Міжнародны дзень роднай мовы адзначаюць сёння ў Беларусі

454

Мы – беларусы, бо нарадзіліся ў Беларусі… А ці дастаткова гэтага? Канешне не, каб назваць сябе беларусам, трэба значна больш, чым проста нарадзіцца тут. Бясспрэчна, мы павінны ведаць гісторыю і культуру свайго народа, але, па-першае, мы павінны ведаць нашу родную беларускую мову. Мова робіць нас сапраўднымі беларусамі. На вялікі жаль, амаль увесь наш народ размаўляе на рускай мове, што зусім не дзіўна, бо працяглы час беларуская мова была пад забаронай.

Мова адлюстроўвае наш менталітэт: яна не мае складаных зваротаў, складаных слоў, правіл. Так і наш народ – просты і сціплы; мова ўладкавана так, што калі людзі гавораць на ёй, то яны добра разумеюць адзін аднаго, так і беларусы – адкрытыя і шчырыя. Мудрасць нашага народа адлюстроўваецца ў вялікай колькасці перададзеных нам у спадчыну прыказак і прымавак, казак, легенд, паданняў, песень! Не здарма Францішак Багушэвіч пісаў: «Мова – гэта душа народа».

Напярэданні свята роднай мовы я вырашыла правесці бліцапытанне сярод падлеткаў, каб вызначыць адносіны нашай моладзі да мовы.

Ян Грынеўскі, 17 гадоў, СШ № 11:

– Я лічу сябе патрыётам Беларусі і паважаю нашу мову. Любоў да роднай мовы нараджаецца разам з намі, даецца нам з малаком маці. Яна са мной з самага дзяцінства. Асаблівую падзяку я хачу выказаць сваёй бабулі, якая раней працавала настаўніцай беларускай мовы. Ад гэтага чалавека я засвоіў, што мова – найвялікшая каштоўнасць. Я не разумею тых людзей, якія цураюцца сваёй мовы. Наша мова – адна з самых меладычных і паэтычных моў. Веданне роднай мовы толькі пацверджвае самасвядомасць кожнага. Многія гавораць, што у нашай краіне дзве дзяржаўныя мовы, і мы маем права самі выбіраць, на якой мове размаўляць. Але я лічу, што ніякага двухмоўя няма, бо ўсе размаўляюць па-руску.

Каб людзі лепш ведалі сваю мову і размаўлялі на ёй у штодзённым жыцці, пажадана адчыняць беларускамоўныя школы, весці навучанне на беларускай мове з дзіцячага сада, падтрымліваць адраджэнне беларускай культуры ў музыцы і літаратуры, весці тэлеперадачы на роднай мове. Трэба захаваць нашу мову і перадаць яе нашчадкам дзеля жыцця нашай нацыі.

Наталля Ропат, 15 гадоў, СШ № 13:

– Я ведаю сваю родную мову і размаўляю на ёй. Дзякуючы настаўнікам беларускай мовы я сапраўды палюбіла пявучую, самую музычную мову. Давайце параўнаем тры мовы: рускую, беларускую і ўкраінскую. У рускай мове шмат мяккіх гукаў, што робіць яе занадта мяккай; украінская – складаецца з вялікай колькасці цвёрдых гукаў і гучыць яна часам жорстка. А вось у беларускай мове ўсё ўраўнаважана, што і робіць яе гібкай і меладычнай.

Для таго, каб людзі лепш ведалі сваю мову, я б прапанавала перакладаць замежныя фільмы і кнігі на беларускую мову, усім прадстаўнікам улады размаўляць на беларускай мове, праводзіць розныя мерапрыемствы ў школах і інш. Давайце будзем разам адраджаць нашу мову!

Анастасія Малашчыцкая, 15 гадоў, СШ № 13:

– Я – беларуска, і мая родная мова – беларуская. Мова нас робіць самадастатковым народам! Беларуская мова – адна з самых старажытных моў свету. Яе гістарычнае багацце толькі вабіць мяне. Любоў да мовы мне прывілі настаўнікі беларускай мовы і літаратуры нашай школы, якія сваім прыкладам паказваюць, што трэба ганарыцца роднай мовай. Часам мне здаецца, што наша мова створана для музыкі. Песні на беларускай мове адзначаюцца чароўным, рэлаксуючым уздзеяннем.

Я хачу, каб сучасная моладзь пачала ізноў выкарыстоўваць мову: каб музыканты пісалі песні на беларускай мове, каб маладыя пісьменнікі пісалі свае творы на беларускай мове і інш. Я хачу, каб усе зразумелі, што мова – гэта стылёва!

Ксенія Маркевіч, 15 гадоў, СШ № 13:

– У маім сэрцы з самага дзяцінства жыве любоў да роднай краіны, да родных мясцін, да роднай мовы… Я, як сапраўдны беларус, ганаруся сваёй роднай мовай і выступаю яе абаронцам. Вялікую падзяку хачу выказаць сваёй настаўніцы Ганне Антонаўне Вяракса, якая навучыла мяне любіць і шанаваць беларускую мову і культуру. Калі я прымаю ўдзел у літаратурных конкурсах, я спрабую выбіраць творы на беларускай мове, бо яны мне бліжэй да сэрца. Я не крыўдую на сучасных падлеткаў за тое, што яны размаўляюць на рускай мове, але, канешне, у глыбіні душы я спадзяюся, што час нашай мовы яшчэ прыйдзе і яна зазіхаціць, як яркая зорачка, побач з замежнымі мовамі. Я хачу, каб рэкламныя шыльды, дарожныя знакі, аўтобусныя прыпынкі, аб’явы – усё было на беларускай мове. Гэтыя нязначныя дробязі будуць станоўча ўздзейнічаць на самасвядомасць беларусаў.

Прыемна, што моладзь пачынае цікавіцца роднай мовай. У нашай краіне становіцца модна даваць назвы на беларускай мове музычным гуртам, на вуліцах з’яўляюцца шыльды з беларускімі словамі, беларусы пачынаюць выкарыстоўваць беларускамоўныя версіі мэсэнджараў. І, дарэчы, у выніку бліц-апытання 85 % навучэнцаў СШ №№ 11 і 13 выступаюць за абарону і адраджэнне роднай мовы!

Лізавета ЗІНЬКОВА,
член клуба «Юны журналіст» Мазырскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: