Лiтаратурна-творчая сустрэча да 140-годдзя са дня нараджэння паэта Беларусi Якуба Коласа адбылася ў Мазырскiм дзiцячым доме

217

Як толькі загучала песня «Мой родны кут» у выкананні ансамбля «Песняры», хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем пачалі падпяваць знаёмыя радкі.

Прыемная асалода ад беларускага слова, ад мовы нашай мілагучнай адлюстроўвала добразычлівыя погляды дзяцей. Пачаў свята Паша Ігнаценка, які прачытаў урывак з паэмы «Сымон-музыка» Якуба Коласа «О край родны, край прыгожы!». Потым два хлапчукі, апранутыя ў беларускае адзенне, паведамілі біяграфічныя звесткі народнага паэта. Далей суправаджэнне відэасюжэтаў перанесла ўсіх у родныя мясціны – туды, дзе нарадзіўся і дзе прайшло дзяцінства Кастуся Міцкевіча (сапраўднае імя паэта).

Вызваў інтарэс ў дзяцей запіс жывога голаса Якуба Коласа. Пасля гэтага пачалося літаратурнае чытанне вершаваных твораў паэта. Дзеці стараліся чытаць выразна, з нейкай індывідуальнай інтанацыяй. Потым познаёміліся з кніжнай выставай пад назвай «Уладар беларускага слова». Паглядзелі фотаздымкі пісьменніка, успомнілі яго выданні, творы. І, дарэчы, перайшлі да творчай працы: дзеці адбіралі сабе прыгатаваныя з каляровай паперы лісточкі – хто кляновыя, а хто дубовыя, пісалі на іх некалькі вершаваных радкоў з твораў Якуба Коласа і размалёўвалі цікавымі ўзорамі.

Мы павінны шанаваць памяць вялікага нацыянальнага песняра і яго творчасць, браць прыклад з яго любові да Бацькаўшчыны і да роднай мовы.

Алена КАСЦЯНКА, бібліятэкар
ДУА «Мазырскі дзіцячы дом».


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: