“Людзей я пазнаю па свету іх вачэй…”

809

У гэтыя цудоўныя вясновыя дні адзначае сваё 80-годдзе вядомы на Палессі беларускі педагог, выдатнік народнай адукацыі БССР Валянцін Браніслававіч КАЧАЛКА. Нарадзіўся ён у вёсцы Славенск Валожынскага раёна ў працавітай і дружнай сялянскай сям’і. Побач – вёска Вішнева – радзіма Сымона Буднага і Шымона Пераса. У касцёле служыў каталіцкі святар Уладзіслаў Чарняўскі, які наведаўся ў Рым да Папы, каб дазволіў весці набажэнства на роднай беларускай мове (замест польскай). І атрымаў дазвол. Адтуль, з-пад Вішнева, пісьменнік Фёдар Мікалаевіч Чэрня, далёкі сваяк і блізкі сябра Валянціна Браніслававіча.

З малых гадоў дзеці Валянцін, Вера і Яўгенія прызвычайваліся да працы. З вялікай удзячнасцю Валянцін Браніслававіч успамінае дзеда Франца Іосіфавіча, які быў знакамітым майстрам сталярнай справы і мудрым, добразычлівым чалавекам. Бацька Браніслаў Францавіч скончыў тры класы польскай школы, ваяваў, быў паранены, захварэў на туберкулёз, быў мабілізаваны. Маці Браніслава Сымонаўна зрабіла ўсё магчымае, каб выратаваць мужа ад цяжкай хваробы.

Дзіцячая памяць захавала эпізоды з часоў нямецкай акупацыі. Канец вайны. Фашысты адступалі. Нашы войскі пад кіраўніцтвам Канстанціна Канстанцінавіча Ракасоўскага загналі ворага ў пастку. Сямёра варожых салдат з крыкамі “Гітлер капут!” апынуліся на селішчы Качалкаў. Шасцігадовы Валік і яго малодшая сястрычка Вера заўважылі, што немцы былі без вінтовак і вельмі згаладалыя, бо адразу ж кінуліся да хлява, дзе стаяла свіное карыта з бульбай, і прагна пачалі есці.

– Што такое Гітлер? – спытала Вера.

– Гэта вораг, – адказаў Валік.

– А што такое капут?

– Гэта смерць. Немцам капец, а вайне канец, – адказаў дзядуля.

Пасля вайны хлопчык пайшоў у школу за тры кіламетры ад вёскі. Цяжка было малому хадзіць у мяцеліцу па гурбах снегу. Да гэтага ён ужо чытаў польскі буквар і пісаў на лучыне словы па-беларуску. Дома была невялікая бібліятэка. Прачытаў апавяданні Горкага. Вельмі ўражаны быў подзвігам бясстрашнага самаахвярнага Данка. У школе вучыўся на выдатна. Асаб-ліва цікавілі яго біялогія і матэматыка. Дзядзька Вітольд Іванавіч быў вясковым настаўнікам, а затым дырэктарам школы. Ён даручаў здольнаму пляменніку правяраць вучнёўскія сшыткі. Хлопчык добрасумленна спраўляўся. Сам таго не ўсведамляючы, набываў навыкі настаўніцкай справы. “Асалоду ад педагагічнай працы я атрымаў яшчэ ў маленстве. І аплата была адпаведная – цукеркі”, – жартуе юбіляр.

Бацька, калгасны брыгадзір, давяраў сыну-сямікласніку абмерванне земляных надзелаў, стагоў. Прыходзілася вымяраць плошчу рознай формы: у выглядзе трохвугольнікаў, трапецый, кругоў, а таксама аб’ёмы скошанай травы ў выглядзе ўсечаных пірамід, конусаў і г.д. “Практычная матэматыка вабіла мяне, падштурхоўвала да самастойнага пошуку формул і імкнення разабрацца ў іх у падручніках старэйшых класаў”, – адзначае Валянцін Браніслававіч.

Пасля сямігодкі таленавіты падлетак паступіў у педагагічнае вучылішча ў Ашмяны. Вызначыўся там як актывіст і чатыры гады быў старастам групы. Усё было б добра, каб не жартаўнік-аднакласнік, які адважыўся першага красавіка замест крэйды пакласці каля дошкі кавалак цвёрдага сыру. Настаўніца гэты жарт не ўхваліла і паставіла старасце двойку за тое, што не дагледзеў і не знайшоў вінаватага. Пытанне было станоўча вырашана на педсавеце: нельга пазбаўляць стыпендыі лепшых вучняў. “А я да гэтага часу не ведаю, хто з маіх аднакласнікаў пажартаваў. Калі б быў на месцы той настаўніцы, то пасмяяўся б разам з дзецьмі ад душы”, – прызнаецца мой субяседнік.

Маладога настаўніка накіравалі ў Жамойдзінскую васьмігодку. Працаваў у пачатковых і выкладаў матэматыку ў сярэдніх класах. За пяць кіламетраў ад дому дабіраўся пехатой. “Тут жа і Ванда мая з’явілася пасля дзесяцігодкі. Родам яна з вёскі Пагарэльшчына Валожынскага раёна. Узначальвала мічурынскі атрад і на трактары ездзіла. Выкладала ў пачатковых класах, а затым рускую і беларускую мову ў сярэдніх. Вырашылі паступаць у БДУ. Я паступіў на матэматычны факультэт, а Ванда крыху пазней – на філалагічны. Яна з беднай сям’і. Светлавалосая, блакітнавокая, худзенькая, сціпла апранутая. У радыусе пяці кіламетраў я бегаў за дзяўчатамі. І ўсё ж выбраў яе. І не прагадаў. Сын і дачка ў нас. Трое цудоўных унукаў. Усё па-людску”, – гаворыць наш герой.

Ён прагнуў ведаў, імкнуўся да самаадукацыі, духоўнага самаўдасканалення. Пісаў артыкулы ў раённую газету, выпісваў дваццаць навукова-папулярных часопісаў, стаў пераможцам трох міжнародных віктарын. Атрымаў першую прэмію з рук пасла Манголіі. Чэшскі часопіс узнагародзіў беларускага інтэлектуала прыёмнікам “Спідола”. “Аднойчы адпасваў чаргу. Для вясковых настаўнікаў, якія трымаюць карову, гэта звычайная справа. Выходзіць з лесу бабуля з кошыкам грыбоў і пытае:

– А хто памёр? Музыку, нібыта ў касцёле, чуваць.

– Ды гэта ж мой памочнік грае, – кажу ёй і паказваю на прыёмнік”, – згадвае Валянцін Браніслававіч свае першыя настаўніцкія гады з усмешкай і іскрынкай у вачах.

У раёне і ў вобласці заўважылі настаўніка-ўсяведа і прапанавалі яму пасаду інспектара Валожынскага раённага аддзела адукацыі. Затым была праца ў НДІ педагогікі Міністэрства асветы БССР. Закончыў аспірантуру Навукова-даследчага інстытута зместу і метадаў навучання Акадэміі педагагічных навук СССР пад кіраўніцтвам патрыярха методыкі навучання арыфметыцы ў СССР Аляксандра Спірыдонавіча Пчолкі. Аспірант В. Б. Качалка прыняў удзел у перабудове курса пачатковай арыфметыкі ў курс матэматыкі для пачатковых класаў школ краіны. Атрымаў удзячнасць ад аўтараў ідэі. У гонар свайго навуковага кіраўніка назваў сына Аляксандрам. У 1974 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па праблеме пошукава-даследчай дзейнасці малодшых школьнікаў. Вынікі дысертацыйнага даследавання былі апублікаваны ў часопісе «Народная асвета» і ацэнены як лепшыя артыкулы 1974 года. Пад уражаннем гэтага поспеху дачушку назвалі Вікторыяй.

Перыяд навучання Валянціна Браніслававіча ў аспірантуры ў Маскве і навукова-педагагічнай дзейнасці ў Мінску быў насычаны руплівай што- дзённай працай, далучэннем да нацыянальных каштоўнасцей, знаёмствам з цікавымі людзьмі. Дзякуючы Хведару Чэрні ён пазнаёміўся з Рыгорам Барадуліным, Анатолем Вярцінскім і іншымі беларускімі творцамі. Сустракаліся ў Доме літаратара, у бібліятэках, у кафэ каля Чырвонага Касцёла. “Я лавіў кожнае іх слова, каб потым расказаць вучням, сваёй філалагіні Вандзе пра жывых класікаў. Бо ўжо тады па іх публікацыях, выступленнях перад чытачамі, спрэчках можна было ўсвядоміць і душой успрыняць значнасць гэтых асоб для беларускай культуры”, – успамінае ён з глыбокай пашанай і захапленнем.

З кастрычніка 1975 года Валянцін Браніслававіч разам з Вандай Герасімаўнай па прапанове кіраўніка ВНУ Міністэрства асветы БССР Валянціна Мікалаевіча Шкурко былі накіраваны выкладчыкамі на Палессе ў Мазырскі педагагічны інстытут. Ванда Герасімаўна стала асістэнтам, затым старшым выкладчыкам кафедры рускай мовы, а Валянцін Браніслававіч – загадчыкам кафедры вышэйшай і элементарнай матэматыкі, затым загадчыкам кафедры педагогікі і методыкі пачатковага навучання. У 1978 годзе ён быў прызначаны на пасаду прарэктара па навукоавй рабоце Мазырскага педінстытута. Дзевяць гадоў аддаў гэтай справе. Перыяд яго творчага супрацоўніцтва з рэктарам – Героем Сацыялістычнай працы, кандыдатам педагагічных навук Міхаілам Апанасавічам Дзмітрыевым быў дзейсным, напоўненым складанымі пошукамі і плённымі адкрыццямі. Самым цяжкім пытаннем інстытута было кадравае. Вельмі нізкі быў працэнт кандыдатаў навук, дацэнтаў, не гаворачы ўжо пра ўладальнікаў доктарскіх вучоных ступеняў. Быў створаны факультэт агульнатэхнічных дысцыплін і фізікі, а затым інжынерна-педагагічны. Інстытут атрымаў дазвол даваць кватэры дактарам і кандыдатам навук, запрошаным з другіх ВНУ. Працэнт выкладчыкаў са ступенямі падняўся да 35, але для адкрыцця аспірантуры гэтага было недастаткова. Радавала тое, што павялічвалася колькасць кандыдатаў навук, паспяхова абароненых дысертацый. З гонарам былы прарэктар называе імёны і прозвішчы гэтых людзей. Плённай, напоўненай новымі адкрыццямі стала яго праца ў якасці дацэнта на кафедры методыкі пачатковага навучання.

Памятаю мае ўражанні ад знаёмства з Валянцінам Браніслававічам Качалкам. Пачатак васьмідзясятых гадоў. Ён неаднаразова распачынаў гаворку пра тое, што былая настаўніца-філолаг, а цяпер выкладчык інстытута абавязкова павінна сцвярджаць сябе на ніве навукі. Праз тры з паловай гады я стала аспіранткай Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН Беларусі. Пазней даведалася, што ў час майго паступлення наш прарэктар па навуцы неаднаразова тэлефанаваў вучонаму сакратару, цікавіўся вынікамі маіх уступных экзаменаў, з уласцівай яму шчырасцю і заклапочанасцю гаварыў: “Прашу зразумець мяне правільна: нам патрэбны творчыя людзі!” Ён верыў у мяне і быў упэўнены, што не падвяду. Да глыбіні душы кранае высакароднасць і прадбачлівасць гэтага цудоўнага чалавека. Ён быў неафіцыйна свой, даступны для ўсіх выкладчыкаў і студэнтаў. Яго позірк заўсёды іскрыцца прыязнасцю, зацікаўленасцю, уважлівым стаўленнем да субяседніка. Любы дыялог сагравае дасціпны гумар, трапнае выказванне. Ад размовы з ім цяплее на сэрцы, у глыбіні душы прарастаюць праменні спадзявання, надзеі на лепшае. Такой жа шчырай, абаяльнай была і застаецца яго жонка і паплечніца ў пачэснай педагагічнай справе Ванда Герасімаўна Качалка. Міжволі згадваюцца радкі з майго верша:

Людзей я пазнаю
Па свету іх вачэй,
Чым болей дабрыні,
Тым гэты свет ярчэй.

Любоў да сваёй працы, павага да чалавека, здольнасць захапляцца талентам іншых – неад’емныя рысы гэтых сціплых, адкрытых, надзвычай трывалых духоўна беларусаў. Доўгага веку вам, шчаслівай долі, глыбокапаважаныя калегі!

Галіна ДАШКЕВІЧ, кандыдат філалагічных навук, дацэнт.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: