Купалаўскія чытанні ў мазырскай гімназіі | Абноўлена

329

Гімназія імя Янкі Купалы ў дванаццаты раз гасцінна расчыніла дзверы перад удзельнікамі купалаўскіх чытанняў, якія ў гэтым годзе набылі статус абласнога ўзроўню.

«Самы найвялікшы і бясспрэчны закон жыцця – гэта людская мова, праз якую чалавек стаў вышэй за ўсіх істот пад сонцам», – пісаў некалісь беларускі класік Янка Купала, 140-годдзе з дня нараджэння якога мы адзначылі ў мінулым годзе. Песняр глядзеў на шмат гадоў наперад і нібы наканаваў нам, сённяшнім беларусам, ганарыцца сваёй роднай мовай, захоўваць яе і несці нібы светач, які акрыляў бы і азараў наш жыццёвы шлях.

Таму нічога дзіўнага, што сёлетнія чытанні, прымеркаваныя да Дня роднай мовы, сабралі каля 600 вучняў з устаноў адукацыі 17 раёнаў Гомельскай вобласці і нават абласнога цэнтра.
Ў цырымоніі адкрыцця Купалаўскіх чытанняў прынялі ўдзел метадыст аддзела адукацыі Мазырскага райвыканкама Алеся Юдзіна, член Гомельскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Наталля Канопліч, выкладчык, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта Алена Сузько, дырэктар гімназіі імя Янкі Купалы Міхаіл Ранчынскі.

Дарэчы, Міхаіл Міхайлавіч у сваім прывітальным слове да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуў увагу на распрацоўку Палажэння аб чытаннях, адметных асаблівасцях у правядзенні, адзначыўшы, што сёлета ў цэнтры ўвагі стаіць тэма міру і стваральнай працы, якая і стала лейтматывам чытанняў.


Жадаючым было прапанавана прыняць удзел у адной з сямі секцый. Так у секцыі «Мой творчы радок” прынялі ўдзел 116 чалавек у жанры “проза” і 99– у жанры “Паэзія”; 28 чалавек удзельнічалі ў секцыі “Буктрэллер”; 183 працы былі прадстаўлены на суд журы ў секцыі “Малюнкі” і 22 – “Творчая майстэрня”; больш 30 – прадставілі свае даследчыя працы ў секцыі “Духоўная спадчына”; 85 чытальнікаў было заяўлена ў секцыі “Святыня народа” і больш 30 чалавек – 10 каманд – у інтэлектуальнай секцыі.

Частка секцый, якія праводзіліся ў завочнай форме, ужо падвяла вынікі, таму прадстаўнікам устаноў адукацыі былі ўручаны дыпломы пераможцаў, а таксама экзэмпляры зборнікаў з творамі пераможцаў секцыі “Мой творчы радок” за папярэдні год. Пасля гэтага ўдзельнікі чытанняў, згодна падазеных заявак, накіраваліся па сваіх секцыях, дзе ў хуткім часе закіпела работа ў барацьбе за перамогу. У гэтым можна было ўпэўніцца ціхенька зазірнуўшы ў аўдыторыю, дзе працавала кампетэнтнае журы, у складзе якога былі прадстаўнікі адукацыі розных устаноў і арганізацый горада, а ўдзельнікі чытанняў дэманстравалі свае артыстычныя здольнасці і інтэлектуальныя магчымасці. Па заканчэнні творчага працэсу ў кожнай з секцый былі падведзены вынікі. Па інфармацыі намесніка дырэктара гімназіі імя Я. Купалы па вучэбна-метадычнай працы Таццяны Барысевіч, сваіх уладальнікаў знайшлі каля 230 дыпломаў першай, другой і трэцяй ступеняў.


Але ж галоўнае, як было зазначана многімі педагогамі, якія прыехалі ў Мазыр са сваімі вучнямі, мэта гэтага свята накіравана на выхаванне ў падрастаючага пакалення нацыянальнай самасвядомасці, патрыятызму, цікавасці да культурнай спадчыны свайго народа, гісторыі і краіны, якую мы пяшчотна называем Белая Русь. Беларуская зямля мае слаўную гісторыю, яна багая на звычаі і традыцыі, яна нарадзіла знакамітых сыноў і дачок, сярод якіх і Юрась Свірка, які напісаў вось гэтыя пранікнённыя радкі: “//На карце вялікага свету// Яна як кляновы лісток, //Песня гарачага лета,//Крынічнай вады глыток. //І ты яе запомні імя,// Як неба, сонца і зару.//Твая зямля, твая радзіма,// Названа светла – Беларусь!”.

Наталля КАНОПЛІЧ. Фотаздымкі аўтара.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: