Вербная нядзеля

372

«Не я б’ю, вярба б’е. Праз тыдзень – Вялікдзень!..»

Згодна біблейскіх паданняў гэта дзень уезду Хрыста ў Ерусалім Народ вітаў Хрыста, дзеці кідалі яму пад ногі сваю старую адзежу, і яна станавілася новай і прыгожай. Перад ім высцілалі дарогу галінамі вечназялёнай пальмы. Адсюль і назва свята – Пальмавая нядзеля.


Неўвядальная пальма сімвалізавала вечнае жыццё. У нас, у адпаведнасці з кліматам і прыроднымі ўмовамі, заменай пальмы стала самае жыццестойкае і непатрабавальнае дрэўца вярбы. Вярба самая першая адгукваецца на цяпло, і перш чым апрануцца лістотай, выпускае свае малюсенькія кветкі – пухнатыя «коцікі». Яна – сімвал абнаўлення прыроды пасля зімовага сну.

Беларусы вярбу да свята нарыхтоўвалі загадзя. Самай лепшай лічылася вярба з чырвонай карой, дубчыкі яе павінны былі быць прамымі, моцнымі, гнуткімі. Менавіта галінак такой вярбы нарэзвалі цэлы пук, падобны на сноп. Галіны вярбы ўпрыгожвалі верасам, каласкамі, засушанай травой, пазней сталі прымацоўваць да дубчыкаў штучныя кветкі і неслі асвячаць у царкву.

У «Вербную нядзельку» паўсюль панавала атмасфера шчырасці, добразычлівасці. Паўсюль чуліся віншаванні са святам з пажаданнямі здароўя і дабрабыту. Па дарозе дадому вярбой можна было адорваць сваякоў і знаёмых, але як толькі яна ўносілася ў дом, то ставілася ў чырвоны кут, станавіліся прадметам святым і не пазычала нікому, нават родным. Дома лёгенька пахлёствалі галінкамі ўсіх «сямейнікаў», імкнучыся перадаць ім жыццёвыя сілы, стойкасць, крэпасць і цягавітасць вярбы, пры гэтым казалі:
«Не я б’ю, вярба б’е. Праз тыдзень – вялікі дзень! Хвароба – у лес на верас, а ў косці – здароўе…»

Словы гэтыя гучалі як замова. Людзі верылі ў магію слова, і вера ўмацоўвала чалавека. Потым гаспадар здзяйсняў абрадавы абыход усёй «гаспадаркі», пахлёстваючы дубчыкамі вярбы будынак, а, дзе можна, то ўтыкаў паміж бярвенняў дубчыкі, пахлёстваў вуллі з пчоламі, хлеў з жывёлаю. Гэтымі дзеяннямі стараліся засцерагчы сябе ад бед і зла, зберагчы ўсё жывое. Так што не скупіцеся на добрыя словы і пахлёствайце вербачкаю сваю сядзібу, дачу, зямельны надзел, а заадно і свайго жалезнага каня, каб не ламаўся і служыў вам верай і праўдай. На працягу ўсяго года па рознай неабходнасці (абрадавай ці бытавой) выцягваліся дубчыкі з пучка вярбы. Асветленай вербачкай выганялі першы раз кароўку-карміцельку ў поле, «сцябаў» каня гаспадар і на Юр’еў дзень. Вярбу бралі з сабой у першы раз у поле, падымаючы цаліну. Вярбу лічылі сродкам лячэбным і абярэгам ад благога вока, пухнатыя «коцікі» праглыналі пры хваробах горла, абкурвалі памяшканне, дзе знаходзіліся хворыя. Загадвалі з дапамогай вярбы і пра лёс. Сцебануўшы вербачкай першага сустрэчнага хлопца, дзяўчыны пыталіся ў яго імя, загадваючы на будучага мужа.

Сваркі і крыўды ў гэты дзень – недапушчальныя.

У Вербную нядзелю неабходна ўстрымацца ад працы па хаце, на сваім участку, агародзе. Таксама ў гэты дзень пад забаронай было жаночае рукадзелле: шыццё, вышыванне, вязанне, прадзенне. Лічылася, што іголкі і пруткі нясуць няшчасце тым, хто бярэ іх у рукі такім днём. Сваркі, лаянка і крыўды таксама недапу-
шчальныя. І нават не гатавалі гарачыя стравы, усё неабходнае рабілі загадзя.

Раней напярэдадні свята варылі-пяклі грачанікі, кашу, рыбны курнік. Гаспадыня пякла хлябцы – па колькасці чалавек у сям’і. У адзін з іх клалі невялікую манетку. Каму трапляўся сюрпрыз, таго чакалі поспех і шчасце.

Для славян вярба ўвасабляла здароўе, жыццёвую сілу, урадлівасць. Таму ў некаторых селішчах у Вербную нядзелю пяклі мучныя шарыкі і печыва з пупышкамі асвячонай вярбы ўнутры. Гэтай выпечкай частавалі адно аднаго.

Традыцыі…

* Лічылі, што вярба аберагае дом ад няшчасцяў, хвароб і бедстваў.
* Галінкамі вярбы ў нядзелю ўпрыгожвалі хатнія абразы або ставілі ў вазу без вады.
* Гаспадар асвячонымі галінкамі сімвалічна біў родзічаў і свойскую жывёлу, прыгаворваючы: «Не я сяку – вярба сячэ», «Будзь здаровы, як вярба», «Расці, як вярба».
* Букеты з галінак вярбы клалі каля галавы хворых.
* Дзяцей да года купалі ў адвары галінак вярбы, каб яны раслі здаровымі.
* Пупышкі вярбы высушвалі, малолі на муку і дадавалі ў ежу, а таксама выкарыстоўвалі для адвараў і іншых народных зёлак.

Дарэчы, Вербная нядзеля вызначае надвор’е і на Вялікдзень, і на ўсё лета.

З Вербнай нядзеляй вас, шаноўныя землякі! Моцнага вам здароўя, сіл, поспехаў і дабрабыту!

Наталля КАНОПЛІЧ.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: