У першую нядзелю верасня штогод адбываецца Дзень беларускага пісьменства: сёлета яно адбываецца ў Гарадку Віцебскай вобласці

74

Канцэпцыя свята прадугледжвае паказ адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай беларускага народа, адлюстраванне гістарычнага шляху пісьменства і друку ў Беларусі.

Традыцыйна гэтае свята праходзіць у гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання. Згодна гісторыі, упершыню святочныя мерапрыемствы адбыліся ў 1994 годзе ў старажытным Полацку. Затым яго сталіцамі сталі Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Заслаўе, Шчучын, Рагачоў. У 2017 годзе сталіцай свята, прымеркаванага да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, зноў стаў старажытны Полацк – родны горад беларускага асветніка і першадрукара Францыска Скарыны. Юбілейны, 25-ы па ліку Дзень беларускага пісьменства ў 2018 годзе прымаў горад Іванава Брэсцкай вобласці. Лейтматывам святочных мерапрыемстваў стала тэма «Мая малая радзіма». У 2019 годзе гасей прымаў Слонім Гродзенскай вобласці – адзін з самых старажытных гарадоў на беларускіх землях, цэнтр культурнага і духоўнага жыцця. У 2020 годзе свята адзначалі ў Бялынічах Магілёўскай вобласці – багатым гісторыяй і незвычайным сакральным лёсам. У 2021 годзе – у Капылі Мінскай вобласці, па-свойму ўнікальным літаратурным цэнтры краіны, які падараваў нашай краіне больш за 50 вядомых беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. У 2022 годзе Дзень беларускага пісьменства прымаў горад Добруш, што на Гомельшчыне, вядомы з XVI стагоддзя. Тут былі заснаваны першыя ў Беларусі папяровая фабрыка (1870 год) і фарфоравы завод, а знакамітым ураджэнцам Добрушскага краю з’яўляецца класік нацыянальнай літаратуры, пісьменнік, сцэнарыст і драматург Іван Шамякін. У 2023 годзе цэнтрам урачыстасцей Дня беларускага пісьменства будзе Гарадок (Віцебская вобласць).

Асноўнай тэмай свята ў Год міру і стварэння, аб’яўленага ў Рэспубліцы Беларусь, вызначаецца трыццацігоддзе Дня беларускага пісьменства. Сімвалічна, што гэты юбілей святкуецца менавіта на Віцебскай зямлі, якая дала асноўны імпульс развіцця беларускага кнігавыдання: Еўфрасіння Полацкая, Францыск Скарына, Сімяон Полацкі, Васіль Цяпінскі – усе яны выхадцы Віцебшчыны. Дарэчы, сёлета адзначаецца 140 гадоў з дня нараджэння ўраджэнца гэтага краю, вядомага беларускага пісьменніка, перакладчыка і драматурга Янкі Маўра. У Гарадоцкім раёне нарадзіўся аўтар знакамітай паэмы «Тарас на Парнасе», самага папулярнага твора беларускай нацыянальнай літаратуры ХIХ стагоддзя, Канстанцін Вераніцын.

У рамках свята ўдзельнікі і госці азнаёмяцца з новымі кніжнымі выданнямі, сустрэнуцца з беларускімі і замежнымі літаратарамі, журналістамі і выдаўцамі, змогуць паслухаць выступленні паэтаў і пісьменнікаў, творчых калектываў і выканаўцаў. Па традыцыі ў святочныя дні ўзнагародзяць пераможцаў конкурсу на лепшыя літаратурныя творы.

Наталля КАНОПЛІЧ,
член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

 


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: