«А ў нас сёння дажыначкі» Культура палешукоу цесна звязана з зямлей, земляробствам

132

Многiя святы, звычаi i традыцыi бяруць свой пачатак з падзей, цесна звязаных з земляробчым календаром. Дажынкi, мабыць, самае вядомае з такiх свят.

Ад вытокаў

Беларусы са старажытных часоў былі пераважна земляробамі. Самым каштоўным, што было ў народа, – гэта зерне, атрыманне якога патрабавала напружанай працы ад сяўбы да жніва. Менавіта ад ураджаю жыта залежала ўсё жыццё селяніна і невыпадкова жніўныя абрады сваімі каранямі ідуць з далёкага мінулага, калі ім надавалася выключна вялікае значэнне.

Увесь земляробчы каляндар беларусаў падзяляўся на дзве часткі: першая – абрады зімовыя і рытуалы пачатку вясны, прызначаныя садзейнічаць добраму ўраджаю; другая – абраднасць, звязаная са зборам вырашчанага ўраджаю. Завяршалі летні перыяд народнага календара абрады «зажынак» і «дажынак».

Як і сяўба, жніво мела некалькі этапаў, кожны з якіх суправаджаўся цікавымі рытуаламі. Падрыхтоўка да гэтага адказнага перыяду пачыналася задоўга да яго пачатку. Звычайна амаль усюды на Беларусі жыта пачыналі ціснуць ад летняга свята Іллі. Аб тым, што жніво было адказнай падзеяй у жыцці хлебароба, сведчыць ужо сама назва месяца, калі яно адбывалася, – жнівень.

Дажынкі ў нашай краіне заўжды святкавалі вельмі ўрачыста з прыгожымі змястоўнымі абрадамі. На апошні дзень жніва збіралася талака. Самая паважаная жанчына размяркоўвала ўсіх па ніве, затым сама брала серп і пачынала ціснуць з песняй, якую ўсе падхоплівалі: «Пойдзем, пойдзем, жнеечкі, жыта дажынаці. // Ой, святы дажыначкі, жыта дажынаці, // Жыта дажынаці, дый у снапы вязаці. // Ой, святы дажыначкі, дый у снапы вязаці. // Дый у снапы вязаці, дый у бабкі складаці. // Ой, святы дажыначкі, дый у бабкі складаці».

У канцы кожная жняя адкладала па каласку для агульнага дажыначнага снапа, які надзяляўся асаблівай значнасцю. Дажыная апошні сноп, жнейкі спявалі: «А ў садзе цвіла лілея, // Дажала жыта старшая жнея, // Збор, жыта збор. // Па нашай ніўцы плылі лябёдкі, // Дажалі жыта красны малодны, // Збор, жыта збор. // Па нашай ніўцы беглі ягняты, // Дажалі жыта красны дзяўчаты, // Збор, жыта збор. // А наш вяночак не па такому, // Кожны каласочак па залатому, // Збор, жыта збор».

Жніво заўсёды суправаджалася асаблівымі рытуаламі. Так, у абрадзе «завівання барады» заключана пакланенне духу поля. Лічылася, што ён хаваецца ў апошнім несціснутым снапе. «Уж мы ў’ем, ў’ем бараду ў Гаўрылі на полі, // Завіваем бараду, ой, ды на шырокім, // На ніве вялікай, паласе шырокай // Вейся, вейся, барада, бародушка, вейся, сусек напаўняйся, ый!» Каб залагодзіць духу, усярэдзіне несціснутага ўчастка поля пакідалі хлеб і соль, над якімі «завівалі бараду» – звязвалі каласкі адмысловай выявай. Затым іх зразалі, дадавалі ў апошні сноп і рабілі вянок для старэйшай жнеі з яго каласоў. «Жыта дажалі і бараду прыбралі. Астаўляем табе, поле, бараду з жыта і просім Бога: «Зарадзі жыта на новае лета каласістае, зярном ядраністае». А яшчэ пад бараду я пакладу хлеб, соль. Гэта падарунак добраму духу ніўцы, каб на наступнае лета жыта было лепшае за гэта». Неабходна было аддзячыць «духам хлебнай нівы» ці Богу за атрыманы ўраджай і магічнымі метадамі гарантаваць добразычлівасць вышэйшых сіл на будучы год.

Пасля таго як «барада» была зрэзана, жнеі каталіся па сціснутай ніве. Гэты абрад праводзіўся для таго, каб поле вярнула ім сілу: «Жніўка, жніўка, аддай маю сілку, у кожную жылку. Я цябе жала, сілы страціла. // Жніўка, жніўка, аддай маю сілку, табе ляжаць, а мне працаваць».

Затым сярод жней выбіралі самую прыгожую дзяўчыну і наракалі яе Багіняй. Прыгажуня ўзначальвала шэсце з дажынкавым снапом у руках і вяла талаку ў хату гаспадара поля. Гаспадары, пачуўшы песні жней, выходзілі сустракаць іх з хлебам-соллю: «Прыміце ад нас цяперашні ўраджай. Дай, Божа, каб на той год ён лепшы быў». Увайшоўшы ў хату, гаспадар падкідваў сноп да столі, затым ставіў у чырвоны кут на лаўку пад абразамі. Там сноп знаходзіўся да Першай Прачыстай, калі яго абмалочвалі, а асветленае ў царкве збожжа выкарыстоўвалі для першых пасяўных падчас азімай сяўбы. Потым пачыналіся танцы і музыка. Выконваўся абрадавы танец «Талакуха».

Праз трансфармацыю

Пасля рэвалюцыі 1917 года і да Вялікай Айчыннай вайны звычаі зажынак і дажынак моцна не змяніліся. У 1960–1970 гадах актыўна ўкараняюцца сацыялістычныя абрады. Праводзіліся свята першага снапа і свята ўраджаю.

Змяненне ўмоў працы, выкарыстанне тэхнікі і новых тэхналогій разам са змяненнем працоўных народных традыцый у цэлым, аказалі ўплыў і на старадаўнія «зажынкі» і «дажынкі». Значна скарацілася колькасць удзельнікаў жніва. Калі раней галоўнымі дзеючымі асобамі былі жнеі, то ў новых умовах галоўнымі ва ўборцы ўраджаю сталі механізатары, работнікі збожжатакоў.

Аднак традыцыйныя народныя рытуалы не зніклі: як і раней, жнеі з сярпамі выступаюць абавязковымі ўдзельнікамі свята «дажынкі», захаваўся «дажыначны сноп», вянок з каласоў, каравай са збожжа новага ўраджаю. Дажыначны сноп звычайна ўручаюць кіраўніку гаспадаркі ці галоўнаму аграному. Вянкамі, хлебам-соллю вітаюць лепшых майстроў уборачнай. Пераможцы спаборніцтваў вязуць з галоўнага свята ўраджаю грашовыя прэміі і каштоўныя падарункі. Дапаўняюць свята канцэрты мастацкай самадзейнасці. Сёння мы бачым, што народныя традыцыі знайшлі свой працяг і ў XXI стагоддзі, праўда, у выглядзе святочнага карнавалу.

Да сучаснасці

У пачатку 1930-х гадоў было ўведзена прафесійнае свята Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, якое адзначалася ў другую нядзелю кастрычніка.

У Беларусі гэта дата зафіксавана і па сёння. Па сваім змесце гэтае свята заклікана ўшаноўваць працаўнікоў сяла, сялян. І хоць ён адзначаўся не ў тыя ж дні, што Дажынкі, аднак сам факт, што прафесійнае свята аграрыяў і жывёлаводаў каляндарна прымеркавана да моманту заканчэння збору ўраджаю, з аднаго боку, уяўляецца даволі лагічным і правільным, а з другога – аказваецца эфектыўным сацыяльна-палітычным ходам.

Пачынаючы з 1996 года, дажынкі на Беларусі праводзяцца як Рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла і кожны год у розных раённых цэнтрах краіны. А з 2014 года фармат свята зменены на лакальны – фестываль арганізуецца ў адным з раённых цэнтраў Беларусі кожнай вобласцю самастойна. Лічыцца, што гораду, якому выпадае гонар прымаць гэты фэст, пашанцавала: праводзіцца рэканструкцыя населенага пункта.

Сучасныя дажынкі ўяўляюць сабой маштабны фестываль, які ўключае ў сябе: марш працаўнікоў вёскі, святочны мітынг, узнагароджанне самых перадавых работнікаў, якія вызначыліся падчас жніва, выступленні народных калектываў, кірмаш народных умельцаў, фуд-корты, дзе можна паспрабаваць той самы каравай, выпечаны з каласоў дажыначнага снапа.

Вольга ЛАСУТА.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: