Імя, якім ганаруся. Дзелімся вытрымкамі лепшых работ літаратурнага конкурса, які пройшоў у Мазырскім дзяржаўным абласным ліцэі

193

У Мазырскім дзяржаўным абласным ліцэі прайшоў шматжанравы літаратурны конкурс «Імя, якім ганаруся», прысвечаны Году народнага адзінства, а таксама Году міра і даверу, абвешчанага ААН.

«Конкурс «Імя, якім ганаруся» праводзіцца з мэтай гарманічнага духоўнага, культурнага, інтэлектуальнага развіцця падрастаючага пакалення, фарміравання ў моладзі ідэалаў дабра, выхавання любові да Радзімы, свайго народу і яго героеў. Такім чынам, мы намагаемся данесці да вучняў асноўную мэту патрыятызму, навучыць іх адчуваць яго сэрцам. Акрамя гэтага, такія конкурсы ствараюць умовы для выхавання творчай асобы з развітым эстэтычным густам, а таксама садзейнічаюць культурнаму ўзбагачэнню моладзі праз далучэнне да літаратурнай творчасці», – адзначаюць у кіраўніцтве ліцэя.

Аповед, казка, эсэ, верш, пасланне, ліст… У гэты раз юныя канкурсанты змаглі абраць любы з улюбёных жанраў, каб прадставіць творчае разважанне, раскрываючае знач­насць роднай краіны і людзей, якія яе ўслаўлялі ў розныя часы. Конкурс праходзіў у дзвюх намінацыях: «Лепшы твор пісьмовага жанру» і «Мастацкае слова» – у кожнай было вызначана тры пераможцы.

Сення мы дзелімся з нашымі чытачамі вытрымкамі з конкурсных работ ліцэістаў, прызнаных лепшымі ў літспаборніцтве:

Дар’я Максіменка, 11 «А» (І месца ў намінацыі «Лепшы твор пісьмовага жанру»):

«Зазвінеў званок… Пачынаецца ўрок беларускай літаратуры. Усе хвалююцца. Нечага новага, яшчэ не зведанага чакаем мы ад гэтага ўрока. І гэта зусім не выпадкова.
«У кожнай літаратуры ёсць пісьменнікі, якімі ганарацца іх нашчадкі, – пачынае гутарку настаўніца. – Зоркай на неба­схіле беларускай паэзіі ззяе і імя М. Багдановіча». Але мне чамусьці хочацца параўнаць яго з метэарытам, які, згараючы, асвятліў усё вакол сябе. Слухаю і разумею, што лёс даў маладому паэту не толькі рэдкі талент, але і дастаткова выпрабаванняў на трываласць і адданасць сваёй Бацькаўшчыне. Адчуўшы ў душы сваёй невыказную любасць і пашану да яе, ён самастойна паглыб­ляўся ў свет беларускай мовы. Сёння здаецца неверагодным, як мог Максім, адарваны ад роднага краю, так глыбока авалодаць беларускім словам, авалодаць настолькі, каб праз мову зразумець душу свайго народа, яго боль і смутак, убачыць яго веліч і магутнасць…
… Зноў і зноў радкі Багдановічавых вершаў, разважанні навучэнцаў, словы настаўніцы, і на тварах маіх сяброў – шчырая зацікаўле­насць, спачуванне, боль і клопат паэта (я гэта адчуваю) паступова становяцца іх болем і неспакоем…»

Аляксандра Бачура, 11 «А» (ІІ месца ў намінацыі «Лепшы твор пісьмовага жанру»):

«Імя, якім я ганаруся, – гэта Ефрасіння Полацкая. Велічная постаць ў нашай гісторыі. Яе жыццё – як прыклад сапраўднага грамадзяніна і патрыёта сваёй краіны. Адмовіцца ад свецкіх уцех і прысвяціць сваё жыццё служэнню народу – гэта гераізм! З юных гадоў пачала займацца перакладніцкай дзейнасцю, перапісваннем кніг Святога Пісання, сама пісала арыгінальныя творы. Нездарма незвычайны лёс княгіні натхніў на творчасць многіх літаратараў, мастакоў, гісторыкаў…»

Дар’я Бычкоўская, 10 «Г» (ІІІ месца ў намінацыі «Лепшы твор пісьмовага жанру»):

«Імя, якім я ганаруся, – гэта назва горада Ельска. Гэта чудовае месца размяшчаецца на поўдні Гомельскай вобласці. Некаторыя лічаць, што назва мястэчка звязана з ёлкай. Але гэта зусім не так. Назва горада пайшла ад назвы рэчкі Елы ці Елкі, якая працякала па яго тэррыторыі ў старадаўнія часы.

Я ганаруся, таму што нара­дзілася ў гэтым ціхім куточку. Зрабіла першыя крокі, сказала першае слова, адчувала розныя пачуцці, атрымала любоў да сябе… Менавіта ў гэтым месцы я пазнала, што такое сяброўства, першы смех і слёзы, няўзгоды і радасць. У родным Ельску – роднае ўсё: знаёмыя дрэўца, сцяжынка дамоў, звонкія птушыныя спевы, чыстае паветра, прыгожыя кветкі. Я ганаруся гэтым горадам, бо гэта край маіх бацькоў, край маіх прадзедаў. Гэта і мой край, які хутка стане краем маіх дзяцей і ўнукаў».

Юлія Засінец, 11 «В» (І месца ў намінацыі «Мастацкае слова»):

«Я ганаруся Уладзімірам Караткевічам – беларускім пісьменнікам, драматургам, паэтам, публіцыстам. Яго яшчэ называюць беларускім Вальтэрам Скотам, таму што ён папоўніў нашу літаратуру такімі жанрамі, як дэтэктыўны раман, дэтэктыўная аповесць. Я з захапленнем чытала яго аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха», раман «Чорны замак Альшанскi». Мяне, як і Уладзіміра Караткевіча, вельмі цікавіць гісторыя нашага народа, асабліва такі перыяд, як XVII-XVIII стагоддзі. І творы пісьменніка дазваляюць мне акунуцца ў гэтую атмасферу».

Павел Бандаровіч, 11 «В» (ІІ месца ў намінацыі «Мастацкае слова»):

«Я чытаў верш Кацярыны Салаўёвай «Амаль санет», прысвечаны М. Багдановічу. Для мяне М. Багдановіч – гэта загадка ў нашай літаратуры. Гэта ж трэба быць сапраўды ўнікальным чалавекам, каб большасць свайго кароткага жыцця пражыць за межамі Беларусі і столькі зрабіць для свайго народа: папоўніць нашу літаратуру новымі жанрамі, тэмамі, стварыць класічныя формы верша на беларускай мове. І гэтым самым узняць нашу літаратуру да ўзроўню сусветнай».

Паліна Званок, 10 «А» (ІІІ месца ў намінацыі «Мастацкае слова»):

«Я ганаруся тым, што я чалавек, грамадзянін нашай краіны. М. Танк адзначаў: «Быць чалавекам я рад, быць ім хацеў бы заўсёды!»

P.S. Нельга звацца беларусам, калі ты не ведаеш сваіх каранёў, калі не шануеш родную культуру. Таму сёння вельмі важна перадаць падрастаючаму пакаленню ўсё тое добрае, што наш народ набываў стагоддзямi. І пачынаць трэба з сям’і, беларускiх традыцый, якiя змогуць закрануць сапраўдныя пачуцці маладога пакалення.

Падрыхтавала Кіра Аляксандрава.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: