Сёння ў Мазырскім драматычным тэатры святкавалі дзень нараджэння класіка беларускай літаратуры Івана Паўлавіча Мележа

40

На вечар, прысвечаны Івану Паўлавічу, самаму вядомаму беларускаму палешуку, празаіку, драматургу, публіцысту, імя якого 30 гадоў з гонарам носіць наш тэатр, – прыехала шмат гасцей.


У зале было кіраўніцтва нашага раёна і сваякі Івана Мележа, якія жывуць і працуюць у Мазыры, мазырскія вучні, госці з хойніцкай зямлі: прадстаўнікі адміністрацыі Хойніцкага раёна і супрацоўнікі музея. Тэатральна-музычная кампазіцыя да дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Івана Паўлавіча Мележа «Адна тысячная таго, што адчувае маё сэрца» кранула да глыбіні душы.

Рыхтаваліся да свята старанна: у фае тэатра прыгожа аформілі выставу экспанатаў з Дома-музея І. П. Мележа, што ў вёсцы Глінішча, а таксама выставу мастацкіх твораў І. П. Мележа. Правялі віктарыну «Па старонках жыцця і творчасці Івана Мележа» на прызы Мазырскай раённай арганізацыі Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь», а таксама арганізавалі выставу-продаж работ Мазырскай фабрыкі мастацкіх вырабаў.


Рассеўшыся ў зале, госці пагрузіліся ў архіўныя дакументы пра Івана Паўлавіча, наталілі душу цеплынёй і дабрынёй яго творчасці, паглядзелі ўрыўкі са спектакля «Людзі на балоце» паводле твораў Івана Мележа ў пастаноўцы галоўнага рэжысёра мазырскага драмтэатра Рамана Цыркіна.


Было цікава паслухаць факты: славуты творца нашай краіны нарадзіўся на Палессі 8 лютага 1921 года ў весцы Глінішча Хойніцкага раёна, што ў 45-ці кіламетрах ад Мазыра. Пасля заканчэння сярэдняй школы з адзнакай у 1939 годзе паступіў у Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры і з першага курса быў прызваны ў Савецкую армію. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны – на фронце. Іван Мележ – лаўрэат шматлікіх літаратурных прэмій, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. У свой час быў прадстаўлены да двух ордэнаў. Пакінуў нам вялікую літаратурную спадчыну: напісаў 23 творы, якія названы адным словам – класіка. Дарэчы, «Палескую хроніку» Івана Паўлавіча ставяць ў адзін шэраг з «Ціхім Донам» Міхаіла Шолахава. Яго «Людзі на балоце» ўспрымаюцца не як празаічна-рэалістічны твор, а як гнуткая, няспешна-плаўная паэма. А выдатная проза натхняе, здымае стому, агрэсію і стварае паэтычны настрой. Мележ – паэт, роўны Коласу і Чорнаму. Яго творы экранізаваны, па матывах раманаў пастаўлены спектаклі ў тэатрах. Цікава, што ў 1970 годзе ў мазырскі тэатр на прэм’еру спектакля «Людзі на балоце» ў пастаноўцы рэжысёра, заслужанага дзеяча культуры БССР Міхаіла Коласа прыязджаў сам пісьменнік. Гэта была цэлая падзея ў культурным жыцці горада.


Як адзначыла былая артыстка Мазырскага народнага тэатра, член Саюза пісьменнікаў Галіна Мікалаеўна Дашкевіч, трэба любіць Палессе, шанаваць родную мову, i тады ўсё складзецца добра. Іван Мележ з цеплынёй называў беларускую мову ласкавай, мілагучнай, як песня. Такое надзвычай беражлівае стаўленне пісьменніка да роднай мовы спрыяла выпрацоўцы самабытнага стылю. Напэўна, у гэтым і сакрэт таленту нашага земляка. А яшчэ ў вялізнай душы і палымяным сэрцы, якое змяшчае найвялікшую любоў да роднага краю, да людзей, якія жывуць на палескай зямлі.

На жаль, пражыў Іван Паўлавіч толькі 55 гадоў, але разам з іншымі беларускімі класікамі стварыў грунтоўны падмурак для развіцця беларускай нацыі. Яго творы – магутны пасыл нацыянальнай годнасці, любові да Беларусі, гонару за сваіх людзей, які мы адчуваем праз многія дзесяцігоддзі.


Госці з хойніцкай зямлі прывезлі навіну: у в. Глінішча, на радзіме пісьменніка, прайшлі вялікія ўрачыстасці: Івану Паўлавічу пасмяротна прысвоілі званне – Ганаровы грамадзянін Хойніцкага раёна.

«Творчасць Івана Мележа дапамагае развівацца і ўздымацца нашаму тэатру на новы ўзровень. Так, спектакль «Людзі на балоце» ў 2021 годзе прынёс тэатру адразу дзве ўзнагароды на VI Рэспубліканскім конкурсе тэатральнага майстэрства «Нацыянальная тэатральная прэмія». Галоўны рэжысёр Раман Цыркін атрымаў дыплом лаўрэата ў намінацыі «Найлепшая работа рэжысёра ў спектаклі тэатра драмы», а артыст тэатра Міхаіл Кліменка атрымаў прэмію журы за ролю Халімона ў спектаклі «Людзі на балоце», – падкрэсліла вядучая мерапрыемства Таццяна Андрыеўская, кіраўнік літаратурна-драматургічнай часткі драмтэатра, і заклікала прысутных чытаць Мележа і перадаваць нашу слаўную літаратурную спадчыну будучым пакаленням.

Наталля КАНДРУСЕВІЧ.
Фота аўтара.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: