«Вайна бязлітасная да кожнага»

28

Так сказаў вядомы беларускі класік Васіль Быкаў, і наўрад ён думаў пра тое, што сучаснае грамадства зноў сутыкнецца з тым, што давялося перажыць чалавецтву ў мінулым.


Набліжаецца 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецкіх захопнікаў і Вялікай Перамогі. За гэтыя дзесяцігоддзі мы, удзячныя нашчадкі, вельмі добра ўсвядомілі, што вайна – гэта боль і жах. Аднак, на жаль, у свеце зараз шмат тых, каму мала гісторыі Першай і Другой сусветных войнаў. Відавочна, што ім хочацца развязаць Трэцюю. А нацызм, як ненасытная гідра, актыўна распаўзаецца па свеце, перашкаджаючы спакойна жыць людзям на планеце Зямля, зберагаць экалогію, гадаваць дзяцей і ўнукаў.

Я, як грамадзянін Беларусі, працяглы час скрупулёзна сачу за зборам, даследаваннем, асэнсаваннем шматгранных матэрыялаў па актуальнай тэме «Генацыд у Беларусі». І мяне надзвычай уразіў кінафільм «Генацыд. Без права на жыццё». Вельмі добра, што нядаўна прэм’ера фільма адбылася і ў Маскве, у Пасольстве Рэспублікі Беларусь. У Саюзнай дзяржаве так і павінна быць. На выставе ў Маскве, прысвечанай генацыду беларускага народа, былі прадэманстраваны дзясяткі фотаздымкаў, архіўных матэрыялаў. Гэта толькі адна з серый праекта Белтэлерадыёкампаніі, які стваральнікі падрыхтавалі па матэрыялах расследавання Генеральнай пракуратуры Беларусі. На расійскі паказ былі запрошаны гісторыкі, палітыкі, прадстаўнікі інтэграцыйных аб’яднанняў і беларускай дыяспары. Нельга спакойна глядзець на злачынствы і ахвяры акупацыі Беларусі ў Вялікую Айчынную. Напрыклад, было створана каля 570 канцлагераў і месцаў прымусовага ўтрымання. Праз іх прайшлі больш мільёна ваеннапалонных, жанчын, старых, дзетак. Вайна не шкадавала нікога. Хоць у вайны не жаночы і не дзіцячы твар, аднак, як адзначыла аўтар сцэнарыя Наталля Голубева, «…у дзяцей бралі кроў. Падвешвалі, разразалі пяткі, і так яна сцякала, пакуль дзіця не страчвала прытомнасць». На ваеннапалонных выпрабоўвалі біялагічную зброю, праводзілі медыцынскія вопыты, людзей адпраўлялі ў газавыя камеры… У аснове фільма – малавядомыя, упершыню абнародаваныя нямецкія дакументы пра планы знішчэння жыхароў усходніх тэрыторый Беларусі, матэрыялы з Нацыянальнага архіва Беларусі і архіва Камітэта бяспекі. У гэтым фільме паказана ўся гісторыя мэтанакіраванага знішчэння мірнага насельніцтва, пачынаючы з першых дзён Вялікай Айчыннай да часу вызвалення тэрыторыі.

Адзначу, што ўсяго на тэрыторыі нашай рэспуб­лікі было праведзена каля 150 карных аперацый. У ліку асабліва крывавых – «Герман», «Свята вясны», «Зімняе чарадзейства». Вядомы і трагічныя вынікі: знішчэнне амаль 12 тысяч населеных пунктаў. А 270 (!) вёсачак падзялілі трагічны лёс Хатыні. Наша Генпракуратура выявіла, што ахвяр сярод мірнага насельніцтва было значна больш, чым лічыліся доўгія гады. Значыць, гэты дакументальны працяг будзе мець новыя серыі. Кожны з нас можа ўключыцца ў гэтую пошукавую працу.

Статыстыка вайны жудасная. На Беларусі загінула больш 3 мільёнаў чалавек. Было зруйнавана 209 гарадоў. І, канешне ж, такія злачынствы фашызму не могуць быць забыты – расследаванне будзе працягвацца. І як горка, што для некаторых маладых людзей свастыка – гэта модны талісман. А гэта гора, бяда, кроў і магілы…

Ні на хвіліну нельга забываць пра тое, што ідэалагічнай асновай акупацыйнай палітыкі і былі чалавеканенавісніцкія тэорыі нацыстаў: аб «расавай перавазе» нямецкай нацыі над усімі іншымі; аб «гістарычнай неабходнасці» пашырэння «жыц­цёвай прасторы» для немцаў і іх «неад’емным праве» на сусветнае панаванне. У адпаведнасці з планам «Барбароса» акупанты імкнуліся найперш знішчыць дзяржаўнасць беларускага народа і тэрытарыяльную цэласнасць рэспублікі.

Нам, сучаснікам, ні ў якім разе нельга забываць, што акупацыйны рэжым у Беларусі быў добра прадуманай сістэмай палітычных, эканамічных, ваенных і ідэалагічных мер, накіраваных на ліквідацыю савецкага грамадска-дзяржаўнага ладу, рабаванне нацыянальных багаццяў і рэсурсаў, зняволенне і знішчэнне беларускага народа. Акупацыйная палітыка была вынікам дзяржаўнага курса фашысцкай Германіі, распрацаванага ў дырэктыўных дакументах і праграмных выступленнях нацысцкіх кіраўнікоў. Аднак бясспрэчна і другое, што порахам чалавека не выхаваеш! «Вайна закрывае ўсе далягляды», – пісаў і класік беларускай літаратуры Іван Мележ, франтавік. І з яго словамі нельга не пагадзіцца.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: