Сёння адзначае соты дзень нараджэння наша суразмоўнiца Марыя Антонаўна Мiкалаева

231

Як зазначае сама юбілярка, жыццё яе выдалася цяжкім і неспакойным, але ж насычаным і цікавым. На яе жыццёвым шляху было ўсё: вучоба і праца, вайна і эвакуацыя, каханне і сямейныя клопаты, жыццё пад мірным небам.

І тут нічога дзіўнага, бо за 100 гадоў Марыя Антонаўна перажыла падзеі некалькіх эпох: нарадзілася яна ў 1922 годзе, перажыла ліхалецце Вялікай Айчыннай вайны, пасляваеннае будаўніцтва народнай гаспадаркі, унесла працоўны ўклад у развіццё савецкай эпохі, назірала яе згасанне, пераломныя і складаныя 90-я – і вось ужо больш за чвэрць веку жыве ў суверэннай і незалежнай Беларусі.

Маладосць – час мараў

Марыя Антонаўна ганарыцца тым, што яна карэнная мазыранка. Сям’я Кацубаў (гэта яе дзявочае прозвішча) жыла тады на вуліцы Кіеўскай, дзе прайшлі яе дзіцячыя і юнацкія гады. У Марыі была сястра Ядзя і браты – Станіслаў і Уладзімір. Бацька Антон Лявонцьевіч працаваў шафёрам на хуткай дапамозе, а маці Вольга Пятроўна ўзначальвала таварыства Чырвонага Крыжа і Паўмесяца.

Абое, як члены камуністычнай партыі, былі вельмі адказнымі людзьмі. Такога прынцыпу прытрымліваліся і пры выхаванні дзяцей. Марыя Антонаўна ўспамінае, што бацька хацеў, каб яна пасля заканчэння 8 класа СШ № 8 працягвала вучобу на дантыста. Нават і накірунак узяў. А дачка пад уплывам сябровак прапанавала сваё рашэнне: вучыцца ў вячэрняй школе і працаваць машыністкай. Гэтаму паспрыяла яе знаёмства з Рэней, якая ўжо працавала на такой паса­дзе ў галіне сацзабеспячэння Палескай вобласці. Бацька пагадзіўся з выбарам дачкі, якая спадзявалася, што вышэйшую адукацыю атрымае пазней. Можа, так і здарылася б, калі б не трывожныя навіны чэрвеня 1941 года, які перакрэслілі чорным крыжам спакойнае жыццё людзей.

Выпрабаванне вайной

– 8 ліпеня 1941 года пачалася эвакуацыя людзей з Мазыра і ў першую чаргу – сямей з дзецьмі. Доўга плылі на баржах, пакуль не дабраліся ў порт Херсона, а потым – у накірунку Паўночнага Каўказа, – расказвае Марыя Антонаўна.

– Наша сям’я разам з іншымі беларусамі апынулася ў станіцы Нова-Шчадрын Кізлярскага раёна. Хоць і прыюціла па сваёй дабрыні старая казашка, але ж умовы для пражывання былі цяжкія. Маму прызначылі працаваць загадчыцай клубам, а мяне, як і іншых старэйшых дзяцей з сямей эвакуіраваных, адправілі на капанне акопаў, таму што вораг рваўся да Каўказа. Нельга было падпусціць немцаў да Каспія, да нафты. Мы мусілі дапамагаць трымаць абарону. У той час Баку і Паўночны Каўказ былі найбуйнейшай крыніцай нафты ва Усходнім паўшар’і. Тады СССР займаў другое месца ў свеце па здабычы нафты, здабываючы дзясятую частку ўсёй нафты свету, і Германія, якая адчувала ўсю вайну востры недахоп нафтапрадуктаў, імкнулася любым коштам авалодаць гэтым раёнам. Працавала на акопах, пакуль не захварэла і была вымушана вярнуцца ў станіцу. Маці ледзь удалося паставіць мяне на ногі. Але ж мы былі жывыя. Хваляваліся за бацьку, які займаўся эвакуацыяй архіва і іншых каштоўнасцей ў Маскву і Падольск. Больш мы не ўбачыліся. А ў 1943 годзе даведаліся, што ён прапаў без вестак.

Лёсавызначальная сустрэча

Пасля таго, як Марыя Антонаўна паправілася ад хваробы, яе запрасілі ў ваенную камендатуру. Пасля гутаркі з начальнікам штаба, улічваючы вопыт работы, яе запрасілі на работу ў якасці машыністкі 356-га запаснога стралковага палка 35-й стралковай брыгады. На гэтай пасадзе патрэбны былі надзейныя людзі, таму што прыходзілася друкаваць сакрэтныя дакументы.

Для ўмацавання пазіцыі палка прыбыла яшчэ адна стралковая дывізія, дзе служыў Васіль Мікалаеў. Сустрэча з прыгожым статным афіцэрам стала для Марыі Антонаўны лёсавырашальнай. У 1944 годзе маладыя ажаніліся, зарэгістраваўшы шлюб у станічным сельсавеце. Потым, калі сям’я чакала прыбаўлення, муж адправіў яе да сваіх бацькоў у станіцу Сляпцоўскую (Інгушэція), дзе нарадзілася дачка Ала.
Менавіта тут Марыя Антонаўна сустрэла і той самы незабыўны для ўсіх людзей дзень – Дзень Вялікай Перамогі.

«Здавалася, што ўсё навокал лікавала і радавалася, людзі плакалі, абдымаліся, – гаворыць Марыя Антонаўна, выціраючы і зараз няпрошаную набеглую слязінку. – У кожнага быў свой лік да ваенных падзей: забітыя, раненыя, прапаўшыя без вестак. Было найвялікшае спа­дзяванне дачакацца сваіх родных з франтоў. Мы з дачушкай чакалі свайго бацьку і мужа з Кёнігсберга. І ён на нашае шчасце і шчасце яго бацькоў вярнуўся жывым. Вярнуўся, каб працягваць мірнае жыццё, адбудоўваць краіну пасля ваеннага ліхалецця».

Надзейны прычал

Праз некаторы час сям’я Мікалаевых пераехала ў Мазыр. Тут нарадзілася ў іх другая дачка Людміла. І жыццё пацякло сваёй чаргой. Васіль служыў у камітэце дзяржаўнай бяспекі, а Марыя Антонаўна ўладкавалася на працу ў райсабес: спачатку працавала кантралёрам, потым інспектарам, правярала пенсійнае забеспячэнне, ездзіла на абследаванне ўдзельнікаў і ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Сваю працу любіла і аддавала ёй сябе цалкам.

Праз усё жыццё пранесла дэвіз «Дарыць людзям дабрыню». Менавіта гэтую якасць яна адчувала з боку людзей, з якімі прыйшлося сустракацца ў жыцці. Яна не забылася, як суседка, з якой жыла іх сям’я ў эвакуацыі, аддала ёй сваю сукенку, каб яна мела прыгожы выгляд, не забылася пра старую інгушку, якая давала парады маці, чым яе вылечыць, і яшчэ шмат людзей, якія дзяліліся кавалачкам хлеба, каб проста выжыць. Таму старалася заўсёды падзяліцца сваёй дабрынёй і падтрымкай з тымі, каму гэта патрабавалася. Дабрыня прайшла аксiёмай праз усё жыццё Марыi Антонаўны i яна зразумела: «Чым больш аддаеш, тым больш атрымлiваеш».

Вельмі ўдзячна, што калектыў упраўлення па працы, занятасці і сацабароне Мазырскага райвыканкама клапоціцца пра яе і не забывае ў любыя святы.

Шчаслiвы працяг

Марыя Антонаўна ў моцным шлюбе з Васілём Мікалаевічам пражылі 35 гадоў. Шматлікія раненні не далі яму адчуць сапраўдную асалоду ад жыцця пад мірным небам, і яго не стала на 63-м годзе. Па словах нашай шаноўнай субяседніцы, ён марыў, каб сярод дзяцей і ўнукаў абавязкова прысутнічала прафесійная прыналежнасць: лекар, ваенны, настаўнік. Гэта мара здзейснілася. Дачка Алла аддала медыцыне больш за 40 гадоў, дачка Людміла 38 гадоў прысвяціла педагагічнай дзейнасці, а гонар ваеннага мундзіра надзейна ўтрымлівае ў сваіх руках унук Вячаслаў.

Марыя Антонаўна да свайго юбілейнага дня нараджэння прыйшла з цудоўным скарбам: 2 дачкі, 3 ўнукі, 6 праўнукаў і 2 прапраўнукі. Характэрна, што дзякуючы добрай памяці, якую захавала да гэтага дня, яна ведае дні нараджэння кожнага і колькі каму споўнілася гадоў. Вельмi ўдзячна ўсiм i асаблiва дачцэ Людмiле, што яны шчыра клапацяцца пра яе.

Галоўнае з пажаданняў Марыі Антонаўны сваім родным і блізкім, а таксама мазыранам, каб бераглі мір на зямлі. «Гэта, як і жыццё, найвялікшае з багаццяў, дараванае чалавецтву Богам. Няхай кожны ваш дзень будзе напоўнены радасцю».

Ёсць такі стан, калі ты кожнай клеткай адчуваеш, што жывеш, кожную хвіліну востра адчуваеш непаўторную радасць жыцця. Менавіта да такога пачуцця імкнуцца людзі. У ім яны бачаць свой сэнс, хоць тлумачаць па-рознаму: хтосьці – служэннем Радзіме, а іншыя – асабістай матэрыяльнай выгадай, прэстыжам, поспехам, карысцю грамадству, служэннем людзям, адчуваннем сучаснасцi і будучынi, умець пазітыўна ставіцца да жыцця, нягледзячы ні на што, радавацца дробязям, імкнуцца да шчасця трэба сумленным і справядлівым шляхам, каб не пазбаўляць святога права на шчасце іншых людзей і самому заставацца прыстойным, сумленным і працавітым чалавекам. У гэтым і заключаецца сэнс жыцця Марыі Антонаўны Мікалаевай.

Наталля КАНОПЛІЧ.
Фотаздымак Аляксандра САЛАДКОВА.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: