Мазыршчына славіцца не толькі сваімі знакамітымі землякамі мінулага, але і людзьмі, якія ўвекавечваюць сваю малую радзіму зараз

172

Гэта людзі, якія сваёй актыўнай грамадзянскай пазіцыяй уносяць значны ўклад у росквіт роднага краю, тым самым услаўляючы яго. Такіх душэўных і адкрытых насамрэч вельмі шмат, проста яны не прывыклі распавядаць пра сябе, лічачы свае заслугі сціплымі і не заслугоўваючымі ўсеагульнай увагі. А яшчэ таму, што ўсе справы і ўчынкі яны здзяйсняюць бескарысліва, па загадзе душы.

Цяжкасці закаляюць

«Людзей нецікавых у свеце няма. Іх лёсы – як гісторыі планет. У кожнай усё асаблівае, сваё, і няма планет, падобных да яе». Словамі Яўгена Еўтушэнкі пачынаем аповед пра Міхаіла Іванавіча Неўмяржыцкага, жыхара аграгарадка Крынічны.

Ураджэнец вёскі Запясочнае Лельчыцкага раёна Міхаіл Іванавіч мае за плячыма вялізны жыццёвы вопыт, спярэшчаны ўзлётамі і падзеннямі, радасцямі і пэўнымі смуткамі, дасягненнямі, якія сфарміравалі ўнікальны погляд на рэчы.

Не ведаючы, з чаго канкрэтна пачаць расказваць пра сябе, Міхаіл Іванавіч пачаў проста: з самага пачатку. Вёсачка, у якой ён нарадзіўся, невялікая, у 50-х гадах налічвала ўсяго 46 двароў і знаходзілася акурат ля мяжы з Украінай. У Запясочным была чатырохгодка, якую маленькі Міхась паспяхова скончыў. А калі паўстала пытанне, у якой школе працягваць вучобу – у вёсцы Грабені за 10 кіламетраў або ў вёсцы Лучанкі Оўруцкага раёна за 7 кіламетраў, – то рашэнне было прынята на карысць апошняй.

– На летніх канікулах перад пятым класам я падзарабляў тым, што крушыну драў, зарабіў пяцьдзесят чатыры рублі, на той час гэта вялікая сума была, – успамінае Міхаіл Іванавіч. – На гэтыя грошы я купіў сабе веласіпед. Такое шчасце было! У школу потым не пешшу дабіраўся, а на веласіпедзе.

Скончыўшы дзесяцігодку, у 1970 годзе паступіў у Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію. Адвучыўшыся на агранома, новаспечаны спецыяліст вырашыў, што хоча размеркавацца бліжэй да дома.

– Хацеў быць бліжэй да маці, – тлумачыць свой выбар Міхаіл Іванавіч. – Сястра мая тады ў Мазыры ўладкавалася, брат пасля службы ў арміі асталяваўся ў Баранавічах. А якраз тады на Жыткаўшчыне была патрэба ў агранамічных кадрах. Туды я і паехаў, у калгас «Шлях да камунізму».

Уладкаваўшыся на новым месцы, малады аграном ужо тады паказаў сябе не толькі добрым спецыялістам, але і актывістам ва ўсіх грамадска-карысных справах. Так яго абралі старшынёй камсамольскай арганізацыі. Па яго ініцыятыве камсамольцы калгаса арганізоўвалі суботнікі, выходзілі на касавіцу ў поймавыя лугі, уладкавалі танцпляцоўку за клубам, дзе амаль кожны вечар ладзілі танцы. Мастацкая самадзейнасць – асобная тэма. Кожны паважаючы сябе камсамолец заўсёды прымаў удзел ва ўсякага роду мерапрыемствах. На адным з такіх Міхаіл Іванавіч сустрэў сваю будучую жонку Святлану Рыгораўну. Яны ажаніліся ў 1977 годзе.

Праз некалькі гадоў, ужо калі быў вопытным спецыялістам, Міхаіл Іванавіч стаў кіраўніком калгаса «Ленінскі шлях», што на Тураўшчыне. На гэтай пасадзе ён працаваў 10 гадоў, на працягу якіх шмат чаго было і добрага, і дрэннага.

– Калі прыступіў да выканання сваіх абавязкаў, безгаспадарлівасць у калгасе была страшная, – адкрыта кажа Міхаіл Іванавіч. – Нічога не было: ні гаражоў, ні мехмайстэрняў, ні кароўнікаў добрых, склады на курыных ножках – непачаты край работы.

Але паціху жыццё наладзілася. Стараннямі Міхаіла Іванавіча ў вёсцы было пабудавана жыллё для калгаснікаў, пры садзейнічанні леспрамгаса ўзведзена школа, адрамантаваны клуб, былы кармацэх ператварыўся ў краму і, вядома ж, новыя майстэрні з гаражом.

– Памятаю, зіма была марозная, а мы мерзлую зямлю дзяўбом, каб усталяваць шклянкі для калон. Палілі вогнішчы, каб мерзлата хоць крыху адтала, ды і самі грэліся. У выніку ў гэты гараж умясціліся ўсе машыны і трактары.

Гэта ўсё характарызуе Міхаіла Іванавіча як чалавека ўпартага ў добрым сэнсе слова, які не пусціў на самацёк усе вытворчыя і гаспадарчыя працэсы, не махнуў рукой. Не грэбуючы цяжкай працай, ён нароўні з ўсімі аднаўляў гаспадарку. Удыхнуў жыццё ў вёску.

Лёс – такая непрадказальная рэч, што ніколі не адгадаеш, якія ў яго на цябе планы. Склалася так, што свой далейшы працоўны шлях наш суразмоўца працягнуў у калгасе «Траянаўка» Барысаўскага раёна Мінскай вобласці. Аднойчы падчас працоўнага водпуску Міхаіл Іванавіч разам з жонкай паехаў наведаць яе родную цётку на Мазыршчыну. У гутарках высветлілася, што тагачаснаму дырэктару тутэйшай гаспадаркі патрабаваўся намеснік. А чаму б і не? На Мазыршчыне вельмі спадабалася, вырашыў пераехаць, з цягам часу перавёз сям’ю. Гэта быў 1998 год, а праз два гады сям’я пераехала ў дом, пабудаваны сельгаспрадпрыемствам. З таго часу прайшло 22 гады…

Творчы падыход ва ўсім

Жыццёвыя перапетыі закаляюць чалавека, галоўнае – умець сустракаць усе цяжкасці з гатоўнасцю іх пераадольваць. Не апускаць рукі, не скардзіцца. І ў прафесійным жыцці, і ў грамадскім трэба заўсёды і ва ўсім знаходзіць натхненне, зараджацца станоўчымі эмоцыямі. Камусьці гэтая ўласцівасць дадзена з нараджэння, да кагосьці прыходзіць на працягу жыцця.

– Можна доўга распавядаць аб тым, якія за гэтыя гады са мной адбываліся падзеі, якіх людзей сустракаў на сваім шляху. Але жыццё ніколі не стаіць на месцы. Натхненне і бадзёрасць чэрпаю ў фізічных практыкаваннях – усё жыццё займаўся спортам. Захапляюся рознага роду навінамі ў тэхніцы. Часам думаю, што, магчыма, трэба было вучыцца на інжынера. Але зараз ужо разумею, што ў любым выпадку звязаў бы сваё жыццё з сельскай гаспадаркай. Напэўна, мне заўсёды дапамагала такая якасць, як упартасць. У добрым сэнсе я вельмі ўпарты, настырны чалавек. Калі за нешта бяруся, абавязкова давяду справу да канца, чаго б мне гэта не каштавала, – усміхаючыся, прызнаецца Міхаіл Іванавіч. – Гэта ў мяне ад маці. Калі я малы быў, часы былі цяжкія. Як зараз памятаю той кукурузны хлеб, які на наступны дзень ператвараўся ў цэглу – ні адламаць, ні адкусіць. Цяжка было, маці нас траіх паднімала. Але ніколі не скардзілася. Любіла паўтараць: «Усё, сыночкі, будзе. Усё будзе добра». Я ў яе пайшоў. Не магу сядзець без справы. Сэнсу скардзіцца на жыццё не бачу – усё ў руках чалавека.

Тут варта адзначыць, што грамадская жылка з гадамі стала толькі больш выразнай. Абгрунтаваўшыся ў Крынічным, шмат добрых і плённых спраў зрабіў Міхаіл Іванавіч на карысць пасёлка. Ніколі не застаецца ўбаку ад чаго б там ні было: спаборніцтвы па шашках – абавязкова, яшчэ і ўсе прызавыя месцы забярэ, добраўпарадкаванне – з задавальненнем, толькі б Крынічны квітнеў і цешыў яго жыхароў сваёй прыгажосцю і дагледжанасцю, сустрэчы са школьнікамі – абавязкова, увесці рабят у тонкасці сельскагаспадарчай галіны важна і неабходна.

Старшыня першаснай ветэранскай арганізацыі, Міхаіл Іванавіч арганізаваў вяскоўцаў, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку, на пасадку фруктовага сада на тэрыторыі пасёлка. Былі высаджаны вішні, чарэшні, абрыкосы, арэхі, а для ўпрыгожвання і завяршэння кампазіцыі пасадзілі папараць, ядловец, спірэю. Увесь пасадачны матэрыял накапалі ў сябе на ўчастку. Міхаіл Іванавіч распрацаваў план пасадкі, паказаў чарцяжы, арганізаваў дастаўку інвентара: рыдлёвак, грабель, вёдраў. Усе працавалі з добрым настроем, з задавальненнем.

– Яшчэ хацелася б, каб дзяцей больш далучалі да сельскага жыцця. Увесну арганізаваў для выпускнікоў дзевятых класаў экскурсію па эксперыментальнай базе «Крынічная». Цікава было назіраць за іх рэакцыяй і эмоцыямі – усё ўбачанае было ў навіну. Асабліва іх уразіў мехдвор з армадай сучаснай тэхнікі, – расказвае Міхаіл Іванавіч.

Але самым нечаканым, пра што даведаліся пра Міхаіла Іванавіча, было тое, што ў вольны час ён займаецца вершаскладаннем, праўда, на рускай мове.

* * *
Если тебя что-то мучает и гложет,
Ты самоустранись и со стороны
На происходящее всмотрись.
Увидишь ты, как мелки
С жизнью наши споры,
Из-за чего всё вкривь и вкось…
В голове поморочит, сердце зашлось?
Ты убедился – все беды от того,
Что друг друга мы не понимаем,
Не признаем, не уважаем.
Многие норовят прожить за счет другого
И думают, что не делают ничего плохого.

Гаворыць, што ўпершыню пісаць вершы паспрабаваў яшчэ ў маладосці, удзельнічаючы ў мастацкай самадзейнасці. З таго часу і практыкуецца.

«Праўда, хацелася б, каб гэты працэс быў больш рэгулярным, – усмiхаецца Мiхаiл Iванавiч. – Многія думкі і рыфмы не паспяваю запісваць, пакуль вазьму лісток з алоўкам – усё выслізнула».

Тым не менш гэта таксама праца, хай нават на першы погляд яна можа здацца дробязнай. Многім вершаскладанне ў прынцыпе не дадзена, таму цяга Міхаіла Іванавіча да творчасці варта захаплення, зрэшты, як і ўсе яго добрыя справы і ўчынкі.

Вольга ЛАСУТА.
Фота аўтара.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: