У Мазырскай гімназіі імя Янкі Купалы ў восьмы раз гасцінна прымалі ўдзельнікаў Купалаўскіх чытанняў

138

У гэтым годзе Купалаўскія чытанні былі прымеркаваны да 75-годдзя Вялікай Перамогі. Трэба падкрэсліць, што кола жадаючых размаўляць па-беларуску штогод пашыраецца. Акрамя ўстаноў сярэдняй адукацыі Мазырскага раёна, у сёлетнім мерапрыемстве прынялі ўдзел навучэнцы гімназій з Ельска, Лельчыц, Калінкавіч, Нароўлі, Петрыкава, Брагіна, Жыткавіч, Рэчыцы, Чачэрска, Жлобіна, Веткі. Па вялікаму рахунку, гэта больш за 350 вучняў, якія імкнуліся перадаць свае здольнасці, эмоцыі, талент і перажыванні ў абраных накірунках: секцыі малюнкаў, творчым радку, буктэйлераў, чытальнікаў, вучэбна-даследчых працах і інтэлектуальных гульнях.


Як і заўсёды, педагагічны калектыў Мазырскай гімназіі імя Янкі Купалы на чале з дырэктарам Міхаілам Ранчынскім стварыў гасцям камфортныя ўмовы для працы, а таксама – святочныя абставіны, якія ў значнай ступені паспрыялі правядзенню мерапрыемства. Словы прывітання, добрых пажаданняў для плённай працы і віншаваннi ў адрас удзельнікаў Купалаўскіх чытанняў прагучалі ад загадчыка раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі Мазырскага райвыканкама Марыны Старыкавай. З-за вялікай колькасці ўдзельнікаў шмат папрацаваць прыйшлося і кампетэнтнаму журы, каб паставіць заслужаныя адзнакі і належным чынам ацаніць асабістыя і інтэлектуальныя здольнасці юных творцаў, чытальнікаў, мастакоў і навукоўцаў. Дарэчы, у склад кампетэнтнага журы ўваходзілі кандыдаты навук і выкладчыкі МДПУ імя I. П. Шамякіна, метадысты раённага аддзела адукацыі, члены саюза пісьменнікаў Беларусі, а таксама выкладчыкі ўстаноў адукацыі раёна.

Вынікамі напружанай працы стала цырымонія ўзнагароджвання ў кожнай секцыі. Безумоўна, камусьці пашанцавала больш, а камусьці – менш, але ж на тое і конкурс, каб атрымаць перамогу ў барацьбе. Дарэчы, удзел у любым конкурсе – ужо нейкая перамога над сабой, каб імкнуцца да новых вяршыняў. Пераможцам і лаўрэатам чытанняў было ўручана больш 160 дыпломаў рознай вартасці. Акрамя гэтых узнагарод, тым установам адукацыі, навучэнцы якіх прынеслі перамогу ў мінулым годзе, былі ўручаны яшчэ і зборнікі творчых работ канкурсантаў.


Назіраючы за ходам развіцця падзей, пачынаючы ад цырымоніі адкрыцця мерапрыемства і да ўшанавання пераможцаў, а таксама ўлічваючы водгукі ўдзельнікаў, можна падкрэсліць, што сёлетнія Купалаўскія чытанні ў чарговы раз прайшлі на высокім узроўні. І тое, што кола ўдзельнікаў кожны раз пашыраецца, безумоўна, падкрэслівае ўзмацненне жадання моладзі размаўляць на роднай мове і шанаваць яе, як найвялікшы скарб, пакінуты нам класікамі. Гэта, безумоўна так, таму што праз кожную намінацыю чырвонай ніткай Арыядны прайшла тэма вайны, цяжкіх выпрабаванняў, мужнасці і перамогі. Менавіта яе імкнуліся прадэманстраваць удзельнікі сёлетніх Купалаўскіх чытанняў, узяўшы за аснову творы беларускіх класікаў, пакінуўшых іх сучасным пакаленням, як найвялікшы скарб. Таму і словы Васіля Быкава адносна роднай мовы гучаць сёння як дэвіз, як запавет усім грамадзянам нашай краіны: «Я – беларус, мая родная мова – беларуская, бо мова – аснова не толькі нацыянальнай культуры, але і існавання нацыі, існавання этнасу». Гэтыя словы леглі ў аснову бадай што кожнага ўдзельніка мерапрыемства як у пісьмовых, мастацкіх, так і вусных выступленнях, што падкрэсліла асэнсаванасць нашчадкаў пра подзвігі сваіх дзядоў і прадзедаў, і, увогуле, усяго беларускага народа, паклаўшага на алтар Вялікай Перамогі кожнага трэцяга жыхара краіны.

«Ніколі не павінен сцерці час успаміны пра тыя страшныя падзеі. І тым героям, што змагаліся за нас, мы аддаем належную даніну!»

Наталля КАНОПЛІЧ,
фота аўтара.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: