Як пражыць на ўсе 100, ведае мазыранка Сафія Бараноўская

199

Сённяшняя субяседніца – шматдзетная маці Сафія Якаўлеўна БАРАНОЎСКАЯ, якая нарадзіла і выхавала 11 дзяцей. Акрамя гэтага, наша шаноўная зямлячка 3 студзеня адзначыла свой 100-гадовы юбілей.

«Жыцце пражыць – не поле перайсцi»

Так кажуць у народзе. І менавіта ў гэтым мы пераканаліся, калі азнаёміліся з біяграфіяй жыхаркі вёскі Забалацце Сафіі Якаўлеўны Літвінчук-Бараноўскай.

– Калі зазірнуць на палатно майго лёсу праз прызму мінулага, то ўсё пачыналася вельмі даўно. І той час, калі я з’явілася на свет, выбірала свой накірунак жыцця, застаўся толькі ў снах і ўспамі-
нах, – такімі словамі распачынае нашу размову жанчына і адводзіць сумны погляд ў бок, нібы хоча ўбачыць там нешта роднае. Можа, і не вельмі радаснае…

Пачатак 20-х мінулага стагоддзя, калі нарадзілася Сафія, на беларускім Палессі быў адзначаны калектывізацыяй, ліквідацыяй «кулацтва» як класа, аб’яднаннем хутароў у вёскі. Дарэчы, на адным з такіх хутароў пад назвай Забалацце, што ў Мазырскім раёне, яна і з’явілася на свет у шматдзетнай сям’і. На пачатку 30-х гадоў тут быў створаны калгас «Бальшавіцкі Змагар», дзе працавалі яе бацькі. Дзякуючы іх намаганням, яна скончыла 4 класы пачатковай школы. Больш вучыцца не было магчымасці, але ж гэтых ведаў хапіла, каб рухацца далей па жыцці. Патрэбна было дапамагаць бацькам па гаспадарцы, ды і ў калгасе працаваць: побач са старэйшымі дзеці палолі бульбу і буракі, бралі і апрацоўвалі лён, жалі жыта сярпом… Нягледзячы на цяжкасці, па словах субяседніцы, гэты час усё ж застаўся ў яе памяці нейкім асаблівым. Здавалася, што на лугах травы-кветкі ззялі рознымі колерамі вясёлкі, ціха шапацела лістота пад лагодным подыхам ветрыку, дубы, што раслі на ўскрайку выгану, думалі сваю спрадвечную думу і штогод шчыльна ўсцілалі зямлю пад сабой гладкімі рыжымі жалудамі, каб потым прарасці новымі ўсходамі, сімвалізуючы працяг жыцця. А дзяўчаты, напрацаваўшыся да сёмага поту ў полі ці на касьбе, усё роўна спявалі песні, гучна смяяліся, марылі пра будучыню, свае сем’і…

На парозе самастойнага жыцця к пачатку 40-х стаяла і Сафія Літвінчук. Улетку 41-га прыгожую дзяўчыну пазваў замуж Іван Бараноўскі з вёскі Заберажніца Лельчыцкага раёна. Бацькі далі згоду і згулялі вяселле, а самі вырашылі пераехаць жыць у Белую Царкву на Украіну (там радзіма продкаў па мацярынскай лініі). А потым пачалася вайна, якая ўдоль і папярок пакрэмсала лёс 19-гадовай жанчыны з малой дачушкай Евай на руках. Калі вораг усё паліў і чыніў забойствы на беларускай зямлі, Сафія з цяжкасцю дабралася да родных, каб разам перажыць ваеннае ліхалецце…

У Вялікую Айчынную вайну загінула шмат яе родных і блізкіх людзей, якія змагаліся з ворагам на фронце. Бацька быў камісаваны, працаваў мельнікам і дапамагаў партызанам. Па даносу паліцая загінуў ад рук фашыстаў. Ад першых і да апошніх дзён вайны прайшоў франтавымі дарогамі муж Сафіі Якаўлеўны. Дзень Перамогі Іван Максімавіч сустрэў у Кёнігсбергу, а дамоў вярнуўся толькі восенню з раненнямі, кантузіяй і шматлікімі ўзнагародамі. Забраў у Заберажніцу жонку з дачушкай Евай, каб аднаўляць жыццё…

 

Каханне і ўзаемаразуменне

Вось тыя галоўныя складальнікі, на якіх заўсёды базіравалася сям’я Бараноўскіх. Пасля вайны жылі бедна, але дружна. Будаваліся. Былому франтавіку было даверана кіраўніцтва прадпрыемствам па нарыхтоўцы зерня ў Буйнавічах. Потым, калі яго перабазіравалі ў Мазыр, Іван працаваў брыгадзірам у калгасе. Пра шматдзетнасць Бараноўскія не думалі, але і не адказваліся ад кожнага дзіцяці, якое ім дараваў Гасподзь. І лёс распарадзіўся так, што з 1942 г. па 1964 г. у сям’і нарадзілася 11 дзяцей.

– Іван пры ўсёй сваёй занятасці заўсёды рана ўставаў і дапамагаў мне па гаспадарцы, – успамінае Сафія Якаўлеўна. – Каб выгадаваць ўсіх дзяцей, мы трымалі вялікую гаспадарку: мелі 2–3 каровы, некалькі цялят, 5–6 свіней, чараду авец, па 30–40 курэй, індыкоў. Работы шмат, але ж заўсёды на стале быў хлеб, было і да хлеба: масла, смятана, сыр, мяса. Гледзячы на тое, як мы працавалі, па сіле магчымасцяў дапамагалі і старэйшыя дзеці. Глядзелі адзін на другога і разумелі, што праца – аснова дастатку. У кожнага была свая адказнасць за нейкую справу. У вёсцы ж усе справы важныя: скаціну дагледзець, вады нанасіць, дроў накалоць і іншыя заботы па мужчынскай частцы – гэта былі абавязкі бацькі і сыноў Толі, Валеры, Лёні і Мішы. За парадак і чысціню ў хаце, а ў летні час і ў агародзе, неслі адказнасць дачушкі Ева, Зоя, Люда, Паліна, Наташа, Тоня і Валя. Яны заўсёды былі маімі памочніцамі і пры прыгатаванні страў. Паспрабуй, напрыклад, на такую араву адной толькі бульбы начысціць і нацерці, каб дранікаў напячы, – дзеліцца далёкімі ўспамінамі субяседніца.

Вядома, калі Гасподзь дае ношу, то дае і сілу, каб з ёю справіцца. Вось і Сафіі Якаўлеўне мусіць сам Усявышні дапамагаў, каб у іх сям’і ўсё было да ладу. Яна была добрая маці, увішная гаспадыня, якая адна з першых у вёсцы навучылася, акрамя ўсялякіх саленняў на зіму, рабіць і розную кансервацыю. Таму ў склепе побач з рознымі бочкамі, кадушкамі, цэбрамі з мочанымі яблыкамі, кіслай капустай, таматамі і агуркамі нарыхтоўвалася і па сотні слоікаў рознага калібру з грыбамі, кампотамі, салатамі… Каб выгадаваць дзяцей, даць ім адукацыю, акрамя развядзення жыўнасці ў гаспадарцы, Бараноўскія ў летне-восеньскі перыяд нарыхтоўвалі ў лесе шмат ягад і грыбоў, каб іх прадаць, а выручаныя грошы пусціць на нейкія іншыя патрэбы.

Дзякуючы працавітасці, стараннасці і руплівасці сям’я Бараноўскіх у вёсцы Заберажніца лічылася ўзорнай. Недарэмна ж Сафія Якаўлеўна ў 1962 годзе была ўзнагароджана ордэнам «Мацярынская слава» I ступені, а ў 1964-м – удастоена Ганаровага звання «Маці-гераіня». Гэтыя пачэсныя цітулы з часоў былога Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік яна горда пранесла праз усё сваё жыццё. Мужна справілася і з усімі выпрабаваннямі, калі страціла мужа, які памёр на 60-м годзе жыцця.

Матуліна шчасце

Калі Івана Максімавіча не стала, толькі адна дачка была замужам, сямёра дзяцей яшчэ былі неўладкаваны, а трое – зусім школьнікі. Хоць дзеці ўжо і не малыя засталіся, але ж маці прыйшлося нялёгка. Дапамагалі ўвішнасць і руплівасць, мернасць і нетаропкасць, уменне прымаць правільнае рашэнне, а яшчэ – цвёрдасць характару і дабрыня, што адчувалася ва ўсім. Калі гаворка ідзе пра шматдзетнасць, то лічыцца, што маці – хатняя гаспадыня. А вось у працоўнай кніжцы нашай гераіні больш 30 гадоў стажу. Такой маці, як кажуць, мала ордэн даць – помнік пры жыцці трэба паставіць за тое, што кожнага са сваіх дзяцей яна выхавала належным чынам, вывела ў людзі, дала адукацыю, справіла провады ў армію і вяселлі, каб яны працягвалі традыцыі ў сваіх сем’ях. І, галоўнае, каб сталі людзьмі…

Сафія Якаўлеўна амаль да 90 год жыла ў сваёй хаце ў Заберажніцы. Усё ніяк не магла развітацца з зямлёй і садам, якія наталялі яе душэўную прагу. Зараз жыве ў Мазыры з дачкой Антанінай, у асяроддзі заботы і цеплыні ад сваіх крывіначак, якім у свой час аддавала пяшчоту і любоў. Дзеці Бараноўскіх (зараз ужо многія на заслужаным адпачынку, жывуць у розных гарадах, а 5 з іх – у Мазыры), у якой бы галіне ні працавалі, усюды даказвалі свае лепшыя чалавечыя і прафесійныя якасці, што заўсёды напаўняла матуліна сэрца гонарам, шчасцем і радасцю. Дачка Ева шмат гадоў працавала ў калгасе, Зоя і Людміла – у сферы гандлю, Валерый – экскаватаршчык, Паліна і Антаніна (зараз працуе поварам) шмат гадоў аддалі дрэваапрацоўчаму камбінату, Наталля – добрая краўчыха (зараз працуе вахцёрам), Валянціна – майстар ЖЭСа ў Мінску. На жаль, Анатоля, Міхаіла і Леаніда ўжо няма ў жывых. Добры след яны таксама пакінулі на зямлі для нашчадкаў і грамадства. Да свайго 100-гадовага юбілею Сафія Якаўлеўна прыйшла з вялікім каштоўным скарбам. Акрамя 8 дзяцей, у яе 22 унукі, 23 праўнукі і 9 прапраўнукаў. І гэта не мяжа. Верагодна, што ў бліжэйшы час цудоўная скарбонка папоўніцца новымі імёнамі спадчыннікаў. На тое ж яно і жыццё!

Наталля КАНОПЛІЧ.
Фота аўтара.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: