«Нам было па 6-7 гадоў..» — успаміны дзяцей вайны

490

Усё далей у глыбіню гісторыі адыходзяць цяжкія гады Вялікай Айчыннай вайны. Але ніколі не згладзяцца ў памяці людской, асабліва памяці дзяцей вайны, бяспрыкладны подзвіг народа, велізарныя страты, нанесеныя краіне і маленству ў барацьбе з лютым ворагам.

Дзеці вайны яскрава бачаць перад сабою тыя далёкія вясновыя дні сорак чацвёртага года, калі воіны-вызваліцелі на подступах да Прыпяці на вялікай тэрыторыі ад Мазыршчыны да Турава, вялі жорсткія баі з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, адваёўваючы ў іх кожны кавалачак зямлі, пакідаючы на ёй шматлікія брацкія магілы, дзе пахаваны сотні і тысячы чырвонаармейцаў.

Вясна сорак чацвёртага года пачалася актыўна. Пасля некаторай замінкі, нарэшче, яна схамянулася, падабрэла, пачала набіраць моцы. Неяк пад вечар насунулася на вёску цёмная з бліскавіцай і грымотай хмара, пайшоў спорны дождж, і адразу ж, бы па чыёй камандзе, павярнуўся з поўдня вецер, які быццам бы і прыпыніў насоўванне гэтай цёмнай хмары. Трава за ноч, улагоджаная цяплом і вадой, прыкметна пазелянела, нават увачавідкі падрасла. Тоненькія, бы тыя іголкі, кволыя травінкі ўсыпалі ўсё наваколле, дзе толькі маглі зачапіцца за зямлю.

Утой вясновы час у кожнай сям’і пасля зімы амаль нічога не заставалася з харчу. Хоць і дрыжэлі над кожнай бульбінай, кожнай крупінкай, але ж састарэлыя кабеты лічылі: не выручыць, не падзяліцца апошнім, што можна наскрэбці ў сябе, з гэтымі нясчаснымі малалетнымі дзяцьмі, у якіх па вясне толькі і ёсць што скура ды косці, было б зараз найвялікшым грахом, і яны дзяліліся ўсім, чым толькі маглі.

А мы яшчэ ў дадатак да ўсяго гэтага збіраліся па сваім узросце групкамі і накіроўваліся часта да чырвонаармейцаў, якія размясціліся непадалёку ад вёскі. Там нас сустракалі заўсёды як даўно знаёмых, частавалі хлебам, намазаным чымсьці зверху, ад чаго мы часта чыхалі, смаркаліся. Але з вялікім апетытам наміналі ўсё гэтае і не забывалі аб сваіх браціках і сястрычках, якія сядзелі дома. Астаткі харчу складвалі ў свае палатняныя торбачкі, каб парадаваць і іх.

Хоць нам і было ўсяго па шэсць-сем гадоў, але ж з намі чырвонаармейцы размаўлялі як з дарослымі. Ды за гады вайны сапраўды мы пасталелі. І мы іх называлі проста па імёнах: дзядзька Фёдар, дзядзька Сцяпан, дзядзька Іван… Можа таму, што былі яны яшчэ зусім маладымі, бязвусымі хлапчукамі, якія так любілі з намі бавіць свой вольны час, распытваць пра нашы сем’і, дзе нашы бацькі. Калі даведваліся, што яны таксама ваююць альбо загінулі, хмурнелі, дадаткова клалі ў нашы палатняныя торбачкі цукар, кавалкі хлеба.

Іншы раз мы заглядвалі ў зямлянку, ля ўваходу якой быў на палотнішчы намаляваны вялікі чырвоны крыж. Адтуль выходзіла да нас цётка Алена, слухала ўважліва нашу блытаную гамонку, вярталася ў зямлянку і адтуль выносіла нам невялічкія белага колеру таблеткі. Мы іх адразу запіхвалі ў рот і смакталі. Іншы раз давала таблеткі жоўтага колеру і наказвала, як іх трэба даваць дома хворым на тыфус. Іншы раз замест цёткі Алены да нас выходзіла хударлявая дзяўчына Маруся. Яна заўсёды жартавала, смяялася з нашых брудных твараў і вушэй. Казала, што ў нашых вушах куры начавалі…

У гэтую красавіцкую раніцу, як звычайна, усклалі мы на свае дзіцячыя плечыкі свае палатняныя торбачкі і накіраваліся да чырвонаармейцаў. Але калі падыйшлі бліжэй да зямлянак, нас ніхто не стрэў. Толькі крыху пазней падыйшоў да нас спахмурнелы дзядзька Іван і нейкім дрыжачым голасам паведаміў, што дзядзькі Фёдара і дзядзькі Сцяпана, цёткі Алены з Марусяй няма. Яны гэтай ноччу загінулі ля Прыпяці…

На ўзгорку, ля скрыжавання дарог, дзяздька Іван паказаў нам целы забітых. Ляжалі яны з пасінелымі тварамі пад брызентам. Здавалася, што Маруся вось-вось падымецца і пачне папракаць нас за нямытыя твары…

Хаваць нябожчыкаў не спяшаліся, чакалі з боку Прыпяці машыну.

А тут неўзабаве з захаду пачала насоўвацца вялікая хмара, якая ўвачавідкі налівалася чарнатой, станавілася пагрозлівай. Моцна пацямнела неба, недзе здалёку пачуліся водгукі перуна, які імкліва набліжаўся на сваёй калясніцы. Ён грукатаў з большай пагрозай, нібы папярэджваў або сварыўся за нешта на людзей, а мо на нашых ворагаў. І маланкі актыўна сталі паласаваць неба, як бы рэзаць яго, а то і адна скрыжоўвалася з другою, асвятляючы хмару, робячы яе яшчэ страшнейшай. Хмара чарнела проста на вачах і нам, малым, здавалася, што ад яе, як і ад тых страшных ворагаў, ад якіх мы нацярпеліся за гады вайны, не будзе ніякага паратунку. І вельмі добра, што яшчэ да з’яўлення моцнага навальнічнага ветру салдаты нацягнулі між бярозамі вялізны брызент, пад які мы і схаваліся. Моцны вецер ішоў нізам, варушыў усё, што траплялася на яго шляху, залазіў пад вялікі брызент, халадзіў нашы худыя целы.

Такая карціна назіралася нядоўга. Раптоўна сціх вецер, дождж паціху выпрастаўся і перастаў. Маланкі не зіхацелі, і раскатаў грому не было чуваць. З-за адпоўзлай хмары выбіліся першыя промні сонца, асвяцілі ўсё наўкола, асвяцілі твары вясковых жанчын, якія падыйшлі з вёскі. Мы таксама прымасціліся да іх і пачулі іх гаворку, што гэта была кара Божая, кінутая праз навальніцу фашыстам, якія яшчэ так моцна трымаліся за зямлю ля Прыпяці, павялічваючы спіс забітых і параненых…

Хавалі салдат па нескалькі чалавек у вялізнай магіле. Дзядзьку Фёдара і дзядзьку Сцяпана паклалі побач. Жанчын пахавалі на ўскрайку могілак, каля дзвюх невялічкіх бярозак. Плакалі вясковыя кабеты, мурзалі слёзы на сваіх нямытых тварах і мы – вельмі ж было шкада нам дзядзьку Фёдара і Сцяпана, цётку Алену з Марусяй…

Неяк мінулай позняй восенню наведаў я сваю малую радзіму – вёску Крушнікі, зазірнуў па звычцы і на брацкія могілкі. Спыніўся каля помніка-стэлы, які размясціўся крыху ніжэй магілак, пачаў разглядваць усё. І не заўважыў, як з боку вёскі Камень да могілак насунуўся вячэрні змрок, паступова ахінаючы наўколле. На тым месцы, дзе ў маёй памяці знаходзілася агульная магіла, у якой былі пахаваны разам з другімі воінамі і дзядзька Фёдар са Сцяпанам, а непадалёку і цётка Алена з Марусяй, убачылася мне нейкая мітусня невыразных чалавечых твараў, якія нявыразна спрабавалі штосьці выказаць. Непадалёку заўважаю і цётку Алену з Марусяй, якая ўчэпіста трымаецца за яе, бо без дзвюх ног яна не можа падняцца. Але ж спрабуе махаць рукою, быццам хоча пакпіць з мяне за мурзаты твар і вушы.

Раптоўна ўсё знікае ў гэтым вячэрнім змроку, а вялізныя валуны туману сунуцца далей па былых салдацкіх зямлянках у напрамку вёскі Турбінка. Я ж асцярожна кладу на ўскраек помніка-стэлы свае запозненыя восеньскія кветкі і накіроўваюся да свайго легкавіка.

Анатоль КАШЭВІЧ, вёска Крушнікі.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: