Шануем традыцыі. Штогод у першую нядзелю верасня праводзіцца Дзень беларускага пісьменства

146

Канцэпцыя свята прадугледжвае паказ адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай беларускага народа, адлюстраванне гістарычнага шляху пісьменства і друку ў краіне. Традыцыйна свята праходзіць у гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання.

Паводле гісторыі, святочныя мерапрыемствы ўпершыню адбыліся ў 1994 годзе ў старажытным горадзе Полацку. Потым яго сталіцамі сталі: Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Шчучын, Рагачоў. У 2017 годзе сталіцай свята, прымеркаванага да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, зноў стаў Полацк – родны горад беларускага асветніка і першадрукара Францыска Скарыны.

Юбілейны ж, дваццаць пяты па ліку, Дзень беларускага пісьменства ў 2018 годзе прымаў горад Іванава Брэсцкай вобласці. У 2019 годзе гасцей сустракаў адзін з самых старажытных цэнтраў культурнай і духоўнай спадчыны беларусаў – горад Слонім Гродзенскай вобласці. У 2020-м Дзень беларускага пісьменства адбылося на Бялыніцкай зямлі – месца з багатай гісторыяй і незвычайным сакральным лёсам. Сёлета эстафету традыцыйнага маштабнага свята прымае горад Капыль Мінскай вобласці.

Асноўнай тэмай Дня беларускага пісьменства стаў Год народнага адзінства. Першага верасня туды з Мінска адправілася навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святынь» з Жыватворным агнём ад Гроба Гасподня. Асноўныя ж мерапрыемствы разгорнуцца ў горадзе ў выхадныя. Сярод самых знакавых – фестываль кнігі і прэсы, цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі, адкрыццё «Алеі пісьменнікаў» і помніка Цішку Гартнаму. У святкаванні Дня пісьменства прымуць удзел больш ста беларускіх майстроў слова. Да гэтай даты прымяркавалі і запуск першага беларускага дадатку
аўдыёкніжак. У віртуальнай бібліятэцы – нацыянальная класіка.

Сталіцай Дня беларускага пісьменства ў 2022 годзе стане горад Добруш Гомельскай вобласці.

Наталля КАНОПЛІЧ,
член Гомельскага абласнога аддзялення
ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі».


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: