромашка». Дом быў пабудаваны на пачатку ХХ ст.

У будынку, які быў пабудаваны ў першай палове 1950-х гг. для Мазырскага райкама КПБ, з 1956 г. працуе музычная школа №1.

Наступны будынак з’явіўся ў 1931 г., і ў ім знаходзілася ад-дзяленне Дзяржаўнага банка СССР. Тут сёння знаходзяцца РУБОП і пашпартны стол Мазырскага РАУС.

На месцы сённяшняга сквера ў канцы 30-х гг. ХХ ст. быў пабудаваны трохпавярховы Абласны дом Саветаў (Мазыр з 1938 па 1954 гг. быў цэнтрам Палескай вобласці). Гэты будынак быў знішчаны ў гады вайны, у сту-дзені 1944 г.

У міжваенны час паміж цэнтральнай плошчай і Прыпяццю з’явіўся парк, у якім былі акуратныя алеі, дрэвы, кусты, малыя скульптурныя формы, агаро-джа і арачны ўваход, газетныя стэнды, атракцыёны і летняя эстрада. Парк, як і ўвогуле ўвесь горад, моцна пацярпеў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Таму ў красавіку 1947 г. на агульнагарадскім сходе медработнікаў быў прыняты зварот да працоўных Мазыра, дзе адзначалася наступнае: «…мы, работники медицинских учреждений города, решили проявить свою инициативу: давайте, товарищи сограждане, собственными усилиями создадим в городе парк культуры и отдыха и назовем его в честь нашей великой победы – парком Победы». Пад зваротам падпісаліся вядомыя ў горадзе ўрачы таго часу Б.Фанштэйн, Н.Красоўскі, А.Ларыёнаў, А.Пярлоў і інш.

У пасляваенны час горад узнаўляўся. Будавалася шмат грамадскіх, вытворчых, жыллёвых будынкаў. На левым баку пло-шчы (калі глядзець на Прыпяць) былі знесены ў 1950-1960-я гг. старыя забудовы. Тут у 1956 г. быў пабудаваны будынак райвыканкама, у 1959 г. – жылы дом, дзе на першым паверсе знаходзіўся магазін «Ткани», а сёння – фірменны магазін «Мілавіца».

У 1960-я гг. па ўсёй савецкай краіне пачалося будаўніцтва массавага таннага жылля –»хрушчовак». Не абыйшла гэтая падзея і Мазыр. Адзін з такіх дамоў -– 116-кватэрны – з’явіўся ў 1962 г. на пл. Леніна. На першым паверсе яго быў адчынены прадуктовы магазін №8 (сёння там размяшчаецца адна з крамаў «Евроопта»).

З боку плошчы, што знахо-дзіцца ў падэшвы сённяшняй Гары Камунараў, у розны час знаходзіліся спартыўны магазін «Дынама», спецыялізаваны вінна-гарэлачны магазін «Кристалл», дыспетчэрская аўтобуснага прадпрыемства, кнігарня, магазін ваеннага гандлю і тры жылых двухпавярховых дамы. Але ў сярэдзіне 1980-х гг. для пашырэння цэнтральнай магістралі горада і пл. Леніна старая забудова (ХІХ-ХХ ст.ст.) была знішчана. І сёння на гэтым месцы знаходзяцца раённая Дошка гонару, летняя эстрада і кветнікі.

У 1964 г. пачаў працаваць універмаг «Белый лебедь», у сувязі з чым быў зачынены або реарганізаваны шэраг маленькіх крамаў, што раней функ-цыянавалі на плошчы: магазін спорттавараў «Дынама», «Бел-одежда» і г.д.

Напрыканцы 1960-х гг. быў пабудаваны будынак Дома афі-цэраў (сёння Гарадскі палац культуры).

З будаўніцтвам шматпавярховага жылога дома, дзе сёння дзейнічаюць выставачная зала, кнігарня «Светач», магазіны «Стужка» і «Мегатоп», завяршылася фарміраванне сучаснага выгляду пл. Леніна.

Цэнтральная плошча Мазыра была месцам, дзе ў пэўныя часы з’яўляліся помнікі розным палітычным дзеячам. Напрыканцы 1920-х гг. тут быў урачыста адкрыты помнік У.І. Леніну, стваральніку Камуністычнай партыі і першаму кіраўніку савецкай дзяржавы.

У 1947 г. помнік Леніну быў устаноўлены ў скверы, дзе сёння знаходзіцца капліца, пры-свечаная ахвярам аварыі на ЧАЭС.

Дзякуючы намаганням архітэктара В.Быкава на пачатку 1980-х гг. помнік Леніну набыў сваё сённяшняе месцазнахо-джанне – каля будынка Гарадскога палаца культуры.

У гарадскім парку, побач з крамай «Белодежды», у пасляваенны час і да канца 1950-х гг. знаходзіўся помнік Сталіну.

Ужо ў ХХІ ст. з’явілася скульп-турная група трох дзяўчат (аўтар – В.Вараб’ёў), што ўпрыгожвае фантан насупраць Дома гандлю.

Р.S. У расказе пра цэнтральную плошчу мы вялі гаворку і пра будынкі, якія знаходзяцца на пл. Леніна, але маюць іншую «прапіску». Гэта будынкі па вул. Савецкай №31 (Дом гандлю), №33 (Гарадскі палац культуры), №138 (жылы дом, дзе месціцца «Евроопт»), №132 (шматпавярховы жылы дом).

У той жа час пра тры будынкi з агульнай «прапіскай» пл. Леніна №15 размова пойдзе далей, калі будзем казаць пра гісторыю вул. Ленінскай.

Адкрыццё помніка Леніну на плошчы Свабоды. 1 мая 1928 г. (помнік быў знішчаны у гады Вялікай Айчыннай вайны).
Базарная плошча. Пачатак ХХ ст.
Парад часцей Чырвонай Арміі на плошчы Свабоды. 1 мая 1927 г.

Таццяна НІКІЦІНА,

Аляксандр БОБР.

(Працяг будзе).

 


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: