«Ад ідэі – да інавацыі» — ХХVIII Міжнародная студэнцкая канферэнцыя ў Мазырскім педуніверсітэце

94

У межах Тыдня маладзёжнай навукі ў Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя І. П. Шамякіна прайшла ХХVIII Міжнародная студэнцкая навукова-практычная канферэнцыя «Ад ідэі – да інавацыі».

Канферэнцыя адметная тым, што яна ўключана ў План мерапрыемстваў па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы «Адукацыя і маладзёжная палітыка» на 2021–2025 гады і праводзілася пры фінансавай падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, канферэнцыя пацвердзіла статус міжнароднай: больш за 300 навуковых дакладаў паступіла з вышэйшых навучальных устаноў Расійскай Федэрацыі, Кітайскай Народнай Рэспублікі, Узбекістана і Украіны. Больш за 400 дакладаў прадставілі студэнты беларускіх ВНУ.

Пленарнае пасяджэнне канферэнцыі адкрыла першы прарэктар універсітэта, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Т. У. Паліева. З прывітальнымі словамі ў анлайн-рэжыме выступілі першы прарэктар Арлоўскага дзяржаўнага інстытута культуры Н. А. Меркур’ева, прарэктар па навуковай і інавацыйнай дзейнасці Глазаўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя В. Г. Караленкі А. Я. Данілаў, дацэнт кафедры замежных моў Арэнбургскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта, кандыдат філалагічных навук Д. В. Мірошнікава.

Старшыня студэнцкага навуковага таварыства нашага ўніверсітэта А. В. Кавалёва расказала пра асноўныя вынікі навукова-даследчай працы студэнтаў на факультэтах, вынікі дзейнасці студэнцкіх лабараторый, гурткоў і аб’яднанняў. Яна падвяла вынікі міжнароднай інтэрнэт-алімпіяды па англійскай мове для студэнтаў педагагічных спецыяльнасцей, праведзенай сумесна з Арэнбургскім дзяржаўным педагагічным універсітэтам, Сцерлітамакскім філіялам Башкірскага дзяржаўнага ўніверсітэта і Гомельскім дзяржаўным універсітэтам імя Ф. Скарыны.

Пераможцам інтэрнэт-алімпіяды першы прарэктар універсітэта Т. У. Паліева ўручыла ўзнагароды. Дыпломы І ступені атрымалі студэнты 3 курса філалагічнага факультэта Дар’я Шумак і Наталля Гейдэнрэйх. Дыпломамі ІІ–ІІІ ступеней адзначаны Марыя Панамарова, Яўгенія Якаўцова, Эдуард Колас, Карына Корнева, Дзіяна Лутчанка, Вераніка Секач, Ксенія Прахацкая, Валерыя Новік. Трэцякурснікі філалагічнага факультэта Вольга Барысенка, Ксенія Прахацкая і Анастасія Чыкунова ўзнагароджаны дыпломамі за паспяховы ўдзел ва Усерасійскай студэнцкай алімпіядзе па методыцы выкладання роднай і замежнай моў.

З ўмовамi, тэрмінамi правядзення конкурсаў грантаў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў і іншых конкурсаў, накіраваных на фінансавае стымуляванне навуковай дзейнасці студэнтаў (студэнцкіх аб’яднанняў) прысутных пазнаёміў начальнік НДС, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт Э. Я. Грэчаннікаў.

Тыдзень маладзёжнай навукі ва ўніверсітэце ўключаў конкурс стартап-праектаў «Стартап-ідэя 2021», які праводзіўся з мэтай развіцця прадпрымальніцкай ініцыятывы студэнтаў. Яго пераможцам стала студэнтка тэхнолага-біялагічнага факультэта Наталія Шутава. На пленарным пасяджэнні яна расказала пра свой культурна-адукацыйны бізнес-праект «Сямейная майстэрня “Усё будзе ў шакаладзе”». Першы прарэктар Т. В. Паліева ўручыла ёй дыплом пераможцы. Дыпломам ІІ ступені адзначана студэнтка фізіка-інжынернага факультэта Вікторыя Сініцкая, аўтар бізнес-ідэі «Усё ў тваіх руках». Студэнты факультэта фізічнай культуры Аліна Церах і Елізавета Чымірка атрымалі дыплом ІІІ ступені за праект «Велнес–Тур».

Дыпломы за навуковыя працы, адзначаныя на XXVII Рэспубліканскім конкурсе навуковых прац студэнтаў, атрымалі студэнты фізіка-інжынернага факультэта Дзмітрый Астапенка і Аляксандр Зуевіч, магістрантка Карына Ратайка, студэнтка тэхнолага-біялагічнага факультэта Анастасія Фралова, студэнт філалагічнага факультэта Арсеній Цупа.

За лепшыя даклады, якія маюць важнае навуковае і практычнае (сацыяльнае) значэнне, дыпломамі і каштоўнымі падарункамі ўзнагароджаны студэнты ўніверсітэта – удзельнікі канферэнцыі: Дзіяна Бруй, Анастасія Трапіўская, Дар’я Жамойдзік, Эдуард Колас, Вікторыя Сініцкая, Марыя Дульская, Анастасія Ясінская, Арцём Каралькоў, Юлія Кудлач.

Першы прарэктар Т. В. Паліева адзначыла, што роля навуковага кіраўніка ў справе падрыхтоўкі навуковага даследавання вельмі вялікая. Далучэнне да навуковай дзейнасці студэнцкай моладзі, абуджэнне ў іх цікавасці да атрымання новых ведаў – адна з галоўных задач навуковых кіраўнікоў А. У. Сузько, Н. С. Цырулік, І. У. Журловай, А. В. Солахава, І. М. Крыкала, Т. М. Талецкай і іншых.

Заключным акордам свята студэнцкай навукі быў музычны падарунак ад студэнткі Анастасіі Лахманковай.
Праца канферэнцыі прадоўжылася на секцыйных пасяджэннях. Матэрыялы ХХVIII Міжнароднай студэнцкай навукова-практычнай канферэнцыі «Ад ідэі – да інавацыі» (а гэта 785 дакладаў) плануецца выдаць у бліжэйшы час. Над укладаннем зборніка, які будзе складацца з трох частак, ужо працуе адказная за навукова-даследчую працу студэнтаў Г. А. Галазубава.

Аляксей СОЛАХАЎ, дацэнт УА МДПУ
імя І. П. Шамякіна,
кандыдат філалагічных навук.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: