Наша гісторыя – наш гонар

189

Унікальнасць Мазыршчыны заключаецца ў тым, што яна тоіць у сабе нямала таямніц і загадак, легенд і міфаў, верыць ці не верыць у якія – справа кожнага. Між тым мазырскі летапіс падзей і імёнаў не пакіне абыякавым нікога, хто да яго дакранецца.

Скрыгалаў адносіцца да ліку найбольш старажытных паселішчаў Мазырскага раёна. Гісторыкі не выключаюць магчымасці таго, што цяперашні аграгарадок можа быць равеснікам Мазыра ці нават старэйшы. У гістарычных дакументах ёсць некалькі згадак пра мястэчка Скрыгалаў: пад 1240, 1387, 1435 гг. Аднак у маі 1497 г. у наваколлях вёскі адбылася падзея, якая адгукнулася ў стагоддзях. З летапісу вынікае, што ў 1497 годзе недалёка ад Мазыра, у сучасным Скрыгалаве, татары забілі Прадстаяцеля Праваслаўнай Царквы Вялікага княства Літоўскага і Рускага мітрапаліта Кіеўскага і ўсяе Русі Макарыя.

Згодна з паданнем на гэтым месцы скончыў сваё зямное жыццё мiтрапалiт Макарый.

Сіла веры

Аб жыцці і дзейнасці святога пакутніка Макарыя вядома вельмі мала, але і з таго, што дайшло да нашых дзён, можна скласці, што чалавек гэты быў у вышэйшай ступені варты славы, якой яго ўвянчаў пакутніцкі скон.

Нарадзіўся Макарый у першай чвэрці XV ст., магчыма, у перыяд з 1420 па 1430 год, і паходзіў з літоўскіх дваран. Бацькі яго адрозніваліся любоўю да набожнасці і моцна трымаліся праваслаўя. Такія ж пачуцці яны выхавалі ў сваім сыне, які, дасягнуўшы юнацкага ўзросту, выпрасіў у іх блаславення на паступленне ў манастыр. Прыняўшы манаскі пострыг, Макарый старанна выконваў розныя паслухмянасці ў кіеўскіх і літоўскіх манастырах.

Высокае падзвіжніцкае жыццё, непахісная адданасць праваслаўю, любоў да Слова Божага і іншыя дабрадзейнасці святога Макарыя хутка сталі вядомыя Кіеўскаму мітрапаліту Сімяону і праваслаўным грамадзянам горада Вільні. У канцы 1481 г., калі ён ужо ў сане іераманаха праходзіў паслухмянасць у Віленскім Свята-Троіцкім манастыры, мітрапаліт Сімяон з усімі духоўнымі ўладамі і ўсе веруючыя, якія клапаціліся пра дабро Праваслаўнай Царквы, аднагалосна абралі Макарыя архімандрытам Свята-Троіцкага манастыра. А ў 1494 г. Макарый быў абраны мітрапалітам Кіеўскім і ўсяе Русі.

Свяціцельства мітрапаліта Макарыя выпала на вельмі небяспечны і цяжкі час, калі краіна знаходзілася ў стане няспыннай вайны з татарамі, якія кожны год урываліся ў межы Вялікага княства Літоўскага, пакідаючы пасля сябе толькі выпаленую зямлю. Уладыка ўсім сэрцам спачуваў нягодам сваёй паствы.

Яго пасад павінен быў знаходзіцца ў Кіеве, таму мітрапаліт увесь час імкнуўся асталявацца менавіта там, каб сваім пастырскім словам падтрымліваць тых, хто ў роспачы, суцяшаць пакутуючых, усяляць веру і духоўныя сілы ў душы праваслаўных.

Уладзіўшы самыя неадкладныя справы, мітрапаліт Макарый прызначыў сваё падарожжа ў Кіеў на вясну 1497 года. Неўзабаве першыя татарскія атрады з’явіліся пад мурамі Мазыра і іншых гарадоў на поўдні Беларусі. Паніка і жах ахапілі ўсіх – ад простых сялян да першых асоб дзяржавы, якія схаваліся за сценамі магутных замкаў на паўночным захадзе Беларусі. Заставалася спадзявацца толькі на паўднёвыя крэпасці, нягледзячы на тое, што ў асноўным яны былі драўляныя і невялікія па памерах. У першую чаргу – на Мазырскі замак, бо недалёка ад Мазыра быў Оўруцкі брод, адна з галоўных транспартных артэрый, якая звязвала поўнач і поўдзень краіны, таму хуткае падзенне Мазыра адкрывала татарам шлях у межы Літвы–Беларусі.

Адзіным чалавекам, які ў гэты пераломны момант не паддаўся агульнай паніцы і распачаў рашучыя дзеянні з мэтай натхніць сваю паству, быў мітрапаліт Макарый. Бліжэйшае асяроддзе ўладыкі не раіла яму ехаць у гэты небяспечны час у Кіеў. Але цвёрды ў сваіх рашэннях Макарый нагадаў што ён – мітрапаліт Кіеўскі, і павінен быць у Кіеве, тым больш, што кафедральны горад і людзі знаходзяцца ў бядзе.

У Вялікі пост мітрапаліт выехаў з Вільні. Плывучы па рацэ Прыпяць, свяціцель спыніўся ў вёсцы Скрыгалаў, размешчанай у 35 вёрстах ад Мазыра, каб здзейсніць боскую літургію. Падчас службы стала вядома, што з-пад сценаў абложанага Мазырскага замка на перахоп мітрапаліта адпраўлены атрад татарскай конніцы. Багамольцы, якія знаходзіліся ў той час у храме, паведамілі аб гэтым свяціцелю. Адказам жа ім было мужнае: «Ратуйцеся, дзеткі, а мне нельга, я аддаю сябе волі Божай», і працягнуў здзяйсняць літургію. Татары, якія ўварваліся ў храм, схапілі свяціцеля і, вывеўшы яго на бераг ракі, прапанавалі здзелку. Як расказваюць паданні, сэнс здзелкі быў у наступным: мітрапаліт загадвае здацца абаронцам Мазырскага замка, і татары захоўваюць яму жыццё. Іншыя ж крыніцы кажуць пра іншыя ўмовы, але сэнс іх адзін: дзеля выратавання ўласнага жыцця мітрапаліт Макарый павінен быў здрадзіць людзям, якіх натхняла яго прысутнасць і ўсяляла ў душы простага народа веру і надзею. Не задумваючыся ні на секунду, святы мітрапаліт адпрэчыў д’ябальскую прапанову. Раз’юшаным татарам адказ прыйшоўся не даспадобы, і яны абезгаловілі Макарыя. Гэта здарылася 1 мая (па старым стылі), у першы дзень шостага тыдня пасля Вялікадня. Ёсць здагадка, што падчас нападзення свяціцель моцна трымаў у правай руцэ святы пацір, так што бязбожнікам прыйшлося яе адсекчы, таму пры мошчах святога пакутніка Макарыя не было правай рукі.

Больш дакладнае месца пакутніцкай смерці свяціцеля вызначае народнае паданне, захаванае ў вёсцы Скрыгалаў, паводле якога татары валаклі абезгалоўленае цела Макарыя за ногі да ракі Прыпяць. Але паколькі там было непраходнае балота, цела кінулі ў багне, а галаву свяціцеля – у раку. Пазней галаву святога пакутніка знайшлі на пясчанай водмелі Дняпра. Толькі напрыканцы лета знайшлі мясцовыя жыхары ў багністых зарасніках нятленнае цела свайго архіпастыра. Вестка аб гэтым неўзабаве дайшла і да Кіева. Тады інакі Кіева-Пячэрскай Лаўры з набожнымі жыхарамі Скрыгалава перанеслі сумленныя астанкі свяціцеля ў Кіеў, куды ён так імкнуўся ў сваім зямным жыцці. І калі ганаровая працэсія плыла са святымі рэшткамі мітрапаліта ў Кіеў на ладдзях па Дняпры, паднялася бура, хвалі былі такія вялікія, што плыўшыя баяліся патануць, але каля ладдзі з мошчамі была цудоўная цішыня. Па прыбыцці ў Кіеў мошчы свяціцеля Макарыя ўрачыста паставілі ў Кіеўскім саборы святой Сафіі.

Сучасная  ўрачыстасць

Па сённяшні дзень святыя мошчы ўшаноўваюцца ўсім праваслаўным народам і нават каталікамі. У Скрыгалаве штогод праводзіцца ўрачыстая служба 14 мая (па новым стылі). У цэнтры вёскі, дзе некалі стаяла царква, у якой свяціцель здзейсніў сваю апошнюю боскую літургію на зямлі, сіламі праваслаўнай грамадскасці збудавана капліца, а на месцы гібелі, ва ўрочышчы Падселіца, устаноўлена памятная стэла.

– Цешыць тое, што жыхары вёскі прыходзяць у храм не толькі ў праваслаўныя святы, але і ў дні службы, вызваляюць свае душы ад мірскай брыдоты, любуюцца цудоўным храмам, удыхаюць чыстае паветра, свежасць ранішняй прахалоды, – падзялілася з намі сваімі думкамі настаўнік рускай мовы і літаратуры Скрыгалаўскай сярэдняй школы Галіна Дайняк. – Я люблю прыходзіць у гэты храм, бо менавіта тут можна памаліцца, падумаць аб самых патаемных марах.

У апошнія гады ўжо стала добрай традыцыяй адзначаць 14 мая дзень вёскі. Да свята рыхтуюцца ўсе: Скрыгалаўскі сельсавет на чале са старшынёй Людмілай Мертын, настаяцель і прыхаджане храма святапакутніка Макарыя, сельскі Дом культуры, Скрыгалаўская школа. Пачынаецца ўрачыстасць з прыезду епіскапа Тураўскага і Мазырскага Леаніда, святароў з усёй дыяцэзіі.

– Гэты дзень асаблівы – і па колькасці прыхаджан, па прыпаднятасці духу, па радасці, якая свеціцца ў вачах людзей, – распавядае жыхарка Скрыгалава Вольга Карпеш.

Пасля боскай літургіі пачынаецца хрэсны ход да памятнай стэлы на беразе ракі Прыпяць.

– Якая там прыгажосць! – с захапленнем працягвае наша суразмоўніца. – Сама прырода быццам упрыгожыла гэтае месца. Людзі пасадзілі шмат кветак, намаганнямі настаяцеля храма вакол стэлы была ўстаноўлена прыгожая ажурная агароджа.

Працяг урачыстасці – у сельскім Доме культуры, дзе гасцей сустракае дырэктар Скрыгалаўскага СДК Георгій Яблонскі. Кіраўнік школьнага гуртка Ларыса Майнгард разам з дзецьмі рыхтуе найцікавейшую тэатралізаваную пастаноўку. На сцэне ажывае мітрапаліт Кіеўскі Макарый, усе бачаць яго подзвіг, сілу яго веры, стаўленне да простага народа. Незабыўны і вобраз быліннага гусляра, які яшчэ раз расказвае пра святапакутніка Макарыя. Словы гусляра – гэты вялікі верш, напісаны супрацоўнікам мясцовай школы Любоўю Фалінскай. Выдатная падрыхтоўка дзяцей, выключнае музычнае і светлавое суправаджэнне, падбор фатаграфій і слайдаў, выступленне салістаў робяць святочнае мерапрыемства незабыўным.

Вольга ЛАСУТА.

Фота аўтара.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: